26 Апреля, 2024 Пятница

Каштоўнае дойлідства

  • 23 июня 2016 Общество Беларуская 0

    Пад кіраўніцтвам намесніка старшыні аблвыканкама Леаніда Цупрыка савет разгледзеў пытанне аб продажы гісторыка-культурных каштоўнасцей, якія не выкарыстоўваюцца, і мерапрыемствах па іх далейшым захаванні прыватнымі ўласнікамі.

    У фармаце відэаканферэнцыі да прысутных удзельнікаў пасяджэння далучыліся прадстаўнікі раёнаў вобласці, а таксама слова далі ўласнікам аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны.

    Як паведаміў намеснік начальніка ўпраўлення культуры галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама Вячаслаў Гарбузаў, на Брэстчыне праводзіцца мэтанакіраваная работа па перадачы гісторыка-культурных каштоўнасцей, якія не выкарыстоўваюцца,  прыватным уласнікам для ўвядзення іх у турыстычны абарот, ажыццяўляецца падрыхтоўка неабходных дакументаў і продаж гэтых  аб’ектаў як дзяржаўнай, так і прыватнай уласнасці. Так, усяго з 2007 года ў вобласці рэалізаваны 64 аб’екты камунальнай уласнасці, якія з’яўляюцца гісторыка-культурнай каштоўнасцю, у тым ліку 4 з абласной уласнасці і 60 – гарадоў і раёнаў. Два аб’екты прададзены сёлета, выстаўлены на таргі яшчэ 15, па якіх праведзена ўжо 46 аўкцыёнаў. 

    Найбольш значныя аб’екты куплі-продажу – гэта помнікі сядзібна-палацавага дойлідства, якія маюць вялікае значэнне для развіцця турыстычнага патэнцыялу вобласці, а таксама атрымліваюць найбольшую ўвагу грамадскасці да стану іх захавання. Зараз у вобласці налічваецца 27 аб’ектаў, што адносяцца да сядзібна-палацавай архітэктуры розных перыядаў, з іх 20 сядзіб і 7 палацаў. У пяці сядзібах і адным палацы размяшчаюцца і дзейнічаюць музейныя ўстановы, на чатырох аб’ектах за сродкі бюджэту вядуцца рэстаўрацыйныя работы. Да прапановы на продаж рыхтуюцца дакументы яшчэ на два аб’екты –  сядзібы Нача і Грушаўка Ляхавіцкага раёна.  Восем гісторыка-культурных каштоўнасцей  – сядзіб і палацаў – прададзены інвестарам за невялікія сумы і ў некаторых выпадках з паніжэннем кошту да 80 працэнтаў ад ацэнкі Мінкультуры. 

    – Продаж такіх аб’ектаў адбываецца пасля значнага зніжэння пачатковай цаны і шэрагу паўторных таргоў. Хоць асноўнай прычынай нізкага попыту пакупнікоў, як адзначае большасць з іх, з’яўляецца стан аб’ектаў і той факт, што эксплуатацыя звязана з дадатковым узгадненнем Мінкультуры і магчымымі абмежаваннямі ды абцяжарваннямі з-за статуса аб’екта, а таксама дадатковымі фінансавымі ўкладаннямі ў параўнанні са звычайнымі будынкамі, – адзначыў у сваім выступленні дырэктар абласнога тэрытарыяльнага фонду дзяржмаёмасці Павел Манько. – У асноўным  з агульнай колькасці прададзеных аб’ектаў выкарыстоўваюцца і часткова выкарыстоўваюцца пакуль толькі 60 працэнтаў (39 аб’ектаў).

    Павел Манько праінфармаваў таксама, што падчас падрыхтоўкі да савета ў маі былі праведзены працоўныя сустрэчы з шэрагам уласнікаў і абследаваны 9 такіх аб’ектаў у Баранавіцкім, Ляхавіцкім, Кобрынскім, Камянецкім раёнах і горадзе Брэсце. Як выявілася, далёка не ўсе ўласнікі спадчыннага дойлідства выконваюць умовы дагавора – рэстаўруюць у тэрмін і ўводзяць у эфектыўнае выкарыстанне набытыя аб’екты.

