23 Апреля, 2024 Вторник

Нам ёсць чым падзяліцца

  • Общество Беларуская 0

    Для мяне вялікі гонар і адказнасць прадстаўляць калектыў універсітэта на Усебеларускім народным сходзе. Несумненна, на ім будуць абмяркоўвацца актуальныя пытанні павышэння якасці адукацыі, развіцця вышэйшай школы.

    Нам ёсць чым ганарыцца: толькі за апошнія 5 год ва ўніверсітэце адкрыта 8 новых спецыяльнасцей, сярод якіх – “Камп’ютарная фізіка”, “Практычная псіхалогія”, “Сацыяльная педагогіка”, “Гісторыя (паліталогія)” і шэраг іншых, а таксама 6 спецыялізацый. Сёлета ўпершыню набіраем абітурыентаў на спецыяльнасць “Лагапедыя” і спецыялізацыю “Медыцынская псіхалогія”. Новыя спецыяльнасці адкрыты таксама на 2-й ступені вышэйшай адукацыі, у магістратуры – “Сацыяльная псіхалогія”, “Веб-праграмаванне і інтэрнэт-тэхналогіі”, “Інавацыі ў навучанні замежным мовам”, “Псіхалагічнае кансультаванне і псіхакарэкцыя”, “Інавацыйныя тэхналогіі ў сферы турызму і гасціннасці”. Пра якасць падрыхтоўкі нашых маладых спецыялістаў сведчыць іх запатрабаванасць на рынку працы: сёлета ўсе выпускнікі дзённай формы атрымання адукацыі, якія навучаліся за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту, атрымалі першае працоўнае месца. 

    У адукацыйных паслугах Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна зацікаўлены і замежныя грамадзяне. Тут вучыцца больш за 450  студэнтаў з краін Сярэдняй Азіі, Грузіі, Расіі, Украіны, Азербайджана,  Літвы, Турцыі, ЗША, Англіі, КНР, Паўднёвай Карэі. Пасля атрымання дыплома ўсе яны без цяжкасцей уладкоўваюцца на працу ў сваіх краінах. 

    Многа ўвагі надаём пытанням практыкаарыентаванасці навучальнага працэсу. Дзейнасць  універсітэта ў першую чаргу накіравана на падрыхтоўку кадраў, здольных генерыраваць новыя ідэі, ствараць і ўкараняць інавацыйныя распрацоўкі ў вытворчасць і сацыяльную сферу, а таксама на развіццё ў студэнтаў сацыяльна-прафесійных якасцей, якія дазволяць ім паспяхова выконваць службовыя задачы, узаемадзейнічаць з  людзьмі, самаўдасканальвацца.

    Каб павысіць канкурэнтаздольнасць і прэстыж падрыхтоўкі маладых спецыялістаў, намі распрацавана сістэма ўзаемадзеяння з арганізацыямі-заказчыкамі і практыка-арыентаваны падыход да арганізацыі навучання. Кафедрам актыўна дапамагаюць базавыя арганізацыі ўніверсітэта – аддзелы адукацыі спорту і турызму раённых і гарадскіх выканкамаў, кампаніі “ERICPOL Brest” і “ЭПАМ Сістэмз” (яны спецыялізуюцца на распрацоўцы праграмнага забеспячэння для бізнес-праектаў), абласны камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольгага асяроддзя, Следчы камітэт  Рэспублікі Беларусь па Брэсцкай вобласці і іншыя. Прадстаўнікі гэтых арганізацый чытаюць у нас спецкурсы, кіруюць падрыхтоўкай дыпломных прац і магістарскіх дысертацый, прымаюць удзел у распрацоўцы вучэбных праграм і выніковай атэстацыі выпускнікоў. У сваю чаргу ва ўстановах і арганізацыях, для якіх наша ВНУ рыхтуе кадры, функцыянуюць філіялы ўніверсітэцкіх кафедр, дзе студэнты маюць магчымасць вучыцца, праходзіць вытворчую практыку, весці навуковыя даследаванні. 

    У Пасланні беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу Кіраўнік нашай дзяржавы акцэнтаваў увагу на ролі сям’і ў фарміраванні асобы дзіцяці, узаемадзеянні бацькоў са школай. Я думаю, што гэтая праблема будзе абмяркоўвацца і на Усебеларускім народным сходзе. Калі надарыцца такая  магчымасць, цікава будзе падзяліцца з калегамі вопытам працы нашага навукова-метадычнага цэнтра “Школа  – сям’я”, які створаны з мэтай ажыццяўлення навукова-даследчай дзейнасці па праблемах сямейнага  выхавання, узаемадзеяння  ўстановы адукацыі і сям’і, падрыхтоўкі будучых спецыялістаў і бацькоў  да гэтых відаў дзейнасці. Цэнтрам арганізаваны заняткі з работнікамі сістэмы адукацыі, выдаюцца вучэбна-метадычныя дапаможнікі для бацькоў і класных кіраўнікоў па актуальных пытаннях выхавання дзяцей.

    Вядома, у напрамку павышэння якасці адукацыі неабходна яшчэ вырашыць шэраг важных праб-лем. Усе яны, несумненна, будуць абмяркоўвацца на Усебеларускім народным сходзе. І я ўпэўнена, што разам, выкарыстоўваючы стваральную энергію кожнага чалавека, мы зможам дабіцца значных вынікаў дзеля далейшага росквіту нашай любімай Беларусі.

    Автор: Ганна СЕНДЗЕРНародная трыбуна

Комментарии (0)