24 Апреля, 2024 Среда

Чарнічная казка

  • 12 июля 2016 Общество Беларуская 0

    У суботу на праспекце і пло­шчы Францыска Скарыны, куды ні глянь, усюды можна было ўбачыць нешта чароўнае і незвычайнае. Вясёлыя чарнічныя «палянкі» з сюр­прызамі з’явіліся літаральна на кожным кроку, а ў паветры лунаў духмяны водар пірагоў, які нібы запрашаў: «Пры­ходзьце да нас». Тут усіх чакаў традыцыйны і любімы палачанамі экафэст «Полацкія чарніцы»-2016.

    Як заўсёды, для палачан і гасцей горада арганізатары падрыхтавалі насычаную праграму.

    Спачатку можна было заві­таць на тэматычныя пляцоўкі, якіх было нямала.

    Так, творчы калектыў ААТ «Полацкі малочны камбінат» на сваёй чарнічнай «палянцы» прапаноўваў пакаштаваць прадукцыю прадпрыемства і весяліў добрымі песнямі, а яшчэ тут можна было сфатаграфавацца з «пакетам» малака, смятаны ці кефіра, якія так і намагаліся закружыцца ў танцы.

    Побач з «Малочнай» размя­сцілася пляцоўка ААТ «Полацкі КХП», дзе можна было адве­даць блінцоў з полацкай мукі ды са свежымі чарніцамі. Смаката! Здавалася, чарга ля пляцоўкі ніколі не зменшыцца.

    А вось хлопчыкі і дзяўчынкі спяшаліся  на «Дзіцячую» пляцоўку. Тут для малых Полацкі раённы цэнтр дзяцей і моладзі разам з дашкольнымі ўстановамі адукацыі падрыхтаваў безліч цікавых гульняў і забаў. І чарнічны аквагрым, і фотасалон, і бяспройгрышную латарэю, і май­стар-класы, і чарнічныя прыгоды, і выставы-продажы сувеніраў, і кантактны заапарк, і многае іншае — сапраўдная чарнічная краіна цудаў. 

    Полацкая раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма падрыхтавала сваю забаўляльную праграму. Канешне, кніжную выставу пра галоўную ягаду свята, конкурсы для малых і дарослых, майстар-класы, дзе прапаноўвалі зрабіць ружу, сурвэтніцу і чарнічную паштоўку. А яшчэ на пляцоўцы РЦБС можна было завітаць на паэтычны open-air «Вершы над горадам» і да «Полацкіх траўніц».

    Асаблівай цікавасцю кары­сталася чарнічная паляна «Полацкай ЦГБ». Тут можна было даведацца пра карысць чарніц, пакаштаваць стравы з гэтай ягадай. А яшчэ — памерыць артэ­рыяльны ціск, узважыцца і атрымаць  рэкамендацыі  ўрача.

    Рады былі госці завітаць на пляцоўку аграсядзібы «Лука», дзе можна было зрабіць фота з прыгожымі драўлянымі скульптурамі.

    Паглядзець на чарнічны сок праз мікраскоп прапаноўвалі супрацоўнікі Полацкага прыродна-экалагічнага музея. 

    Столькі на праспекце было цікавага, што і пералічыць складана. І майстры Полацкага раённага цэнтра рамёстваў і нацыянальных культур, і мастакі народнага клуба самадзейных мастакоў «Белый холст», і творчыя калектывы — здорава! А яшчэ чарнічны бодзі-арт!

    А на галоўнай сцэнічнай пляцоўцы Гарадскі Палац культуры падрыхтаваў цікавую канцэртна-забаўляльную праграму, галоўнай гераіняй якой была Каралева чарніц. 

    Пірог сяброўства

    Сапраўдным падарункам экафэсту стаў II рэгіянальны конкурс «Чарнічны пірог сяброўства». Колькі ж смакаты напяклі полацкія кулінары і аматары пякарскай справы! А якая прыгажосць, што нават варушыць было шкада...

    Тут было і «Чарнічнае шчасце», і «Чарнічны флірт», і проста «Вкусняшка». Канкурсанты не толькі напяклі чарнічных прысмакаў, але і прыгатавалі цікавыя прэзентацыі сваіх кулінарных шэдэўраў.

    Вызначыць лепшых сярод такога мноства пірагоў было ня­проста. Дарэчы, пакаштаваць печыва і аддаць свой голас за  ўпадабаны пірог маглі ўсе жа­даючыя.

    Пераможцы былі вызначаны ў некалькіх намінацыях.

    А  ў  лесе...

    Больш за 120 каманд арганізацый, прадпрыемстваў і ўстаноў  Полацка і Полацкага раёна ў 6.00 адправіліся збіраць чарніцы. У гэтым годзе іх багата, ды надвор’е спрыяла.

    Каманда «Ягадкі» Полацкага дзяржаўнага хіміка-тэхналагічнага коледжа адна з першых прыехала на плошчу. Дзяўчаты расказалі, што ў экафэсце ўдзельнічаюць упершыню і ім вельмі спадабалася. Свае вя­дзёркі яны набралі паўнютка. Вынікам сваім, безумоўна, задаволеныя. Больш за дзесяць вёдзер чарніц прывезлі полацкія медыцынскія работнікі. Каманда Ветрынскай участковай бальніцы назбірала 217 кілаграмаў ягад.

    Пераможцаў у гэтым годзе было  больш за дзясятак.

    Хоць у ліку пераможцаў да­лёка не ўсе каманды, але кожны быў рады, што змог не толькі весела, але і з карысцю правесці час і зрабіць вітамінныя запасы на зіму. А той, хто не быў у лесе, пакаштаваў чарнічных прысмакаў і атрымаў мора пазітыўных уражанняў у горадзе.

    Автор: Валентина ЛипкоПолацкі веснік
    Теги: 

Комментарии (0)