19 Апреля, 2024 Пятница

Польскія фермеры наведалі Бераставіччыну

  • 10 июня 2016 Общество Беларуская 0

    Па запрашэнні Гродзенскай абласной асацыяцыі фермераў 8 чэрвеня Бераставіцкі раён наведала група фермераў з прыгранічных рэгіёнаў Польшчы. Паездка была арганізавана Польскім саюзам фермераў,  і канчатковай мэтай яе  з’яўлялася наведванне сельскагаспадарчай выставы ў Мінску “Белагра-2016”. 

    Паміж Гродзенскай абласной асацыяцыяй  фермераў і  Польскім саюзам фермераў  існуе пагадненне аб супрацоўніцтве.   Польскі саюз фермераў быў заснаваны ў 2015 годзе. Ён ажыццяўляе сваю дзейнасць у галіне абароны індывідуальных гаспадарак, правоў і эканамічных і сацыяльных інтарэсаў сваіх членаў і іх сем'яў. Саюз фермераў дзейнічае на карысць эканамічнага і сацыяльнага развіцця польскай вёскі і сельскай гаспадаркі.

    — У склад нашай дэлегацыі, — гаворыць кіраўнік групы Войцех Краснодэмбскі, — уваходзяць фермеры з Бельска Падляскага, Саколува Падляскага і Бялэй Падляскі. Асноўны від  іх дзейнасці  – раслінаводства і жывёлагадоўля. Я асабіста маю 340 гектараў ворыўнай зямлі і займаюся раслінаводствам. Мне вельмі падабаецца ў Беларусі. Тут проста наладзіць кантакты з людзьмі, у нас блізкія мовы і культуры. Мяркую, што нам неабходна развіваць супрацоўніцтва,  а беларускі народ найбольш прыязны для палякаў.

    Станіслаў Ойдана, фермер з-пад Гайнаўкі, які займаецца свінагадоўлей, падзяліўся праблемамі, якія ўзніклі з-за афрыканскай чумы свіней. Ён стаіць перад выбарам: або адмовіцца ад сваёй дзейнасці і атрымаць рэкампенсацыю з бюджэту, або падпісаць пагадненне аб захаванні ўсіх мер перасцярогі пры далейшым утрыманні ў сваёй гаспадарцы гэтых жывёл. 

    Гасцей сустракалі старшыня Гродзенскай абласной асацыяцыі фермераў Бернард Тодрык і кіраўнік фермерскай гаспадаркі Рамуальд Глякоўскі. Рамуальд Глякоўскі расказаў гасцям, што яго гаспадарка займаецца вырошчваннем прадукцыі раслінаводства на 36 гектарах. З вялікай зацікаўленасцю польскія аграрыі азнаёміліся з машынна-трактарным паркам гэтай фермерскай гаспадаркі. Рамуальд Мечыслававіч паказаў таксама пункт па перапрацоўцы збожжа.

    У раённым цэнтры госці наведалі Музей Вавёркі. Экскурсія, якую правёў навуковы супрацоўнік Мікалай Пацэнка, выклікала ў іх вялікую зацікаўленасць. Асабліва, калі яны даведаліся пра многія моманты з сумеснага гістарычнага мінулага, пра тое, што з Вялікай Бераставіцай былі цесна звязаны вядомыя дынастыі Хадкевічаў і Касакоўскіх. Госці зрабілі сімвалічны падарунак вавёрцы, а ў адказ атрымалі  ад супрацоўнікаў музея кнігу “Памяць” і  фотаальбом “Вялікая Бераставіца і ваколіцы”. Потым для іх была арганізавана экскурсія па гарадскому пасёлку. 

    Далей маршрут гасцей з Польшчы пралёг у аграфірму “Стары Дворац”, дзе дырэктар гаспадаркі Віктар Байрак і галоўны аграном Дзмітрый Захарчук расказалі, як наладжана вытворчасць сельскагаспадарчай прадукцыі ва ўмовах буйной гаспадаркі. Польскім фермерам паказалі мехмайстэрню і зернесушыльны комплекс. Іх вельмі ўразілі сучасная рамонтная база, чысціня і парадак у майстэрні, эстэтыка афармлення кабінетаў. 

    Па завяршэнні візіту госці выказалі  задавальненне  ад  убачанага, а наступным днём адправіліся ў Мінск на выставу “Белагра-2016”, да якой усе яны праяўлялі вельмі вялікую зацікаўленасць. Фота аўтара

    Автор: Сяргей ХілютаБераставіцкая газета

Комментарии (0)