26 Апреля, 2024 Пятница

Маладзечанскія лесарубы паказалі клас

  • 08 июля 2016 Общество Беларуская 0

    Спаборніцтвы прафесійнага майстэрства работнікаў лясной галіны Маладзечанскага раёна прайшлі ля вёскі Верадова. За званне лепшага лесаруба змагаліся прадстаўнікі ўсіх пяці лясніцтваў лясгаса. Яны паказалі прафесіяналізм у валцы лесу, абрэзцы сукоў, мантажы ланцугу бензапілы і інш. Пры гэтым улічваліся час і правільнасць выканання заданняў.

    На жаль, назіралі за спаборніцтвамі толькі калегі ўдзельнікаў ды журналісты. А барацьба была сапраўдная. Мяркуйце самі: пры камбінаванай распілоўцы ад бярвёнаў таўшчынёй 35 сантыметраў трэба адрэзаць 3-8-сантыметровыя дыскі. Прычым спачатку робіцца надрэз знізу, а потым зверху. Спілы павінны быць роўныя, пад прамым вуглом.

    Не менш складаная дакладная распілоўка, пры якой удзельнік не павінен закрануць паддон, на якім ляжыць бервяно. А ў час абрэзкі сукоў лесарубы праходзілі ўздоўж камля, нібы гуляючы. Галіны адляталі, быццам пух з дзьмухаўцоў пры моцным ветры.

    Уводная пры мантажы ланцугу бензапілы — «паломка» абсталявання. Ліквідаваць яе неабходна было за максімальна кароткі тэрмін: разабраць пілу, памяняць ланцуг і зноў са-

    браць. Кожны карыстаўся сваім інструментам, які вывучыў да вінціка, ведае яго характар і настрой.

    Самы складаны этап – валка лесу. Тут лесарубам трэба паказаць усе свае ўменні і навыкі і пры гэтым дакладна выконваць патрабаванні тэхнікі бяспекі. Спаборніцтвы праводзяцца на дзялянцы. Для перамогі трэба «пакласці» дрэва як мага бліжэй да спецыяльнай рэйкі, якая ўстаноўлена за 15 метраў ад ствала. Некаторыя ўдзельнікі трапілі дакладна ў «яблычак», за што атрымалі максімальныя балы.

    Інтрыга спаборніцтваў захоўвалася да апошняй хвіліны. І вось агучваюцца вынікі. Трэцюю прыступку п’едэстала гонару заняў Валерый Пякарскі. На другім месцы — Канстанцін Іваноў. А перамог Андрэй Жаўняровіч, які дарэчы, стаў лепшым лесарубам раёна трэці год запар. Летась ён быў першым і ў абласным конкурсе.   

    Хутка трое лепшых лесарубаў (дарэчы, усе з Лебедзеўскага лясніцтва) прымуць удзел у абласных спаборніцтвах у Слуцкім раёне. Да іх далучацца неаднаразовы прызёр рэспубліканскіх конкурсаў прафесійнага майстэрства машыніст форвардара Аляксей Сіняўскі і іншыя работнікі лясгаса.

    — У нас працуюць сапраўдныя прафесіяналы, у якіх заўсёды можна нечаму навучыцца, — адзначыў А. Жаўняровіч. — Калегі дапамагаюць як у вытворчай дзейнасці, так і пры падрыхтоўцы да спаборніцтваў. У Слуцкім раёне планую паказаць найвышэйшы вынік.

    Фота: Аляксей ПЛАТКО.

    Автор: Алег БЯГАНСКІ.Маладзечанская газета

Комментарии (0)