29 Апреля, 2026 Среда

Пасол Казахстана наведаў Радашковічы і ўсклаў кветкі да магілы земляка

  • 13 мая 2016 Общество Беларуская 0

    Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Казахстан у нашай краіне Ергалі Булегенаў напярэдадні Дня Перамогі наведаў Радашковічы. На мясцовых старых могілках у брацкай магіле пахаваны Народны Герой Казахстана Бахтурас Бейскбаеў, які быў членам гераічна загінулага ў небе над Радашковічамі экіпажа самалёта Аляксандра Маслава.

    У першы месяц Вялікай Айчыннай вайны лётчыкі здзейснілі наземны таран, накіравалі палаючы самалёт на калону варожай тэхнікі і загінулі каля вёскі Дзікшняны. Па шматгадовай традыцыі супрацоўнікі пасольства ў гэтыя майскія дні прыязджаюць у гарпасёлак, каб пакланіцца памяці земляка, ускласці кветкі на яго магілу. Сёлета ля абеліска, устаноўленага на брацкай магіле, прайшоў жалобны мітынг. Ергалі Булегенаў ушанаваў памяць земляка, адзначыў, што ў баях за Радзіму плячо ў плячо змагаліся людзі розных нацыянальнасцей. Мы, іх нашчадкі, не маем права аб гэтым забываць і павінны берагчы мір, за які нашы продкі аддалі жыццё.

    Тэму міру, удзячнай памяці прадоўжыў у сваім выступленні старшыня Маладзечанскага раённага Савета дэпутатаў Віктар Невяровіч. Разам з дарослымі кветкі да брацкай магілы ўсклалі вучні мясцовай школы-інтэрната, дзе створаны адзіны ў нашай краіне музей паветраных і вогненных тараноў, сабраны ўнікальныя экспанаты пра экіпажы лётчыкаў, якія загінулі ў небе над Радашковічамі. Асобны раздзел у ім прысвечаны экіпажу Аляксандра Маслава, ёсць матэрыялы і пра малодшага сяржанта стралка Бахтураса Бейскбаева, апошнім прытулкам для якога стала беларуская зямля.

    На фота — Пасол Рэспублікі Казахстан Ергалі Булегенаў, старшыня раённага Савета дэпутатаў Віктар Невяровіч разам з вучнямі школы-інтэрната ля абеліска.

     Фота: Аляксей ПЛАТКО.

    Автор: Анжаліка КРУПЯНЬКОВАМаладзечанская газета
    Теги: 

Комментарии (0)