14 Июля, 2024 Воскресенье

Жыццёва важна

  • 17 мая 2016 Общество Беларуская 0

    На пасяджэнні Баранавіцкага гарвыканкама, на якім разглядалася пытанне арганізацыі і перспектывы развіцця анкалагічнай дапамогі, былі запрошаны прадстаўнікі СМІ суседніх раёнаў. Справа ў тым, што ў зону абслугоўвання Баранавіцкага  гарадскога анкалагічнага дыспансера ўваходзяць Ляхавіцкі, Ганцавіцкі, Івацэвіцкі раёны. Удзел у пасяджэнні ўзяў намеснік старшыні Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта Леанід Цупрык, які курыруе сацыяльную сферу і які па рашэнні аблвыканкама замацаваны за нашым і Баранавіцкім раёнамі для аказання садзейнічання ў пытаннях сацыяльна-эканамічнага развіцця тэрыторыі і каардынацыі работы ўсіх арганізацый і службаў раёнаў з абласнымі і рэспубліканскімі. У абмеркаванні пытання прымалі ўдзел намеснік міністра аховы здароўя Вячаслаў Шыла і начальнік упраўлення аховы здароўя аблвыканкама Віктар Міхалоўскі.

    На Брэстчыне вядзецца маштабная работа па развіцці і ўдасканаленні анкалагічнай дапамогі. Леанід Цупрык падкрэсліў: «Барацьба з анкалогіяй – не проста важнае, а жыццёва важнае пытанне. Дзяржава не шкадуе сродкаў на аснашчэнне медустаноў найсучаснейшым высокатэхналагічным абсталяваннем, забеспячэнне неабходнымі лекавымі сродкамі».

    Леанід Аляксандравіч назваў, напрыклад, такія лічбы: 392 мільярды рублёў пайшло на маштабную мадэрнізацыю абласнога анка-дыспансера, з іх 120 мільярдаў зрасходавана на набыццё і ўстаноўку камп’ютарнага і магнітна-рэзананснага тамографаў, мамографа, бранхіятэрапеўтычнага апарату. Адна з дорагакаштуючых навінак (46,6 мільярда рублёў) – самы сучасны высокаэфектыўны лінейны паскаральнік для дыстанцыйнай прамянёвай тэрапіі пухлін рознай лакалізацыі. Намеснік старшыні аблвыканкама засяродзіў увагу на выніковасці работы анколагаў Брэстчыны: дзякуючы сучасным методыкам у дыягностыцы і лячэнні палепшылася якасць і працягласць жыцця хворых, вылечваемасць пацыентаў.

    Мадэрнізацыя ўстаноў аховы здароўя – важны складнік паспяховага лячэння. У Брэсцкай вобласці комплекс медыцынскага абсталявання – адзін з лепшых у краіне, адзначыў Леанід Цупрык. Пацыентам па вялікай колькасці дыягназаў цяпер не трэба ехаць за межы вобласці – лячэнне можна атрымаць у медустановах Брэстчыны. Леанід   Аляксандравіч назваў дастаткова высокім узровень анкалагічнай дапамогі, якую аказваюць жыхарам Баранавічаў, Баранавіцкага, Ляхавіцкага, Ганцавіцкага і Івацэвіцкага раёнаў спецыялісты гарадскога анкадыспансера.

    Будаўніцтва новых аб’ектаў аховы здароўя, рэканструкцыя, мадэрнізацыя дзеючых працягваецца. Напрыклад, Баранавіцкі анкадыспансер толькі за апошнія гады атрымаў эндавідэаскапічнае абсталяванне і апараты ультрагукавой дыягностыкі высокага класа, якія дазваляюць выяўляць злаякасныя пухліны на ранніх стадыях і своечасова іх аперыраваць, лячыць перадракавыя захворванні. З адным выхадным днём у нядзелю працуе мамограф. Стаіць пытанні аб набыцці другога.

    Вячаслаў Шыла акцэнтаваў увагу на праблеме, агучанай Леанідам Цупрыкам: на ўважлівых адносінах людзей да свайго здароўя, на выкарыстанні ўсіх магчымасцяў бясплатнай медыцыны. Бясплатнай – для грамадзяніна, але не для дзяржавы.

    Па словах Віктара Міхалоўскага прадоўжыцца скрынінгавая праграма з мэтай ранняга выяўлення злаякасных новаўтварэнняў малочнай залозы ў жанчын і прастаты – у мужчын. У мінулым годзе вынікі рэалізацыі пілотнага праекта пацвердзілі яго эфектыўнасць.

    Леанід Цупрык пацікавіўся ў кіраўнікоў структурных медыцынскіх падраздзяленняў Баранавічаў, як наладжана ўзаемадзеянне з раённымі анколагамі. Акцэнтаваў увагу на даступнасці гэтай дапамогі ў тым ліку і для жыхароў аддаленых вёсак: наколькі часта бываюць там медыкі з прафілактычнымі аглядамі, як наладжаны транспартныя зносіны –  наколькі зручна вяскоўцам дабірацца ў медустановы. Закраналася пытанне арганізацыі прыёму тэрапеўтамі, хірургамі, гінеколагамі, іншымі вузкімі спецыялістамі ва ўрачэбных амбулаторыях, ФАПах, што спрыяе ранняму выяўленню злаякасных пухлін. А чым раней зроблена дыягностыка, тым большая верагоднасць станоўчых вынікаў лячэння. Няма і не павінна быць праблем з запісам на кансультатыўны прыём да ўрачоў-анколагаў у раённыя паліклінікі і ў анкадыспансер.

    Леанід Цупрык перакананы, што акрамя бюджэтнага, неабходна развіваць і іншыя крыніцы фінансавання аховы здароўя, у прыватнасці – страхавую медыцыну. Неабходна вызначыць пералік спецыяльнасцей, якія падлягаюць абавязковаму медыцынскаму страхаванню. Вельмі важны аспект: гарантыя праходжання прафілактычных медаглядаў членамі калектыву.

    Пытанне, якое разглядалася на пасяджэнні Баранавіцкага гарвыканкама, бясспрэчна, важнае і актуальнае. Яно на пастаянным кантролі ўлады. Але як бы ні стараліся медыкі, якія б грошы дзяржава ні ўкладала ў развіццё медыцыны, многае залежыць ад адносін чалавека да ўласнага здароўя. На гэтай думцы акцэнтаваў увагу намеснік старшыні аблвыканкама Леанід Цупрык. Праходжанне дыспансерызацыі, выкананне ўсіх рэкамендацый урачоў, здаровы лад жыцця, адмова ад шкодных звычак, правільнае харчаванне – лепшыя спадарожнікі на шляху да здароўя.

    «Ляхавіцкі веснік»

    Фота газеты “Наш край” .

    На фота:Намеснік старшыні аблвыканкама Леанід Цупрык (справа) працягвае размову па тэме з намеснікам міністра аховы здароўя Вячаславам Шылам, начальнікам упраўлення аховы здароўя аблвыканкама Віктарам Міхалоўскім, галоўнымі ўрачамі Баранавіцкай цэнтральнай паліклінікі і анкадыспансера Васіліем Раманоўскім і Леанідам Валадкевічам.

    Автор: Галіна КАНЬКОЛяхавіцкі веснік

Комментарии (0)