03 Мая, 2024 Пятница

Тры маладзечанкі расказалі, як ім удалося здаць ЦТ на 100 балаў

  • 12 июля 2016 Общество Беларуская 0

    Залатыя медалісткі Ганна Вашынка з гімназіі-каледжа мастацтваў, Ксенія Капацэвіч з гімназіі №7 і Дзіяна Ланюгова з гімназіі №10 падзяліліся сакрэтамі поспеху на ЦТ і далі парады будучым абітурыентам.

    Чытаце таксама: Сто баллов на ЦТ получили десять молодечненцев.

    Узяць сваё…

    Ганна Вашынка з гімназіі-каледжа мастацтваў атрымала найвышэйшы вынік па грамадазнаўстве. Агульная колькасць яе балаў – 386 (па 94 – па рускай і англійскай мовах і 98 – атэстат).

    Ужо з дзявятага класа Аня пачала рыхтавацца да цэнтралізаванага тэсціравання. Дзякуючы настаўніцы па грамадазнаўстве Валянціне Канстанцінаўне Петрыкевіч перамагала на раённых і абласных алімпіядах. Пасля дзясятага класа нават улетку не расставалася з падручнікамі і наведвала профільны лагер у сваёй гімназіі. Аня, дарэчы, лічыць мэтазгоднай такую форму работы з вучнямі ў час летніх канікул і ўпэўнена, што каб паспяхова здаць ЦТ па грамадазнаўстве, дастаткова школьных заняткаў.

    «Калі сістэматычна займацца на ўроках і дома, а таксама мець вобразнае мысленне і развіты кругагляд (для чаго неабходна шмат чытаць), абавязкова ўсё атрымаецца».

    А вось каб здаць ЦТ па рускай мове на 94 балы, ёй спатрэбілася ўсяго адна кніга  — гэта спецыяльны экспрэс-курс, аўтарам якога з’яўляецца педагог з Магілёва Валянціна Татарава. Дапамагла Ані расставіць усе кропкі над «і» у час падрыхтоўкі да тэсціравання яе школьная настаўніца Ніна Эдуардаўна Каранік.

    — Асаблівыя намаганні давялося прыкласці ў англійскай мове. Без рэпетытара абысціся не змагла. Займалася з ім паўтара года. Мне здаецца, што па замежнай мове наогул падрыхтавацца самастойна амаль немагчыма, — зазначае дзяўчына.

    Ганна паспявала працавацьмадэллю ў адным з самых вядомых айчынных агенцтваў «Студыя Тамара» ў Мінску. Марыць паступіць у БДУ і працаваць у сферы міжнароднага права. Упэўнена, што працавітасць і цікавасць да дысцыпліны, якую вывучаеш, і з’яўляюцца складальнікамі поспеху.

    Адпачынак – спадарожнік поспеху

    У Ксеніі Капацэвіч з гімназіі №7 найвышэйшы вынік па беларускай мове. Агульная колькасць балаў дзяўчыны – 384 (93 – па грамадазнаўстве, 92 – па англійскай мове і 99 – атэстат (у ім усяго адна «дзявятка» па фізіцы).

    Да цэнтралізаванага тэсціравання яна пачала рыхтавацца пасля дзясятага класа у час летніх канікулаў. Такім чынам восенню не трэба «фарсіраваць» падзеі, тлумачыць Ксенія.

    — Я разлічвала на высокія балы, але не спадзявалася, што будзе 100, бо лічу сябе не вельмі ўважлівай, часам дапускаю недарэчныя памылкі, — прызнаецца дзяўчына.

    Беларуская мова ёй заўсёды падабалася. А з восьмага класа Ксенія пачала ўдзельнічаць у алімпіядах і  трапіла ў лік лепшых на раённым і абласным узроўнях.

    — Падрыхтоўка да алімпіяд з маёй настаўніцай Таццянай Іванаўнай Радкевіч была настолькі грунтоўнай, што мне не спатрэбіўся рэпетытар, — працягвае дзяўчына. — А вось па грамадазнаўстве і англійскай мове без іх не абышлася.

    «Калі абітурыент не прэтэндуе на высокія балы (звыш 80) і старанна вучыўся, то дастаткова школьных ведаў. Калі трэба больш, то без рэпетытара складана, асабліва па дакладных навуках і мовах».

    Будучым абітурыентам яна раіць знаходзіць час на адпачынак, бо без яго таксама поспех немагчымы.

    Ксенія збіраецца паступаць у Белдзяржуніверсітэт на факультэт міжнародных адносін, марыць займацца лінгвакраіназнаўствам і вывучаць кітайскую мову.

    «Завучвацца» не варта

    Дзіяна Ланюгова мае сотню па біялогіі. Агульная колькасць яе балаў — 380 (97 – па рускай мове, 85 – па хіміі і 98 – атэстат).

    Яшчэ ў дзяцінства яе цікавіла медыцына. Настаўніца біялогіі Вольга Генрыкаўна Шыманская адразу заўважыла неардынарныя здольнасці вучаніцы і лічыць яе вундэркіндам. Яна шмат дапамагла Дзіяне дасягнуць поспеху і на ЦТ.

    Грунтоўна рыхтавацца да ўступнай кампаніі гімназістка пачала ў адзінаццатым класе. У прыярытэце былі прадметы, неабходныя да ЦТ, але і іншыя не закідвала, бо разумела, што пры паступленні важны і сярэдні бал атэстата.

    «Не завучвайцеся і пакідайце час для заняткаў для душы. Творчасць дапамагае адцягнуць увагу ад будзённай мітусні».

    – Калі чалавек не гультай, яму дастаткова школьных урокаў, каб паспяхова здаць іспыты. Я ж гультаяватая, — з усмешкай заўважае выпускніца. – Мне неабходны быў рэпетытар, які накіроўваў бы і кантраляваў вучэбны працэс у пазаўрочны час. Да ЦТ па хіміі яна рыхтавалася без рэпетытараў. З дзявятага класа Дзіяна  ўдзельнічала ў алімпіядах.

    Да ЦТ па рускай мове яна рыхтавалася самастойна, толькі ў пачатку навучальнага года ўзяла некалькі ўрокаў у рэпетытара. Дзіяна лічыць, што наўгад правільна адказаць на пытанні ЦТ амаль немагчыма. Неабходныя веды.

    Фота: АЎТАР і Аляксей ПЛАТКО.

    Автор: Ірына РАБУШКА.Маладзечанская газета

Комментарии (0)