    Так, сядзіба ў вёсцы Ястрамбель Баранавіцкага раёна займела ўласніка ў 2014 годзе. Новы гаспадар павінен быў на працягу 45 дзён пасля падпісання акта прыёму-перадачы аб’екта заключыць дагавор на распрацоўку праектна-каштарыснай дакументацыі і ажыццявіць рэстаўрацыю ў прадугледжаныя тэрміны. Але ў выніку пачатак работ плануецца ў ліпені гэтага года, а сам аб’ект знаходзіцца ў аварыйным стане. За парушэнне ўмоў дагавора ўласніку накіраваны прэтэнзіі ў памеры 10 базавых велічынь. 

    А права ўласнасці пакупніка на будынак былога архіва па вуліцы Савецкіх пагранічнікаў у гістарычным цэнтры г. Брэста было зарэгістравана ў ліпені 2015 года па выніках таргоў. Між тым, работы па рэканструкцыі плануецца завяршыць толькі сёлета. Як аказалася, былі вылучаны дадатковыя ўмовы  будаўніцтва, узніклі праблемы па зносе дрэў і канфліктныя сітуацыі з суседзямі. Аднак і новым уласнікам таксама былі дапушчаны валакіта і пагарджэнне дагаворнымі абавязацельствамі. У выніку пакупнік прыцягнуты да адказнасці ў памеры поўнага кошту аб’екта, як было прапісана ў дагаворы.

      – Неабходна ўзмацніць кантроль за выкананнем заканадаўства па ахове гісторыка-культурнай спадчыны. Райвыканкамы і зацікаўленыя структуры павінны пільна сачыць за выкананнем узятых абавязацельстваў, а таксама за ходам і якасцю рэстаўрацыйных работ, – рэзюмаваў праведзены аналіз намеснік старшыні аблвыканкама. 

    Таксама Леанід Цупрык акцэнтаваў увагу на актуальнасці пошуку сапраўды зацікаўленага пакупніка: эканамічная сітуацыя складваецца такім чынам, што неабходны пэўныя гарантыі стабільнага фінансавання. “Перш чым набываць падобны аб’ект гісторыка-культурнай спадчыны – прадэманструй фінансавую заможнасць. Акрамя жадання купіць, павінна быць дакладная канцэпцыя, што будзе ў выніку,” – адзначыў ён. 

    Аналагічнае даручэнне – прапрацаваць канцэпцыю далейшага выкарыстання і пытанне інфраструктуры – атрымаў і Ляхавіцкі райвыканкам у дачыненні да комплексу былой сядзібы Рэйтанаў у вёсцы Грушаўка. Зацікаўленасць да аб’екта праяўляюць прадстаўнікі Польшчы – на сумесных сустрэчах разглядаецца пытанне аб стварэнні там музея. Была выказана прапанова аб магчымым удзеле ў праекце трансгранічнага супрацоўніцтва і атрыманні міжнароднай тэхнічнай дапамогі. 

    Прааналізаваўшы на пасяджэнні стан і меры па правядзенні работ па рэстаўрацыі ці кансервацыі аб’ектаў, якія прымаюцца ўласнікамі гісторыка-культурных каштоўнасцей Брэстчыны, органы выканаўчай улады былі скіраваны больш эфектыўна выкарыстоўваць існуючыя магчымасці для актывізацыі дзейнасці прыватных уласнікаў, праяўляць большую настойлівасць і патрабавальнасць у рабоце з тымі, каму прададзены будынкі, а таксама аказваць ім неабходнае садзейнічанне і дапамогу. 

    Заключным пытаннем, разгледжаным на пасяджэнні савета, стала падрыхтоўка да святкавання 1000-годдзя Брэста, з ходам якой пазнаёміў членаў савета старшыня Брэсцкага гарвыканкама Аляксандр Рагачук. У прыватнасці, ён запэўніў, што не застануцца без увагі і аб’екты гісторыка-культурнай спадчыны.

    Автор: Алёна САЦУТАНародная трыбуна

Комментарии (0)