19 Мая, 2026 Вторник

Біскуп Аляксандр Кашкевіч наведаў Вялікую Бераставіцу

  • 17 мая 2016 Общество Беларуская 0

    7 мая біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Аляксандр Кашкевіч наведаў Вялікую Бераставіцу, каб удзяліць сакрамэнт канфірмацыі шматлікім вернікам як мясцовай парафіі, так і парафіі Святога Антонія Падуанскага ў Малой Бераставіцы.

    Сакрамэнт канфірмацыі  — гэта сакрамэнт хрысціянскай сталасці.  Праз яго чалавек атрымлівае дары Святога Духа, якія ўзмацняюць  яго сувязь з Касцёлам, больш цесна ўключаюць  у хрысціянскую супольнасць і дапамагаюць  сведчыць пра сваю веру і словамі, і ўчынкамі. Той, хто прымае гэты сакрамэнт, павінен стаць сапраўдным вучнем Хрыста, які не саромеецца сваёй веры і  не баіцца абараняць яе.

    Моладзь і дарослыя на працягу года старанна рыхтаваліся да гэтай важнай падзеі ў сваім жыцці, на ўрачыстую святую Імшу, якую ўзначаліў біскуп Аляксандр Кашкевіч,  прыбыло шмат вернікаў і святары з дэканата.На пачатку Імшы біскупа шчыра прывіталі самыя маленькія вернікі з Вялікай Бераставіцы, моладзь і дарослыя  выказалі ўдзячнасць за магчымасць атрымаць адзін з галоўных сакрамэнтаў.Аляксандр Кашкевіч падзякаваў за сардэчны прыём і  запрасіў усіх  да супольнай малітвы за тых, хто рыхтуецца прыняць дары святога Духа.

    Кандыдаты  перад  прыняццем  сакрамэнту канфірмацыі  аднавілі свае прысягі хросту і звярнуліся з просьбай да біскупа аб удзяленні сакрамэнту Святога Духа. Разам са сваімі сведкамі яны падыходзілі да біскупа і праз ускладанне рук і намашчэнне хрызмам атрымлівалі  незнішчальны знак вызнаўцаў Хрыста.Біскуп Аляксандр Кашкевіч выказаў радасць, што праз сакрамэнт хрысціянскай сталасці парафія ўзбагацілася новымі рыцарамі арміі Хрыстовай, і прыпомніў маладым людзям аб тым, што дзе б яны ні былі, усюды павінны даваць сведчанне сваёй веры. Ён падзякаваў усім, хто падрыхтаваў гэтую ўрачыстасць, і  адзначыў, што святыня  ў Вялікай Бераставіцы значна змянілася за апошнія гады, папрыгажэла, дзякуючы клопатам ксёндза-пробашча а.Вальдэмара Слоты, але галоўнае, што яна не пустуе, тут шмат моладзі і дарослых вернікаў, цудоўны хор і прыкладная  літургічная служба. Біскуп пажадаў усім быць моцнымі ў веры і заўсёды аддаваць сябе пад апеку Найсвяцейшай Маці, якую Каталіцкі Касцёл асаблівым чынам ушаноўвае ў маі.

    На заканчэнне святой Імшы тыя, хто атрымаў сакрамэнт духоўнай сталасці, выказалі ўдзячнасць усім, хто дапамагаў ім падрыхтавацца да прыняцця дароў святога Духа, і паабяцалі быць годнымі сведкамі Уваскрослага Хрыста і жывым Евангеллем для іншых людзей. Фота аўтара

    Автор: Ірына МіклашБераставіцкая газета
    Теги: 

Комментарии (0)