10 Мая, 2024 Пятница

Конкурс прыгажосці і грацыі "Міс Бялынічы-2016" прайшоў у суботу ў канцэртнай зале раённага Цэнтра культуры

  • 29 июня 2016 Общество Беларуская 0

    За карону і званне першай прыгажуні змагаліся пяцёра дзяўчат. Іх творчыя здольнасці, узровень інтэлекту, уменне трымацца на сцэне ацэньвала журы, у склад якога ўвайшлі: дырэктар ДЛГУ “Бялыніцкі лясгас” Юрый ЗАБЛОЦКІ – старшыня журы, інспектар нагляду і прафілактыкі РАНС Ілья ЦІКУНОЎ, старшыні Цяхцінскага і Галоўчынскага сельсаветаў Аляксандр ЦЫБУЛЬСКІ і Яўген ВАЛЕВІЧ, дырэктар аўтапарка №7 Сяргей ГАПЕЕЎ.

    На першым этапе конкурсу, “Візітная картка”, дзяўчаты расказалі прысутным аб сабе ў кароткіх відэароліках. Грацыёзна і натуральна яны дэманстравалі навыкі дэфіле падчас выхаду на сцэну ў вячэрніх уборах.

    Пранікнёныя песні і танцы, якія прыгажуні выконвалі ў творчым конкурсе “Хвіліна славы”, не пакінулі сумненняў – усе яны таленавітыя і заслугоўваюць вышэйшай пахвалы.

    Добра, калі знешняя прыгажосць гарманіруе з унутранай. Свае інтэлектуальныя здольнасці ўдзельніцы праяўлялі ў конкурсах “Быць разумным заўсёды модна”, а таксама “Дзе логіка?”.

    Самым гарачым момантам шоу стала дэфіле ў купальніках “Мары і фантазіі”.

    Нялёгка, як прызнаваўся кожны з членаў журы падчас цырымоніі ўзнагароджання, было рабіць выбар. Але конкурс ёсць конкурс, і пераможца павінен быць толькі адзін. Званне “Міс усмешка” атрымала першы сакратар райкама ГА “БРСМ” Святлана СЕЛЬВАНКОВА, уладальніцамі тытулаў “Міс грацыя” стала кіраўнік гуртка РЦК Ганна МАЛАШКОВА, “Міс чароўнасць” – сёлетняя выпускніца СШ №2 Дар’я ЦАПІК. Ганаровае званне “Віцэ-міс” прысвоена фельчару СШ №2 Марыі НІКІФАРЭНКА. Карону і галоўны тытул заваявала 20-гадовая выхавацельніца дзіцячых ясляў-сада №3 райцэнтра Аліна КОЗЫРАВА.

    Дарэчы, яшчэ на першым этапе конкурсу, набраўшы максімальную колькасць балаў, Аліна прадэманстравала сур’езны намер упэўнена крочыць прама да перамогі. Акрамя асноўных узнагарод, старшыня журы Юрый Заблоцкі зрабіў прыгажуні падарунак ад лясгаса – сертыфікат на наведанне XXV Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”.

    – Да перамогі імкнулася з першых дзён падрыхтоўкі да конкурсу, – яшчэ ўсхваляваная і са слязамі радасці на вачах прызналася карэспандэнту раёнкі каранаваная бялынічанка. – Па дзве гадзіны на дзень займалі рэпетыцыі танцавальнага нумару, шмат часу аддала і падрыхтоўцы “Візітнай карткі”. Вялікую ролю ў маім дасягненні адыгралі бацькі, сябры і ўсе, хто мяне падтрымліваў увесь гэты час.

    Напрацягу мерапрыемства гасцей яго чакалі неспадзяваныя сюрпрызы і падарункі. Спонсарамі выступілі індывідуальны прадпрымальнік Вікторыя АДАМОВІЧ, а таксама прадстаўніца касметычнай кампаніі “Mary Kay” Анастасія МАРДАЧОВА.

    Вольга НАБОКАВА.

    Фота Анастасіі МАКЕЕВАЙ.

    Автор: Вольга НАБОКАВАЗара над Друццю
    Теги: 

Комментарии (0)