03 Мая, 2024 Пятница

У Маладзечне праходзіць цэнтралізаванае тэсціраванне

  • 17 июня 2016 Общество Беларуская 0

    Якія прадметы самыя папулярныя ў абітурыентаў, чаму яны не прыходзяць на ЦТ і колькі чалавек наогул жадае атрымаць адукацыю.

    Як звычайна, у Маладзечне ЦТ праводзіцца ў політэхнічным каледжы, і другі год дадатковай базай з’яўляецца гімназія №10. Сёлета на тэсціраванне ў Маладзечне зарэгістраваліся 8160 чалавек — на 140 менш, чым летась — маладзечанцы, жыхары Вілейскага, Валожынскага, Мядзельскага, Смаргонскага, Астравецкага, Ашмянскага і Пастаўскага раёнаў.

    Пераважная колькасць выпускнікоў (1916) выбрала рускую мову, беларускую – 1130. Але на іспыты па гэтых прадметах з’явіліся адпаведна на 36 і 33 чалавекі менш. Прычыны розныя, найбольш распаўсюджаныя — хвароба і адсутнасць пашпарта па прычыне здачы яго для атрымання візы (для абітурыентаў арыгінал дакумента абавязковы).

    Тройку лідараў сярод дысцыплін замыкае матэматыка — 1436 чалавек. Летась гэты прадмет быў больш запатрабаваным.

    Наступная шасцёрка выглядае так:

    фізіка (862),

    біялогія (699),

    гісторыя Беларусі (641),

    англійская мова (563),

    хімія (382),

    грамадазнаўства (315).

    У аўтсайдарах – сусветная гісторыя і геаграфія (па 35), а таксама іспанская мова (5).

    Самае працяглае цэнтралізаванае тэсціраванне – па фізіцы і матэматыцы. Яно доўжыцца 180 хвілін. Самае кароткае (у два разы менш) — па геаграфіі, сусветнай гісторыі, гісторыі Беларусі і грамадазнаўстве. Сёлета на паўгадзіны падоўжылі іспыты па хіміі (150 хвілін).

    Завершыцца ЦТ 27 чэрвеня. Дарэчы, у апошні дзень абітурыенты будуць здаваць сусветную гісторыю і геаграфію. Вынікі кожнага тэста з’явяцца не раней чым праз 10 сутак на сайце Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў.

    Рэзервовы дзень — 5 ліпеня

    Ён прадугледжаны для выпускнікоў, якія па ўважлівай прычыне (на што неабходна дакументальнае пацвярджэнне) не з’явіліся на цэнтралізаванае тэсціраванне.

    Зарэгістравацца можна з 28 чэрвеня па 1 ліпеня ва ўсіх абласных цэнтрах. Праводзіцца «рэзервовае» ЦТ у Белдзяржуніверсітэце.      

    — Як правіла, юнакі і дзяўчаты прапускаюць тэсціраванне з-за хваробы, часам з-за збою ў раскладзе

    транспартнага руху, асабліва гэта тычыцца іншагародніх, якім даводзіцца дабірацца грамадскім транспартам, — заўважыў адказны сакратар арганізацыйнай камісіі па правядзенні ЦТ пункта тэсціравання ў політэхнічным каледжы Юрый Скакоўскі.

    Для ўдзелу ў ЦТ юнакі і дзяўчаты абавязкова павінны мець з сабой спецыяльны пропуск на тэсціраванне, які выдаюць у час рэгістрацыі, і пашпарт. Дакументы прадстаўляюцца толькі ў арыгінале.

    Усяго на цэнтралізаванае тэсціраванне ў Беларусі зарэгістраваўся 101691 абітурыент (летась – 105669).

    Плануецца, што сёлета ВНУ краіны прымуць звыш 63000 абітурыентаў, сярэднія спецыяльныя ўстановы – звыш 70000.

    У ВНУ на дзённую форму навучання плануецца залічыць 38,5 тыс. чалавек (у тым ліку на бюджэт — 22,6 тыс.), завочнай — 24,7 тыс. (на бюджэт — 5,3 тыс.).

    У Камітэце дзяржаўнага кантролю Мінскай вобласці ў рабочыя дні з 9.00 да 18.00 працуюць гарачыя лініі па пытаннях падрыхтоўкі і правядзення ўступных іспытаў. Заўвагі і прапановы можна выказаць па тэл. 8-017-284-03-42, 8-017-284-09-06.

    Фота Аляксея Платко.

    Автор: Ірына РАБУШКА.Маладзечанская газета

Комментарии (0)