07 Мая, 2024 Вторник

У малочным каралеустве

  • 26 июля 2016 Общество Беларуская 0

    Менавіта падарожжам у малочнае каралеўства хочацца назваць суботнюю па­ездку ў аграгарадок «Блізніца» на раённае брэнд-шоу «Блізніца-Міlk-Land»-2016. Свята малака ў Полацкім раёне прахо­дзіла ў 4-ы раз, а ў гэтым маляўнічым месцы Полацкага раёна — у другі, і мясцовыя жыхары шчыра радаваліся, што яно тут «пусціла корні».

    З самага ранку грала музыка, устанаўліваліся сцэна і гандлёвыя палаткі, ладзіліся выстава-дэгу­стацыя малочнай прадукцыі «Свет малочных захапленняў», выставы кніжнай прадукцыі і работ майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, арганізоўваліся дзіцячыя гульнёвыя пляцоўкі. Да пачатку мера­прыемства Блізніца дыхала святам, вёска расцвіла, зайграла...

    Асноўны  прадукт 

    «Без малака няма жыцця, і атрым­ліваецца гэты прадукт штодзённай цяжкай працай», — выказаў  упэўненасць пры размове з журналістамі старшыня Полацкага райвыканкама Мікалай Шаўчук.

    — Для Полацкага раёна малако — гэта асноўны прадукт, мы ўваходзім у пяцёрку валаўтвараючых раёнаў Віцебскай вобласці. Сёння мы сабраліся, каб падвесці вынікі вытворчасці малака гаспадаркамі Полацкага раёна. Мы вызначылі лепшых вытворцаў малочнай прадукцыі па колькасці і якасці. Кожны год лідар у нас мяняецца, значыць — ма­лочная галіна развіваецца, рухаецца паступальна. Мы сабраліся разам, каб выказаць падзяку аператарам машыннага даення, спецыялістам, якія адказна ставяцца да вытворчасці малака. Людзі і новыя тэхналогіі — гэтыя два складальнікі з’яўляюцца вызначальнымі ў вытворчасці малака, — падкрэсліў Мікалай Мікалаевіч.

    Лепшыя — разам

    Дружнай калонай пад дробат барабанаў удзельнікі мерапрыемства крочылі да месца правядзення брэнд-шоу. Узначалілі калону перадавікоў жывёлагадоўчай галіны Полацкага раёна намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Полацкага райвыканкама Наталля Тышкевіч і спецыялісты райсельгасхарчу. За імі ішлі кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў Полацкага раёна, заатэхнікі, загадчыкі ферм, аператары машыннага даення. Настрой ва ўдзельнікаў шэсця быў узвышаны: менавіта яны былі галоўнымі героямі свята! Кіраўніцтва Полацкага раёна прыняла рашэнне аб правядзенні малочнага фэсту з мэтай папулярызацыі прафесіі жывёлавода і ўшанавання лепшых працоўных калектываў па вытворчасці малака і аператараў машыннага даення, якія дэманструюць высокія вынікі працы.

    Сапраўдная  сталіца

    Сертыфікат аб прысваенні аграгарадку Блізніца звання «Малочная сталіца-2016» атрымаў дырэктар ААТ «Блізніца-Агра» Браніслаў Піліпёнак. На сённяшні дзень гаспадарка, якую ўзначальвае Браніслаў Эдуардавіч, — налічвае тысячу кароў, якія ўтрымліваюцца на 7 фермах. Калі ўлічыць, што ў Полацкім раёне ўсяго 10 000 рагуль — працаўнікі «Блізніцы-Агра» даглядаюць дзясятую частку раённага статка. Лічбы гавораць самі за сябе, Блізніца — сапраўды сталіца малака ў Полацкім раёне. Штодзень на малочны камбінат з гэтай гаспадаркі накіроўваецца больш за 11 тон свежага малачка.

    Гаспадар малочнай краіны шчыра вітаў гасцей свята, зычыў усім дабра, здароўя і дабрабыту.

    Па  заслугах!

    Асаблівым момантам на свяце было ўшанаванне «Малочнага караля-2016». Сёлета ганаровую чырвоную стужку з залатымі лі­тарамі атрымаў дырэктар сельгаспрадпрыемства «Палімір-Агра» Віктар Яноўскі.

    Падчас урачыстасці намеснік начальніка райсельгасхарчу Полацкага райвыканкама Натал­ля Тышкевіч адзначыла, што да падвядзення вынікаў вытворчасці малака за першае паўгоддзе спецыялісты ўпраўлення падышлі з усёй адказнасцю. Пры вызначэнні гаспадаркі-пераможцы аналізавалі валавую вытвор­часць «белага золата» і яго якасць. 

