Маркаўская сярэдняя школа самая малалікая ў раёне сярод сярэдніх навучальных устаноў — тут займаецца 91 вучань. Сёлета ў ёй 9 выпускнікоў.
Між тым па выніках мінулага года яна названа лепшай установай адукацыі. Двойчы за апошні час калектыў школы быў змешчаны на раённай Дошцы гонару. Чым жа адметная сельская ўстанова адукацыі, пра якую ведаюць не толькі ва ўсёй Беларусі, але нават у… Маскве?
Вучаніца года Міншчыны
Зусім нядаўна дзесяцікласніца Маркаўскай СШ Вольга Сахар удзельнічала ў V Міжнароднай навукова-даследчай канферэнцыі «Аб’яднаемся ведамі», што праходзіла ў адной з маскоўскіх гімназій. Выступіла вельмі ўдала, за сваю работу была ўзнагароджана дыпломам, якіх багата ў скарбонцы дапытлівай вучаніцы. Двойчы яна адзначалася дыпломам II ступені на рэспубліканскім конкурсе даследчых работ па беларускай літаратуры. Дзяўчына заахвочана спецфондам Прэзідэнта па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў, уключана ў банк даных адоранай моладзі краіны, удастоена звання «Вучань года Мінскай вобласці». Здольнасці Вольгі заўважыла і дапамагла рэалізаваць настаўніца беларускай мовы і літаратуры Кацярына Ермаковіч – надзвычай творчы малады педагог, магістр філалагічных навук. У мінулым годзе яна закончыла аспірантуру Нацыянальнага інстытута адукацыі, і яе запрасілі на работу ў Нацыянальную акадэмію навук, аднак па-ранейшаму яе асноўнае месца працы – Маркаўская школа. Кацярына – яе выпуск-
ніца, прадстаўніца сямейнай дынастыі педагогаў у трэцім пакаленні. Тут выкладаў яе дзядуля, намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце працуе мама Іна Васільеўна.
Дружба са школьнай парты
Дзявяцера з дваццаці педагогаў гэтай школы — яе выпускнікі. Сярод іх і настаўніца беларускай мовы Ларыса Сапач, настаўніца рускай мовы Таццяна Кот. У школе яны сядзелі за адной партай, разам вучыліся ў педагагічным інстытуце, наймалі кватэру. Ларыса Фёдараўна адразу вярнулася ў родную школу, Таццяна Аляксандраўна спачатку працавала ў Беніцкай, затым перайшла ў Маркаўскую. Цікава, што ў Маркаве сяброўкі жывуць на адной вуліцы, у кожнай з іх ёсць дачка і сын — таксама равеснікі. Настаўніцы з цеплынёй прыгадваюць свае школьныя гады, класнага кіраўніка Ірыну Семашкевіч. Яны зазначаюць, што ў іх школе вучні не толькі атрымліваюць веды, але і спасцігаюць важныя жыццёвыя ўрокі: «У гэтых сценах жыве душэўнасць, мы тут як адна сям’я. І вучні нашы вылучаюцца сваёй дабрынёй, шчырасцю, сумленнасцю».
Падтрымліваецца творчасць
«Калектыў у нас вельмі стабільны, палова педагогаў працуе звыш пятнаццаці гадоў», — гаворыць дырэктар Алена Матвеенка, якая ў 1992-м прыйшла сюды настаўніцай пачатковых класаў, затым была намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце. У 2013 годзе Алена Пятроўна ўвайшла ў лік пераможцаў абласнога конкурсу сярод маладых дырэктараў устаноў адукацыі. У ліку самых вопытных сваіх калег яна называе былога кіраўніка ўстановы Наталлю Нагіх, якая аддала школе 41 год. Дырэктар стараецца падтрымліваць творчасць педагогаў, і гэта дае свой плён. Настаўніца пачатковых класаў Святлана Гарэлік неаднойчы перамагала ў раённых конкурсах. Вось і нядаўна выкананую пад яе кіраўніцтвам работу вучня Антона Моніда можна было ўбачыць на раённай канферэнцыі «Разумнікі і разумніцы». Намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Марына Кошман – сярод пераможцаў раённага конкурсу на лепшае пазакласнае мерапрыемства. Парадавала настаўнікаў дзесяці-
класніца Ганна Войтка, якая заняла першае месца ў раённым этапе абласнога конкурсу сачыненняў, прысвечаных 55-годдзю Беларускага фонду міру.
Спорт у пашане
Яшчэ адна адметнасць школы – добрая спартыўная падрыхтоўка яе вучняў. У каго з хлопцаў-старшакласнікаў ні спытай, які ў іх любімы від спорту, адказ будзе нязменным – валейбол. І сапраўды, маркаўскія вучні вядомыя як моцныя валейбалісты. У раённых спаборніцтвах іх каманда займае першае месца сярод сельскіх школ, летась у абласных былі другімі.
Стральба, шашкі, міні-футбол, лёгкая атлетыка – і па гэтых відах спорту маркаўцы паказваюць выдатныя вынікі. Іх кубкі і дыпломы – пацвярджэнне зацікаўленага падыходу настаўні-
ка фізічнай культуры і здароўя Юрыя Шынгеля. Шмат гадоў сярод вучняў школы не рэгіструюцца правапарушэнні, і гэта таксама важкі плён спартыўнай, выхаваўчай работы.
Сюды хочацца вярнуцца
Сёлета школу заканчваюць дзявяцера выпускнікоў – сямёра хлопцаў і дзве дзяўчыны. Яны з цеплынёй гавораць пра сваіх настаўнікаў, расказваюць пра школьныя мерапрыемствы. Самае адметнае сярод іх – традыцыйнае асенняе свята ўраджаю, якое праводзіцца з моманту існавання школы. І гэта сімвалічна: паважаць чалавека працы, земляроба вучаць тут з маленства. Усе адзінаццацікласнікі вызначыліся ўжо з выбарам будучай прафесіі. Дзве Дашы – Варпаховіч і Лукашэвіч – будуць паступаць у медыцынскі каледж, у іх з дзяцінства адна мара – стаць фельчарам. Прэтэндэнт на залаты медаль Юрый Рагуновіч паспяхова прайшоў медыцынскі адбор для паступлення ў Акадэмію МУС, ён хоча быць экспертам-крыміналістам. Максім Скарынка выбраў Ваенную акадэмію. А вось Уладзіслаў Бабей імкнецца дасканала авалодаць камп’ютарнымі тэхналогіямі і вучыць гэтаму іншых. Ён выбраў для сябе педагагічны ўніверсітэт. Мы спыталі ў юнака, ці вярнуўся б ён у якасці настаўніка ў сваю школу. «За адзінаццаць гадоў яна стала для мяне вельмі блізкай. Палічыў бы за гонар тут працаваць», — адказаў, не задумваючыся, Уладзіслаў. У гэтым і заключаецца галоўны сакрэт поспеху школы, у якую хочацца вярнуцца…
Фота: Аляксей ПЛАТКО.

Комментарии (0)