19 Апреля, 2024 Пятница

Юбіляр – тэхнічны ўніверсітэт

  • 27 мая 2016 Общество Беларуская 0

    Нагодай для ўрачыстага сходу і святочнага канцэрта ў Брэсцкім дзяржаўным тэхнічным універсітэце напрыканцы мінулага тыдня стала 50-годдзе вышэйшай навучальнай установы

    У шэрагу юбілейных мерапрыемстваў у Брэсцкім дзяржаўным тэхнічным універсітэце сход, што прайшоў напрыканцы мінулага тыдня, вылучаўся статуснасцю гасцей. Справа ў тым, што павіншаваць універсітэт-юбіляр прыйшлі і яго выпускнікі, і прадстаўнікі мясцовай улады. 

    Гісторыя БрДТУ пачалася ў 1966 годзе – у Брэсце адкрылі інжынерна-будаўнічы інстытут. Потым нейкі час ён быў політэхнічным інстытутам, а ў гісторыі суверэннай Беларусі стаў Брэсцкім дзяржаўным тэхнічным універсітэтам. Як падкрэсліў рэктар БрДТУ Пётр Пойта, у сценах вышэйшай навучальнай установы атрымалі дыпломы больш за 40 тысяч выпускнікоў, якія паспяхова працуюць у розных галінах айчыннай эканомікі і ў замежжы. Універсітэт умацоўвае свае пазіцыі ў нацыянальным і сусветным рэйтынгах, а ўкараненне навуковых распрацовак БрДТУ ў прамысловую вытворчасць з’яўляецца гонарам ВНУ. Брэсцкі тэхнічны супрацоўнічае з універсітэтамі Францыі і Германіі, Польшчы і Расіі, Кітая і Карэі, Украіны і Літвы. Тут вучацца студэнты з 16-ці краін свету. Пра гэтыя і іншыя здабыткі ўніверсітэта гаварылі на ўрачыстасці ганаровыя госці – старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Міхаіл Мясніковіч, міністр адукацыі Міхаіл Жураўкоў, старшыня РГА “Белая Русь” Аляксандр Радзькоў, першы намеснік старшыні аблвыканкама Мікалай Токар, старшыня абласнога Савета дэпутатаў Сяргей Ашмянцаў, кіраўнік Брэсцкага гарвыканкама Аляксандр Рагачук…

    Міхаіл Жураўкоў зачытаў віншаванне Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі супрацоўнікам і студэнтам БрДТУ. У ім Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ВНУ забяспечвае высокі ўзровень падрыхтоўкі спецыялістаў шэрагу запатрабаваных спецыяльнасцей, надае вялікую ўвагу інавацыйнай дзейнасці, а вынікі фундаметальных і прыкладных даследаванняў атрымалі прызнанне айчыннай і сусветнай навуковай супольнасці.

    Міністр адукацыі ўручыў універсітэту сертыфікат на 300 мільёнаў рублёў для ўмацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы.

    – Універсітэт адбыўся ў поўным сэнсе гэтага слова, – адзначыў Міхаіл Мясніковіч (дарэчы, выпускнік БІСІ 1972 года). – Тут рыхтуюць цудоўных спецыялістаў, вядуць сур’ёзныя навуковыя даследаванні. Прафесарска-выкладчыцкі састаў і студэнты актыўна ўдзельнічаюць у грамадска-палітычным жыцці рэгіёна, а выпускнікі займаюць вядучыя пазіцыі ў краіне і за мяжой. Я ніколі не шкадаваў і не шкадую, што вучыўся і закончыў гэтую ВНУ. Я ганаруся гэтым! 

    Міхаіл Мясніковіч у імправізаванай кузні ля ўваходу ва ўніверсітэт адчаканіў юбілейную манету, а яшчэ падарыў сваёй альма-матар сучасны мультымедыйны комплекс.

    Прывітальны адрас старшыні абласнога выканаўчага камітэта Анатоля Ліса зачытаў Мікалай Токар. Губернатар у сваім прывітанні падкрэсліў: універсітэт з’яўляецца прыкладам пастаяннага руху наперад і выхоўвае прафесіяналаў высокай пробы.

    Автор: Аляксей ТаболічНародная трыбуна

Комментарии (0)