20 Мая, 2024 Понедельник

Лесаруб — 2016

  • 15 июня 2016 Общество Беларуская 0

    30 удзельнікаў з 15 лясніцтваў ДЛГУ “Лунінецкі лясгас” сабраліся на конкурс пад такой назвай, каб прадэманстраваць прафесійнае майстэрства і выявіць лепшых вальшчыкаў лесу, якія будуць прадстаўляць прадпрыемства і раён на абласных спаборніцтвах.

    Падчас урачыстага адкрыцця ўдзельнікаў вітаў галоўны ляснічы Павел Гнедзька. Ён жа ўзначаліў судзейскую калегію на час выпрабаванняў і  адзначыў: “Конкурс – гэта ўдасканаленне навыкаў, якія набываюцца ў паўсядзённай працы, але тут ёсць і спартыўная складаючая. Няхай пераможа мацнейшы.”

    З прыемнай місіяй завіталі на мотадром, дзе праходзілі стэндавыя спаборніцтвы, начальнік РАУС Уладзімір Рыбак і яго намеснік Аляксандр Якавец. Яны ўручылі Падзякі за актыўнае ўзаемадзеянне пры правядзенні сумеснай штабной трэніроўкі з органамі ўпраўлення тэрытарыяльнай абароны раёна Паўлу Гнедзьку і лесніку Краснавольскага лясніцтва Аляксандру Яраховічу.

    Пасля жараб’ёўкі і інструктажу па тэхніцы бяспекі ўдзельнікі прыступілі да спаборніцтваў у асабістым заліку, якія праходзілі ў пяць этапаў: валка дрэва, замена ланцуга, распілоўка камбінаваным рэзам, дакладная распілоўка і абрэзванне сучкоў. Акрамя таго, у праграму ўвайшла камандная эстафета лесарубаў.

    Сваё першае выпрабаванне канкурсанты праводзілі на базе Лобчанска-га лясніцтва, дзе для валкі лесу была падрыхтавана спецыяльная пляцоўка. Тут лепшы вынік паказаў Уладзімір Шляжко з Навасёлкаўскага лясніцтва. Услед за ім размясціліся Віталь Гнедзька з Багданаўскага і Андрэй Багаль з Лунінскага лясніцтва.

    – Нягледзячы на тое, што найбольшую колькасць ачкоў можна набраць менавіта на гэтым этапе, утрымаць лідарства да канца не так проста, – спыніўшыся каля турнірнай табліцы, сітуацыю пракаменціраваў галоўны суддзя Павел Гнедзька. – Не сумняваюся, што ў барацьбу за ўзнагароды абавязкова ўключацца Віктар Ільючык з Багданаўскага лясніцтва, які пакуль сёмы, і Сяргей Сайка з Навасёлкаўскага лясніцтва, набраўшы шостую суму балаў.

    На мотадроме для правядзення стэндавых конкурсаў была агароджана спецыяльная пляцоўка, разбітая на 5 зон. Памочнік ляснічага Лунінскага лясніцтва Уладзімір Ільючык раз за разам агучваў правілы і патрабаванні, якія прадугледжаны для кожнага выпрабавання. З заменай ланцуга лепш за ўсіх справіўся Сяргей Мелюх (Лунінскае лясніцтва). Усяго адзін бал саступіў яму Валерый Капліч (Сінкевіцкае лясніцтва). Трэці вынік паказаў Віктар Ільючык (Багданаўскае лясніцтва).

    У камбінаванай распілоўцы не было роўных Міхаілу Грыцкевічу з Краснавольскага лясніцтва. У прызавую тройку трапілі таксама Уладзімір Джэмуратаў (Мікашэвіцкае лясніцтва) і Віктар Марко (Бастынскае лясніцтва). З дакладнай распілоўкай лепш за ўсіх справіліся Васіль Муравейка (Баравікоўскае лясніцтва), Сяргей Сайка (Навасёлкаўскае лясніцтва) і Андрэй Багаль (Лунінскае лясніцтва).

    Абрэзка сучкоў – адзін з самых складаных і захапляльных этапаў. Тут выдатныя навыкі прадэманстравалі прадстаўнікі Багданаўскага лясніцтва Віктар Ільючык і Віталь Гнедзька, якія занялі першае і трэцяе месцы, як дарэчы і па выніках усіх спаборніцтваў. Серабро на абрэзцы дасталася Ігару Урбановічу з Краснавольскага лясніцтва, а ў выніковым пратаколе – Сяргею Сайка з Навасёлкаўскага лясніцтва.

    Віктар Ільючык і Віталь Гнедзька працуюць у лясгасе адпаведна 14 і 20 год, Лунінеччыну на абласных спаборніцтвах прадстаўлялі неаднаразова. І ўсё ж, вельмі хваляваліся перад кожным іспытам. Як расказалі вальшчыкі лесу, да конкурсу рыхтаваліся падчас сваёй асноўнай работы.  Па словах лідараў, раней вельмі складана было набраць 1000 ачкоў, а сёння гэты рубеж пераадолелі 12 чалавек. Гэта значыць, узровень прафесійнага майстэрства і канкурэнцыя растуць.

    У эстафетных паядынках перамагла каманда Борскага лясніцтва. Другое месца занялі прадстаўнікі Краснавольскага, трэцяе – Мікашэвіцкага лясніцтва. Узнагароды пераможцам і прызёрам уручыў дырэктар лясгаса Вячаслаў Торчык, які нават падчас водпуску вылучыў час, каб паназіраць за спаборніцтвамі і павіншаваць лепшых “Лесарубаў-2016”.

    Автор: Алена ДаніловічЛунінецкія навіны
    Теги: 

Комментарии (0)