03 Мая, 2024 Пятница

«Выганашчанская фартэцыя»-II

  • 12 июля 2016 Общество Беларуская 0

    9 ліпеня ў Выганашчах адбыўся другі па ліку ў сваёй маладой гісторыі ваенна-гістарычны фестываль “Выганашчанская фартэцыя”.

    Праўду сказаць, пісаць пра такі фестываль, пра рэканструкцыю баявых дзеянняў 100-гадовай даўніны – справа не вельмі простая. Гэта ўсё трэба бачыць і чуць.  Мы паспрабуем перадаць вам у здымках атмасферу фестывалю, а вось словамі паспрабуем прааналізаваць і параўнаць свята сённяшняе з тым першым, якое ладзілася ў верасні мінулага года.
    Адразу: арганізацыйна фестываль, скажам так, стаў на ногі. І калі нешта яшчэ можа “падточвацца” далей, то агулам трэба адзначыць галоўнае: арганізатары свята (райвыканкам і групы ваенна-гістарычных рэканструктараў) ўлічылі ўсе мінулагоднія няўвязкі першага вопыту. Уся фестывальная пляцоўка кампактна размясцілася на тым жа месцы, на гэты раз падзеленая ўмоўна на некалькі зон, дзе знайшлося месца для гандлёвых радоў, дзіцячых атракцыёнаў, імправізаванай сцэны і непасрэдна месца рэканструкцыі баявых дзеянняў. 
    З плюсаў фестывалю трэба адзначыць час яго правядзення – цяпер лета, і для дзяцей і моладзі такое мерапрыемства стала самай сапраўднай падзеяй, запамінальным святам, на якім было безліч усяго цікавага – ад страляніны і выбухаў да батутаў, салодкай ваты, папкорну і іншых забаў. А яшчэ была гарачая юшка, бліны. Карацей, сумна тут не было.
    Калі ў мінулым годзе “ваенныя дзеянні” праходзілі на досыць вялікай тэрыторыі і гледачы мусілі былі адыходзіць аж за канал, дык цяпер рэканструкцыя праходзіла на невялікай тэрыторыі (але гэта ніяк не сказалася на яе якасці, скажам так), затое для гледачоў было вельмі зручна: можна было назіраць за падзеямі з усіх чатырох бакоў і вольна пераходзіць вакол.
    Важны момант: было якаснае каменціраванне ўсіх дзеянняў рэканструктараў на пляцоўцы праз гукаўзмацняльную апаратуру, якое цікава вёў наш зямляк, намеснік дырэктара па навуковай рабоце Палескага аграрна-экалагічнага інстытута Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Віктар Дзямянчык.
    Адным словам, было зроблена ўсё магчымае, каб і ўдзельнікі рэканструкцыі, і гледачы засталіся цалкам задаволенымі відовішчам.
    Пачаўся фестываль пралогам і невялікім канцэртам, на якім спявалі тэматычныя песні Кірыл Кучынскі, Аляксандр Мішанкоў, Алена Шэлест і Уладзімір Краўцоў, Алег Ляцецкі і Леанід Бысік. Пасля настаяцель Выганашчанскага храма айцец Мікалай асвяціў крыж, які быў устаноўлены напярэдадні ля дота ў памяць загінуўшых воінаў рускай арміі, адслужыў ліцію.
    Адкрываючы фестываль, старшыня райвыканкама Анатолій Ткачук казаў аб тым, што Першая сусветная вайна доўгі час заставалася забытай вайной, белай плямай гісторыі. Але яна была тут, яна – частка нашай гісторыі, бо накрыла сваім чорным крылом мясціны нашай радзімы. Наша Беларусь стала суверэннай незалежнай дзяржавай, і сёння мы адкрываем наноў гэтыя страшныя старонкі. І мэта ў нас зразумелая: толькі той, хто помніць жудасць вайны, зробіць усё магчымае, каб не даць ёй паўтарыцца, той будзе імкнуцца берагчы мір, хто ясна ўсведамляе, чым абарочваюцца ваенныя дзеянні для мірных жыхароў. Анатолій Уладзіміравіч выказаў шчырую падзяку ўсім, хто спрычыніўся да арганізацыі і правядзення фестывалю, аказаў спонсарскую дапамогу, у ліку якіх Целяханскі сельвыканкам, СВК “Горталь” і “Аброўскі”, Целяханскі лясгас, Івацэвіцкае райста і іншыя. 
    Віктар Дзямянчык у кароткай прамове акцэнтаваў увагу прысутных на тым, што хоць ваенна-гістарычныя рэканструкцыі сёння – не навіна, але рэканструкцыя  падзей Першай сусветнай вайны – адзіная ў нашай краіне і яна праходзіць менавіта ў нас.
    А потым пачалася дзея… Простыя, у поўны рост атакі і вылазкі разведвальна-дыверсійных груп, акопныя рукапашныя баі і газавыя атакі… Вінтовачная страляніна (халастымі, вядома) і чэргі знакамітага кулямёта “Максіма”, узрывы гранат і – над галовамі салдат – той самай небяспечнай, спецыяльна дзеля акопнай вайны распрацаванай страшнай шрапнелі (імітатараў, канешне).
    Гледачам, якіх на гэтае свята сабралася ці не ў два разы болей, было на што падзівіцца. Непасрэдна рэканструкцыя працягвалася амаль гадзіну.
    З завяршэннем “баявых дзеянняў” праз вызначаны час на поле да салдат рускіх і нямецкіх сыпанулі ўсе: пабачыць зблізу, пафатагравацца, паха-
    дзіць у акопах…
     На гэтым фестывалі было вельмі многа дзяцей і падлеткаў: зразумела, бацькі захацелі падарыць сваім гадаванцам вось такі цікавы дзень. І ўдвая прыемна, што арганізатары ўлічылі менавіта гэты момант. Урэшце, дарослыя, пакаленне, якое сёння мае ўнукаў, ведае нямала пра тую вайну. Нам важна не проста захаваць памяць, а перадаць яе вось ім – нашым нашчадкам. Бо сапраўдны патрыятызм грунтаваўся і грунтуецца на  гістарычнай памяці. Тут была вайна, тут была смерць, голад і холад, тут была разруха і вынішчэнне. Але ж мы – выстаялі, мы – адрадзіліся, мы змаглі пабудаваць сённяшні дзень. А значыць, зможам пабудаваць і тое заўтра, у якое верым.
    Валерый ГАПЕЕЎ, фота Валерыя МІСКЕВІЧА.
    Автор: Валерый ГАПЕЕЎІвацэвіцкі веснік
    Теги: 

Комментарии (0)