27 Апреля, 2024 Суббота

Чыстыя вочы Браслаўскіх азёр

  • 14 июля 2016 Общество Русский 0
    “Браслаўскія азёры” —  вядомы  турыстычны брэнд у Беларусі. З часам там будзе “кліматычна нейтральны рэгіён”: Браслаўскі раён стане месцам з нулявымі выкідамі шкодных рэчываў у атмасферу.


    Пра тое гаварылі ў Мінску ўдзельнікі прэс-канферэнцыі, што ладзілася ў плыні Тыдня устойлівай энергетыкі-2016. Прычым першыя крокі для рэалізацыі праекта зроблены ў 2014-м: тады кіраўнікі раёна паставілі подпісы пад дэкларацыяй аб далучэнні Браслава да “Пакта мэраў”. Узялі на сябе абавязацельствы па рэалізацыі стратэгіі Еўрасаюза ў галіне энергетыкі ды абароны клімату, вядомай як “20-20-20”. Так Браслаў змог паўдзельнічаць у конкурсе праектаў на атрыманне гранта Еўракамісіі па праграме “Падтрымка гарадоў “Усходняга партнёрства”.

    Сама назва праекта абнадзейвае: “Браслаўскі раён — першы кліматычна нейтральны муніцыпалітэт у Беларусі”. Гэта і быў першы конкурсны праект, прадстаўлены ў Еўракамісію. Тыя, хто яго задумаў, спадзяваліся атрымаць сродкі на распрацоўку і практычную рэалізацыю стратэгічнага плана. А ён такі: пераўтварыць раён у месца, дзе да 2030 года колькасць выкідаў вуглякіслага газу будзе практычна зведзена да нуля за кошт энергазберагальных тэхналогій, аднаўляльных крыніц энергіі. “То быў конкурс на падтрымку гарадоў у сферы ўстойлівага і энергетычнага развіцця, — успамінае падзеі 2015-га Дзмітры Буронкін, адзін з суаўтараў праекта. — Наш раён, як і яшчэ шэсць адміністрацыйных адзінак Беларусі, падаў заяўку на ўдзел. Наш праект Еўракамісія разгледзела ў Брусэлі, палічыла перспектыўным, ухваліла. І летась быў падпісаны грант-кантракт на 600 тысяч еўра, якія мы ўжо атрымалі”.

    Зніжаць энергаспажыванне ў сферы ЖКГ Браслаўшчына пачынае сёлета. Старыя катлы цэнтральнай кацельні, якія працуюць на торфе, заменяць на новыя, будуць спальваць дранку (шчэпкі) і салому — такой сыравіны ў раёне шмат. Усталююць сонечныя калектары для аўтаномнага нагрэву вады на дахах дзіцячых садкоў. Яшчэ — часткова заменяць вулічнае асвятлення на святлодыёдныя свяцільні. Як лічыць Міхаіл Пліско, намеснік старшыні райвыканкама, правядзенне тых работ дасць магчымасць знізіць энергаспажыванне ў сферы ЖКГ. А далей у раёне будуць развіваць аднаўляльную энергетыку, выкарыстоўваючы рэсурсы вады, сонца, ветру…Такія захады, мяркуецца, ужо да 2020-га прывядуць да зніжэння выкідаў вуглякіслага газу ў атмасферу ў рэгіёне працэнтаў на 20. А кліматычна нейтральнай тэрыторыя Браслаўшчыны стане да 2030-га.

    Голас Радзімы № 26 (3482), чацвер, 14 ліпеня, 2016 у PDF

    Автор: Іна ГанчаровічГолас Радзімы

Комментарии (0)