28 Марта, 2024 Четверг

«Лесаруб-2016»

  • 21 июля 2016 Общество Беларуская 0

    У гэтым годзе гонар прымаць спаборніцтвы і адкрыць чэмпіянат вобласці быў прадастаўлены Слуцкаму лясгасу, самае прыдатнае месца – Урэцкае лясніцтва, размешчанае на тэрыторыі Любанскага раёна. Цікава, што пры жараб’ёўцы камандзе Слуцкага лясгаса, дастаўся першы нумар.

    У гэтым годзе Слуцк прадстаўлялі вальшчыкі Генадзь Макоўскі, Віктар Лапец, Вадзім Яцко, аператар гідрамадулятара Віталь Карповіч, фарвардарда – Яўген Есіповіч, харвестара –  Віталь Мельянцоў.

    Першая пляцоўка – мантаж ланцуга. Тут разгарнуўся сапраўдны бензапілавы піт-стоп. Трэба было замяніць ланцуг у піле за мінімальны час. Дакладнасць, паслядоўнасць і хуткасць нагадвалі «Формулу-1». У сярэднім, мяркуючы па маіх падліках,  спецыяліст на замену ланцуга траціў каля 25 секунд. Галоўная ўмова – не параніць рукі, якія старанна аглядалі перад пачаткам спаборніцтваў на наяўнасць ран і драпін.

    Наводдаль аператары-вадзіцелі МАЗ 6303 будавалі піраміду з драўляных паленаў. З сапраўды ювелірнай дакладнасцю ўдзельнікі спаборніцтваў складвалі вежу вышынёй прыблізна паўтара метра. А па суседству спаборнічалі ў пабудове  калодзежа з бярвення.

    На наступнай пляцоўцы практычна не змаўкаў роў бензапіл.

    Раз, два – і праз некалькі імгненняў ствол застаецца без адзінай галінкі. Доўгае палена старанна наразаюць на «блінцы» пэўнай таўшчыні. І як у добрай гаспадыні, яны павінны быць роўнымі і гладкімі. Камбінаваны рэз, раскрыжоўка і абразанне сукоў – гэтым займаліся вальшчыкі. Тут патрэбны былі хуткасць, дакладнасць і, вядома ж, бяспека.

    Сапраўдны майстар-клас паказалі каманды на валцы лесу. За эфектыўна праведзеную працу прысуджаліся максімальныя 660 балаў. Таму суддзі прыдзірліва ацэньвалі ўсё да міліметра і долі секунды.

    Аднак справа лясгаса – не толькі нарыхтоўка лесу, але і яго вырошчванне.

    – Штогод мы высаджваем лясныя культуры на высечках у аб'ёме 180 – 200 гектараў, – расказаў дырэктар ДЛГУ «Слуцкі лясгас» Мікалай Ражкоў. – Высаджваем 6 лесаўтваральных парод: хвою, елку, лістоўніцу, бярозу, алешыну, дуб, таксама садзім ліпу і клён.

    Усе землі, якія выходзяць з-пад высечак, пераходзяць у лесакультурны фонд, і калі глеба падыходзіць, то там узнаўляюцца лясныя культуры. Частку высечак мы праводзім

    не суцэльным спосабам, прыбіраем дрэвы выбарачна – аднаўляем лес натуральным шляхам.

    Але вернемся на пляцоўку спаборніцтваў. У напружанай барацьбе пераможцамі спаборніцтваў «Лесаруб-2016» стала каманда Вілейскага лясгаса, на другім месцы – каманда Бярэзінскага лясгаса, на трэцім – каманда Маладзечанскага лясгаса. Вальшчык лесу Генадзь Макоўскі ў асабістым заліку падняўся на другую прыступку п'едэстала.

    Лепшыя абласныя вальшчыкі прадставяць цэнтральны рэгіён на рэспубліканскім узроўні. Лепшыя з лепшых, у сваю чаргу, завядуць свае бензапілы на чэмпіянаце свету, які ў гэтым годзе пройдзе ў Польшчы.

    Автор: Ірына МАЛЯЎКАСлуцкий край

Комментарии (0)