23 Апреля, 2024 Вторник

Асяроддзе без бар’ераў – агульны клопат

  • 22 июля 2016 Общество Беларуская 0

    Старшыня Рэспубліканскага міжведамаснага савета па праблемах інвалідаў, намеснік Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Наталля Качанава прыехала ў Маладзечна, каб у чарговы раз звярнуць увагу на праблемы інвалідаў, стварэнне безбар’ернага асяроддзя.

    У выхаванцаў мясцовай санаторнай школы-інтэрната для дзяцей з захворваннямі касцёва-мышачнай сістэмы і злучальнай тканкі ў 92-95 працэнтах адзначаецца ўстойлівы эфект у выніку лячэння або аздараўлення. Як спецыялістам установы ўдаецца дасягнуць гэтага, вывучалі ўдзельнікі выязнога пасяджэння Рэспубліканскага міжведамаснага савета па праблемах інвалідаў.

    Прысутных вітаў Уладзімір Ляговіч. Гэтай установай ён кіруе больш за дзесяць гадоў. Дырэктар засяродзіў увагу на важных этапах яе развіцця і станаўлення. Госці з непадробнай цікавасцю адправіліся на экскурсію, каб пазнаёміцца з магчымасцямі спецыялізаванай установы.

    — За 56 гадоў існавання тут была праведзена не адна рэарганізацыя. Але ва ўсе часы педагогі і медыкі імкнуліся да таго, каб дзеці, якія прыязджаюць сюды з усяго сталічнага рэгіёна, палепшылі сваё здароўе і не адсталі ў вучобе і развіцці ад равеснікаў, — зазначыў Уладзімір Андрэевіч. — Новай старонкай у гісторыі ўстановы стаў 2010 год, калі быў адкрыты аздараўленчы комплекс з басейнам. Ён узводзіўся па Дзяржаўнай праграме Прэзідэнта краіны «Дзеці Беларусі».

    Цяпер падапечныя школы-інтэрната атрымліваюць поўны комплекс па лячэнні, аздараўленні і рэабілітацыі. Тут цалкам укамплектаваны штат медыцынскага персаналу – а гэта пераважна «вузкія» спецыялісты ў галіне артапедыі і траўматалогіі, неўралогіі і вопытныя масажысты. Па паказаннях дзеці могуць прайсці і ўнікальныя працэдуры спелеа- і азакерыттэрапіі. Праводзіцца ў медблоку і скрынінг-дыягностыка дэфармацыі пазваночніка метадам камп’ютарнай аптычнай тапаграфіі. Адпаведная апаратура для гэтага ёсць не ва ўсіх раённых гарадах. Вопытныя спецыялісты займаюцца і фізічным выхаваннем, што важна ў рэабілітацыі дзяцей з захворваннямі касцёва-мышачнай сістэмы. Усе сямёра выкладчыкаў маюць вузкія спецыялізацыі, што дазваляе ім з веданнем справы праводзіць лячэбную гімнастыку.

    Працэдуры на платнай аснове ў інтэрнаце могуць прайсці мясцовыя жыхары. Наталля Качанава трапна заўважыла, што гэта ні ў якім разе не павінна замінаць лячэнню і аздараўленню тых, хто сюды трапіў па накіраванні на стацыянарны курс. (Дарэчы, ён доўжыцца не менш за месяц і да года.) І калектыў спецыялізаванай установы абсалютна згодны з гэтай думкай. Безумоўна, удзельнікаў форуму ўразіла магутная база санаторнай школы, якая знаходзіцца ў звычайным райцэнтры.

    Не сціхаюць тут дзіцячыя галасы і ўлетку. У час самых працяглых школьных канікул арганізуюцца аздараўленчыя і профільныя лагеры. Сёлета амаль за два месяцы тут паправілі здароўе ўжо звыш 300 хлопчыкаў і дзяўчынак з усёй краіны. Цяпер у школе адкрыта чарговая летняя змена. Усе запланаваныя для дзяцей мерапрыемствы і працэдуры праводзіліся па звычайным раскладзе і ў час выязнога пасяджэння Рэспубліканскага міжведамаснага савета.

    Удзельнікі мерапрыемства ўзялі на заметку вопыт нашай школы-інтэрната для далейшай работы ў іншых рэгіёнах. Прадоўжылася пасяджэнне ў Мінскай абласной комплекснай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе «Алімпік-2011», што знаходзіцца на базе мясцовага спартыўна-забаўляльнага цэнтра. Прысутныя яшчэ раз звярнуліся да пытанняў стварэння безбар’ернага асяроддзя, абагульнілі ўжо зробленае, паспрабавалі вызначыць новыя падыходы ў дапамозе інвалідам. Пагутарылі і аб тым, як не дапусціць сітуацый, небяспечных для здароўя чалавека.

    Фота Аляксея ПЛАТКО.

    Автор: Ірына РАБУШКА.Маладзечанская газета

Комментарии (0)