19 Апреля, 2024 Пятница

У парку будуць фантан і пляцоўкі…

  • 19 июля 2016 Общество Беларуская 0

    Рыхтуемся да 900-годдзя Слуцка: у гарадскім парку культуры і адпачынку распачалі падрыхтоўчыя работы пад будаўніцтва фантана. Пра тое, якім ён будзе, іншыя аб’екты парка, расказвае дырэктар КУП «Слуцкая жыллёва-камунальная гаспадарка» Мікалай Фёдаравіч Варанько.

    – Фантан, які, бясспрэчна, упрыгожыць наш горад, будзе ў выглядзе вялікай чашы дыяметрам дзевяць метраў з гранітным пакрыццём. Устройства воднай карціны прадугледжваецца з трох контураў фантанных насадак, якія абсталяваны сістэмай колеравай падсветкі водных струменяў. Прасцей кажучы, струмені будуць асвятляцца рознымі колерамі. Усяго ў фантане 153 струмені вышынёй 4,5, 3 і 2 метры. Работы па ўладкаванні фантана выконвае ПМК-225. Нагадаю, што ўладкаванне аб’екта праводзіцца за сродкі, заробленыя вамі, шаноўныя случчане, на раённых суботніках. Плануецца, што ўжо ў верасні гэтага года фантан будзе ўведзены ў эксплуатацыю.

    Хачу падкрэсліць, што гэта далёка не ўсе аб’екты, якія з’явяцца ў гарадскім парку культуры і адпачынку ў бліжэйшы час. У тым ліку за сродкі ЖКГ  пашырым дзіцячую пляцоўку і ўстановім там новыя гульнёвыя формы – дзіцячую качалку і лабірынт. Аздобяць парк спартыўная пляцоўка для гульні ў бадмінтон і настольны тэніс, два турнікі. Устаноўлена новая прыгожая альтанка, у планах – устаноўка яшчэ адной.

     Нагадаю, што развіццё парка (дырэктар Анатолій Іванавіч Осіпаў) праводзіцца Слуцкай жыллёва-камунальнай гаспадаркай у адпаведнасці з планам, разлічаным на 2014 – 2016 гады. За гэты час, думаю, са мной пагодзяцца случчане, у парку адбыліся адчувальныя змены, ён набывае новае аблічча, стаў больш утульным, уладкаваным. У прыватнасці, праведзена зрэзка 132 старых  дрэў, выкарчоўка і перапрацоўка пнёў, пасаджана 415 маладзенькіх дрэўцаў і 40 кустоў. Наноў уладкавалі 750 метраў квадратных газонаў, адрамантавалі 120 метраў квадратных пешаходных дарожак з тратуарнай пліткі, аднавілі «альпійскую горку» з вадападам, устанавілі 50 новых урнаў для смецця. Правялі рэканструкцыю электраабсталявання парка, у тым ліку абсталявалі тры новыя электрапункты для падключэння гандлёвых кропак і апаратуры ўстаноў культуры. Сіламі Слуцкай ЖКГ абсталявана памяшканне, закуплена абсталяванне і ўведзены стралковы цір. Карыстаецца папулярнасцю дзіцячы гульнёвы атракцыён «Отель», набыты за сродкі, заробленыя случчанамі на раённых суботніках. Выручка ад эксплуатацыі атракцыёна з верасня 2014 года па ліпень 2016 года склала 90 мільёнаў рублёў (у грашовых знаках да дэнамінацыі). Работа па ўладкаванні парка і горада будзе працягвацца. У тым ліку шмат пераўтварэнняў адбудзецца да юбілею Слуцка, у прыватнасці, на вуліцы 14 Партызан уладкавана клумба з надпісам «900 лет», прыгожыя аздабленні да юбілею горада з’явяцца і ў іншых мікрараёнах, у тым ліку на кальцы пры ўездзе ў Слуцк. Адзіная просьба, паважаныя землякі: падтрымлівайце чысціню і парадак, беражыце маёмасць, не псуйце зялёныя насаджэнні. У гэтым – не толькі праца камунальшчыкаў, але ўклад кожнага з вас.

    Автор: Наталья СЕЛЕЗНЁВАСлуцкий край
    Теги: 

Комментарии (0)