    У якой жа з 16 гаспадарак Полацкага раёна самая шырокая рака на малочны камбінат? Аказваецца — у «Паліміра-Агра». Штодзень гэтая гаспадарка, якая налічвае 850 кароў, прадае дзяржаве 13 і больш тон карыснага прадукту на 7 тысяч рублёў (70 мільёнаў да дэнамінацыі). Полацкі раён прадае што­дзень 137-138 тон. Уклад «Паліміра-Агра» ў агульную малочную раённую раку — 10 працэнтаў. Акрамя як па колькасці, вытворцы гэтай гаспадаркі абышлі сваіх бліжэйшых канкурэнтаў па валавай вытворчасці — гаспадаркі «Новыя Гараны», «Полацкі аграсервіс», філіял «Вясна-энерга», «Кушлікі», «Блізніца» — па якасці. Паліміраўцы здаюць на камбінат 94 працэнты прадукцыі сортам «экстра».

    Спаборніцтва  паказала

    Старшыня Полацкага райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Аляксандр Дабраслаўскі са святочнай сцэны агучыў вынікі аператыўнага штомесячнага спаборніцтва сярод малочнатаварных ферм і аператараў машыннага даення за чэрвень і запрасіў на сцэну пераможцаў.

    Пад гучныя апладысменты глядацкай залы заслужаныя Па­дзячныя лісты і грашовыя прэміі атрымлівалі самыя працавітыя жывёлаводы: калектыў малочнатаварнай фермы «Арцюхі» філіяла «Гараны-Агра» ААТ «Полацкі камбінат хлебапрадуктаў», Галіна Шчэрбік, аператар машыннага даення малочнатаварнай фермы «Кауны» УП «ПС-Карпекі», і Надзея Марозава, аператар машыннага даення малочнатаварнай фермы «Ніз» КУСГП «Палата».

    У  розных  намінацыях

    Сёлетняе свята малака падтрымалі шматлікія партнёры з Полацка і Полацкага раёна — прадпрыемствы, установы, грамадскія аб’яднанні, гандлёвыя прадпрыемствы, банк і іншыя, якія з задавальненнем пазнаёміліся з 30  перадавікамі малочнай вытворчасці Полацкага раёна і ўручылі ім памятныя падарункі.

    Цікава, што да ўшанавання пераможцаў у розных намінацыях партнёры падышлі творча, прыдумалі цікавыя сцэнарыі, выкарысталі крэатыўныя ідэі. Са святочнай сцэны гучала столькі добрых слоў, падзяк!

    Да творчага пошуку іх падштурхнулі самі намінанткі. Нашы аператары машыннага даення што ні асоба — то цэлы сусвет. Вывучыўшы кандыдатуры, парт­нёры віншавалі «Захавальніцу роду», «Захавальніцу сямейных каштоўнасцей», пераможцаў у намінацыях «Маё натхненне», «Паспяховы старт», «Чароўны голас», «Лідар сяла» і іншых. Артыстычныя здольнасці праявілі на сцэне, калі віншавалі лепшых даярак, калектыў ААТ «Полацкі малочны камбінат», першы сакратар раённага камітэта ГА «БРСМ» Ганна Сярко, старшыня Полацкага раённага аб’яднання прафсаюзаў Святлана Янічак, Аст­роўшчынскі сельскі Дом культуры, ААТ «Дом гандлю» і іншыя. 

    Сардэчна віншавала трох пераможцаў у намінацыі «Творчы пошук і рамантыка душы» галоўны рэдактар газеты «Полацкі веснік» Вольга Часнавіцкая. Для кожнай з жанчын, якія, ня­гледзячы на занятасць на працы, маюць творчыя захапленні і з’яўляюцца падпісчыцамі нашай газеты, яна падабрала душэўныя словы, своеасаблівыя разынкі і ўручыла памятныя падарункі. 

    Лепшая  кароўка

    Аператары машыннага даення звычайна пры зносінах адзначаюць, што колькасць малака напрамую залежыць ад іх стаўлення да рагуль. На свяце ўрачыста ўшанавалі лепшую карову ў намінацыі «Карміцелька-рэкардсменка-2016». 

    Высокага звання ўдастоена рагуля па мянушцы Авацыя з філіяла «Вясна-энерга» РУП «Віцебскэнерга». Адна з гераінь свята з гаспадаркі «Блізніца» прысутнічала на малочным свяце. Разам з ёй фата­графаваліся ўсе жадаючыя! 

    Смак  дзяцінства

    Які ж малочны фэст без малака і малочных прадуктаў? Жыхары Вароніцкага і Бабыніцкага сельсаветаў прывезлі ў Блізніцу смачныя сыры, бліны з творагам, пірагі, асноўным інгрыдыентам пры прыгатаванні якіх з’яўляецца малако. «Дзякуй за сапраўдны смак дзяцін­ства!» — пахваліў руплівых гаспа­дынь, якія частавалі гасцей дамашнім сырам, старшыня Полацкага райвыканкама Мікалай Шаўчу­к. 

    Госці свята актыўна каштавалі малочную прадукцыю ААТ «Полацкі малочны камбінат». Дэгустацыя малака была ўключана і ў святочную праграму: жадаючым удзельнікам конкурсу прапанавалі адрозніць дамашняе ма­лако ад магазіннага. А яшчэ самыя моцныя мужчыны ўзбівалі ўручную вяршкі ў трохлітровых слоіках, каб атрымаць масла. І, трэба адзначыць, з задачай справіліся паспяхова!

    Автор: Алина БольшаковаПолацкі веснік
    Теги: 

Комментарии (0)