03 Мая, 2024 Пятница

30 мая для выпускнікоў школ прагучаў апошні званок

  • 30 мая 2016 Общество Беларуская 0

    Сёлетнія выпускнікі – гэта вучні, якія прыйшлі ў першы клас у 2005 годзе. Насіць традыцыйную школьную форму – карычневыя сукенкі з чорнымі або белымі фартушкамі – дзяўчынкам ужо не давялося. Але, аддаючы даніну традыцыям, большасць з іх прыйшла на развітальную лінейку менавіта ў такіх убраннях. Вобразы сапраўдных школьніц каларытна дапаўнялі белыя гольфы, чорныя туфелькі і касічкі з уплеценымі ў іх гафрыраванымі банцікамі.

    У гімназіі сёлета два выпускныя класы. У школе гэты дзень пастараліся зрабіць прыгожым і ўрачыстым. Да яго рыхтаваліся настаўнікі, бацькі і, канечне ж, самі выпускнікі. Павіншаваць віноўнікаў свята прыйшлі самыя малодшыя вучні школы – першакласнікі, якія падарылі старэйшым сябрам маленькія званочкі – сімвалы апошняга школьнага званка. Падчас урачыстай лінейкі выпускнікі прынялі пажаданні і парады ад сваіх настаўнікаў, бацькоў, дырэктара гімназіі Ірыны Дурэйкі.

    Шчырыя словы прагучалі і з вуснаў саміх выпускнікоў. Яны падзякавалі настаўнікам, якія доўгія гады вучылі і выхоўвалі, падзякавалі бацькам, якія былі і застаюцца побач. А сваім малодшым сябрам яны пажадалі поспехаў у школьным жыцці, якое для іх толькі пачынаецца.

    Адзінаццаць гадоў – вялікі адрэзак часу. Са школай звазаны першыя поспехі, першыя дасягненні. Падчас урачыстасці ўзнагароджвалі пераможцаў алімпіяд, актыўных танцораў, спевакоў і ўдзельнікаў розных мерапрыемстваў, лепшых спартсменаў і проста добрасардэчных вучняў. Многія выпускнікі некалькі разоў падымаліся на імправізаваную сцэну па чарговую ўзнагароду.

    Юнакоў і дзяўчат наперадзе чакае хвалюючая пара – экзамены, паступленне ў навучальныя ўстановы. Выпускнікі вераць, што ўсё атрымаецца, і ўсе яны разам у наступным годзе збяруцца на сваім першым вечары сустрэчы.

    Автор: Таццяна ЧАРНЯЎСКАЯ.Светлы шлях

Комментарии (0)