19 Апреля, 2024 Пятница

Рабіць горад лепш разам

  • 30 июня 2016 Общество Беларуская 0

    На працягу мая і чэрвеня жыхары новабудоўляў Браслава назіралі, як на беразе возера Бярэжжа паступова будуецца новая дзіцячая пляцоўка ў выглядзе карабля. Хто шчыруе на яе ўзвядзенні? За якія сродкі? Такія пытанні не раз даводзілася чуць. Прыйшоў час расказаць усё падрабязна.

    Цэнтр культурнага менеджменту “Гефіра” сумесна з фондам ‘‘Social Weekend’’ (конкурс сацыяльных праектаў) і інтэрнэт-рэсурсам tut.by вясной запусціў праект “Горад”. Яго дэвіз: ‘‘Рабіць горад лепш разам’’. Арганізатары праекта да ўдзелу ў ім адабралі 20 чалавек з усёй рэспублікі, якім неабходна было на працягу пэўнага тэрміну знайсці аднадумцаў, пачаць рэалізоўваць свае ідэі і ў фінале прэзентаваць іх журы. Прызавы фонд праекта склаў 50 млн рублёў.

    Наш горад прадстаўляў браслаўчанін Галляш Сялява, які прапанаваў зрабіць дзіцячую пляцоўку-лабірынт. Была праведзена вялікая падрыхтоўчая работа, знойдзены мясцовыя спонсары праекта. Яшчэ да фіналу была набрана пэўная сума грошай, якая дазволіла пачаць будоўлю. Зладжаная работа па рэалізацыі ідэі прывяла да таго, што задумка пра браслаўскі карабель аказалася ў ліку трох пераможцаў і атрымала фінансавую падтрымку.

    Будавалі дзіцячую пляцоўку сваімі сіламі неабыякавыя браслаўчане. Хтосьці дапамагаў транспартам, нехта выдзеліў неабходны інструмент. Знайшліся памагатыя, якія апрацавалі брусы і дошкі, зрабілі штурвал. Пасля працоўнага дня на працягу месяца мужчыны і жанчыны адной зладжанай камандай працавалі на пляцоўцы, дзе раўнялі пясок, укапвалі брусы, абшывалі корпус дошкамі, фарбавалі і прадумвалі гульнявыя зоны для дзяцей. Далучыцца да будаўніцтва мог кожны жадаючы.

    Цяпер яркі рознакаляровы карабель радуе дзетак. Унутры яго — зона для развіцця дзіцячай маторыкі, пясочніца і іншыя прыстасаванні для гульняў. Усталявана горка. Ёсць капітанскі мосцік са штурвалам і звонам. Над караблём трымцяць рознакаляровыя сцяжкі, а дазор нясе маленькі лялечны юнга на мачце. Разгуляцца дзіцячай фантазіі дазваляюць і гарматы.

    Несумненна, што для маленькіх браслаўчан гэтая пляцоўка стане яшчэ адным цудоўным месцам для гульняў, і хочацца спадзявацца, што гэты прыклад натхніць многіх на рэалізацыю сваіх ідэй.

    Алена НАБЕЕВА.

    Фото Елены Набеевой, braslaw.by, Тимофея Петрашкевича.

    Автор: Алена НабееваБраслаўская звязда
    Теги: 

Комментарии (0)