29 Марта, 2024 Пятница

IT-праекты прыжываюцца ў школах раёна

  • 25 мая 2016 Общество Беларуская 0

    Тры дыпломы атрымалі нашы настаўнікі ў Рэспубліканскім конкурсе “IT-рашэнні для адукацыі будучыні”. Два дыпломы I ступені з гэтага конкурсу прывезлі ў раён настаўнікі ДУА “Косаўская СШ” Ала Фёдараўна Ляховіч і Ганна Аляксееўна Левашэня. З гэтага навучальнага года школа ўзяла курс на IT-тэхналогіі і пачала ўдзел у маштабным інавацыйным праекце “Укараненне мадэлі Рэспубліканскага інавацыйнага цэнтра як кампанента адзінай адукацыйнай прасторы”. Праект накіраваны на фарміраванне грамадзянска-патрыятычных якасцей асобы праз арганізацыю краязнаўчай дзейнасці ў сістэме адукацыйнага асяроддзя школы. І работа гэтая праходзіць праз сучасныя інавацыйныя тэхналогіі, без якіх, вядома, сёння не абыходзяцца адукацыя і жыццё ўвогуле.

    Так, крыху больш за паўгода працуе праект у школе, а настаўнікі ўжо дасягнулі поспехаў і дзеляцца вопытам з калегамі. Усяго тры ўстановы адукацыі ў вобласці працуюць па праекце, а ўвогуле большасць удзельнікаў – гэта гімназіі і ліцэі. Косава, так бы мовіць, замахнулася моцна і не здарма. Два дыпломы атрыманыя ў адной з самых шматлікіх намінацый “IT-магчымасці ў выхаваўчай рабоце”. Настаўніца пачатковых класаў Ала Фёдараўна Ляховіч сама стварыла сеткавы праект “Падарожжа да вытокаў”, які разлічаны на два навучальныя гады і складаецца з чатырох этапаў. Зараз другакласнікі працуюць над этапам “Я і сям’я”, далей будуць раздзелы “Я і школа”, “Я і малая Радзіма”, “Я і краіна”. Як вызначае праект сам аўтар, ён накіраваны на ўзаемадзеянне вучня, бацькоў і настаўніка і разлічаны ў асноўным на пазакласную работу. Для кожнага этапу падрыхтаваны цікавыя заданні, якія кожны зарэгістраваны вучань знаходзіць на сайце школы. Заданні творчыя і за іх выкананне вучань можа атрымаць медаль – такая сістэма заахвочвання.

    Заданні цікавыя нават дарослым, адзначае Ала Фёдараўна, бацькі з ахвотай далучаюцца да праекта. Тут віктарыны, лабірынты, прымаўкі, прыказкі і іншае. З апошняга – сямейнае дрэва. Яго можна было стварыць у электронным выглядзе або на паперы, дык цяпер у класе цэлая калекцыя такіх сямейных дрэваў, ёсць сярод іх і выцінанка. Так, кожны наступны этап больш складаны і глабальны, далей школьнікі пазнаёмяцца з музеямі і гісторыяй школы, горада, а пасля краіны.

    Яшчэ адзін праект-пераможца – патрыятычны вэб-сайт “Коссово-Life”– таксама нарадзіўся ў верасні, аднак будаваўся ён на надзейным падмурку груп у сацыяльных сетках. Яшчэ восем гадоў таму настаўніца рускай мовы і літаратуры Ганна Аляксееўна Левашэня стварыла дзве групы ў “Аднакласніках”, адна з іх была прысвечаная Косаўскай школе, другая – гораду Косава. Групы існуюць і сёння, і, трэба сказаць, яны шматлікія, а вось сайт сёння – навінка.

    – Наш сайт удала суседнічае са школьным, бо выконвае іншыя задачы – расказваць жыхарам Косава і не толькі пра гісторыю горада і яго таленавітых людзей, у тым ліку і пра дзейнасць школы, але гэта толькі адна з шэрагу тэм, – расказвае Ганна Аляксееўна. – Тут з’яўляюцца творчыя і даследчыя работы нашых вучняў і настаўнікаў. Дарэчы, я рада буду бачыць у нас і іншых аўтараў. Мы гатовыя супрацоўнічаць з жыхарамі горада і даследчыкамі. Лічу нашу работу ўдалай, у нас ужо каля 400 пастаянных карыстальнікаў, усё больш наведвальнікаў сайта назіраецца штодня.

    Задача сайта таксама ў патрыятычным выхаванні. Цікава, што такі праект – справа рук маці і сына. У стварэнні сайта Ганне Аляксееўне дапамог сын, вучань 10 класа Аляксей Левашэня. Кантэнт сайта разнастайны: тут ёсць укладкі “Беларусь”, “Асобы”, “Гісторыя”, “Школа майго жыцця”. Запыніла ўвагу ўкладка “Радавод”, тут размешчаныя ваенныя гісторыі косаўскіх сямей. Вучні расказваюць пра подзвігі дзядуль і бабуль у Вялікай Айчыннай вайне.

    Дыплом II ступені ў намінацыі “IT-педагог” за настаўніцай інфарматыкі ДУА “СШ №3 г. Івацэвічы” Галінай Адамаўнай Стаскевіч. Кошт гэтай узнагароды асабліва высокі, бо тут на суд журы былі прадстаўлены 248 работ(!). Адукацыйны блог настаўніцы прыйшоўся па густу школьнікам, па яго сродках цікава здабываць веды, ды і журы ў выніку высока ацаніла работу Галіны Адамаўны. Вось ужо два гады педагог выкарыстоўвае на ўроках адукацыйны блог “Информатика для инфо-знаек”. Ён разлічаны на вучняў 6-11 класаў і змяшчае шэраг тэарэтычных і творчых заданняў па пэўных тэмах. Заданні разлічаны як на класную, так і на пазакласную работы. Некалькі слоў пра арганізацыю блога: ёсць тут сістэма ацэнкі, а таксама спецыяльныя значкі з падказкамі, тэарэтычнымі звесткамі па тэме, да якіх дазволена звяртацца падчас выканання заданняў. Па сутнасці, гэта яшчэ своеасаблівы электронны падручнік. І калі прасачыць за колькасцю наведванняў і станоўчых каментарыяў у блогу саміх вучняў, бачна, што ім такая сістэма падабаецца.

    Нашы настаўнікі зрабілі стаўку на тэхналогіі, за якімі, вядома, будучыня. І ўсе тры праекты аказаліся ўдалымі. Віншуем педагогаў з узнагародамі!

    Наталля ГЕРБЕДЗЬ.

    Автор: Наталля ГЕРБЕДЗЬІвацэвіцкі веснік

Комментарии (0)