Славенскі Марыбор папоўніў спіс замежных гарадоў і адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак, з якімі Маладзечанскі раён устанавіў партнёрскія адносіны.
16 мая ў малой зале Палаца культуры прайшла цырымонія падпісання мемарандума аб супрацоўніцтве. З нашага боку подпіс пад дакументам паставіў старшыня райвыканкама Аляксандр Яхнавец, са славенскага – кіраўнік муніцыпалітэта горада Марыбор Андрэй Фіштравец.
— Мы жывём у глабальным свеце, – заўважыў мэр Марыбора. – Гэта значыць, што ўсе мы залежым адзін ад аднаго, што вельмі высока цэняцца цёплыя чалавечыя адносіны. Бачу магутны чалавечы патэнцыял – і ў вас, у Маладзечне, і ў нас, у Марыборы.
Вітаючы гасцей і прадстаўнікоў грамадскасці Маладзечаншчыны, Аляксандр Яхнавец падкрэсліў важнасць падзеі, якая паспрыяе наладжванню двухбаковых адносін.
— Марыбор стане дваццаць другім па ліку нашым партнёрам. У Маладзечанскім раёне даволі развітыя прамысловасць, сельская гаспадарка, сацыяльная сфера і культура, ёсць што прапанаваць славенскаму боку, – працягваў старшыня райвыканкама. – Значны ўклад у развіццё двухбаковых эканамічных адносін могуць унесці суб’екты малога і сярэдняга бізнесу – іх на Маладзечаншчыне больш за пяць тысяч. Хачу пажадаць нашым народам міру і росквіту.
Кіраўнік раённай улады і мэр Марыбора абмяняліся памятнымі сувенірамі: у Славенію паедзе льняная лялька ў нацыянальным строі, у нас застанецца факсімільная копія дакумента пра першае ўпамінанне аб Марыборы.
У размове з журналістамі Андрэй Фіштравец прызнаўся, што яму вельмі падабаецца Беларусь, падабаюцца людзі, прырода. Славенскія сябры бачаць нямала кірункаў для ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва. Першым праектам можа стаць узвядзенне ў Маладзечне завода па перапрацоўцы бытавых адходаў – сучаснага высокатэхналагічнага і экалагічнага прадпрыемства.
Цяпер Маладзечна мае сяброў у Расіі, Польшчы, Літве, Балгарыі, Германіі, Малдове, ва Украіне і Славеніі.
На карце Еўропы
Рэспубліка Славенія – частка былой Югаславіі – стала незалежнай дзяржавай у 1991 годзе, у 2004-м уступіла ў Еўрапейскі саюз. Насельніцтва крыху перавышае 2 мільёны чалавек, сталіца – Любляна. Асноўная рэлігія – каталіцызм.
Мяжуе з Італіяй на захадзе, Венгрыяй на ўсходзе, Аўстрыяй на поўначы і Харватыяй на поўдні. Мае невялікі выхад да Адрыятычнага мора.
Нягледзячы на тое, што славенцы, звыш 85 працэнтаў якіх — патомкі старажытных славян, рана страцілі палітычную незалежнасць і доўгі час былі пад уладай іншых народаў, яны змаглі захаваць сваю мову, багатую культуру і нацыянальныя традыцыі. Узровень жыцця, аховы здароўя, адукацыі ў Славеніі даволі высокі.
Горад Марыбор – другі па маштабах у Славеніі – знаходзіцца на паўночным усходзе краіны, на рацэ Драва, і з’яўляецца важным прамысловым, транспартным, адукацыйным, культурным і турыстычным цэнтрам. У горадзе з 1961 года існуе ўніверсітэт.

Комментарии (0)