07 Мая, 2024 Вторник

Што католікі Магілёва будуць святкаваць ў нядзелю, 29 мая?

  • 26 мая 2016 Общество Беларуская 0

    У хуткім часе, 29 мая, вернікі Магілёва пройдуць у працэсіі Божага Цела па вуліцах горада, а 26 мая ўвесь Каталіцкі Касцёл адзначыць гэтую ўрачыстасць.

    Божае Цела адзначаецца ў чацвер пасля ўрачыстасці Найсвяцейшай Тройцы, таму што менавіта ў чацвер Езус Хрыстус устанавіў сакрамэнт Эўхарыстыі (Вялікі чацвер). Ва ўрачыстасць Божага Цела Касцёл складае падзяку Збаўцу за дар Найсвяцейшага Сакрамэнту, у якім Ён сам прабывае для свайго народа.

    — Што такое працэсія Божага Цела і адкуль яе вытокі?

    — Працэсія Божага Цела — гэта эўхарыстычная працэсія, якая адбываецца ў гэты дзень або ў наступную пасля яго нядзелю. Праходзіць яна звычайна навокал касцёла ці па вуліцах горада і затрымліваецца каля чатырох алтароў, дзе чытаюцца ўрыўкі з Евангелля і прамаўляюцца гаміліі.

    Святкаванне ўрачыстасці Божага Цела было ўведзена ў XII ст. пасля аб’яўленняў благаслаўлёнай Юліяне (1193–1258 гг.), настаяцельніцы кляштара аўгустынак, які знаходзіўся пад Льежам (Бельгія).

    Благаслаўлёная неаднойчы мела бачанне месячнага дыску з чорнай плямай. Інтэрпрэтавалі гэта як знак адсутнасці ў літургічным каляндары дня, прысвечанага ўшанаванню Найсвяцейшага Сакрамэнту. Пасля аб’яўленняў у 1246 г. мясцовым біскупам для дыяцэзіі ў Льежы было ўстаноўлена свята Божага Цела.

    З цягам часу свята пачало набіраць папулярнасць, і ў 1264 г. папа Урбан IV устанавіў свята Corpus Christi (Божага Цела) ва ўсім Касцёле.

    — Ці ў Магілёве таксама ладзілася ў мінулым працэсія Божага Цела?

    — Таксама ў Магілёве ладзілася вялікая працэсія па сучаснай вул. Ленінскай з нагоды гэтай урачыстасці. На жаль, часы закрыцця і пераследу Касцёла на магілёўскай зямлі знішчылі глыбокую духоўнасць тагачаснага Касцёла, і толькі 26 чэрвеня 2011 г. традыцыя агульнамагілёўскай працэсіі Божага Цела была адноўлена і працягвае сваё існаванне.

    — Як будзе выглядаць працэсія Божага Цела ў Магілёве ў гэтым годзе?

    — Урачыстасць распачнецца Святой Імшой а 11 гадзіне ў Катэдры Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і Святога Станіслава з удзелам усіх святароў, кансэкраваных асобаў, дзяцей і вернікаў Магілёва. Пасля Святой Імшы Найсвяцейшы Сакрамэнт у працэсіі будзе пранесены з касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і Св. Станіслава па вуліцы Лазарэнкі да польскіх могілак у капліцу св. Антонія. Так, як прадугледжвае рытуал, затрымаемся чатыры разы, каб паслухаць Божага Слова і блаславіць наш горад і вернікаў. На завяршэнне працэсіі адбу-дзецца Эўхарыстыя для тых вернікаў, хто прыйшоў толькі на працэсію.

    — Чым стане працэсія Божага Цела ў Магілёве для католікаў?

    — Агульнамагілёўская ўрачыстасць Божага Цела стане для магілёўскіх католікаў магчымасцю публічна вызнаць сваю веру ў прысутнасць Хрыста пад відам хлеба і віна. У кансэкраваным хлебе і віне жывы і праслаўлены Хрыстус сапраўды прысутнічае рэальна і матэрыяльна — са сваім Целам і Крывёю, душою і Боскасцю. Менавіта таму Касцёл хоча, каб Эўхарыстычны Хрыстус благаславіў палі, дамы, месцы працы вернікаў і ўсю нашу Бацькаўшчыну.

    На пытанні рэдакцыі адказваў Біскуп вікарый для горада Магiлёва і Магілёўскай вобласці

    Аляксандр Яшэўскі, SDB

    Автор: Аляксандр Яшэўскі, SDBДнепровская неделя
    Теги: 

Комментарии (0)