18 Октября, 2019 Пятница

Кубак Браслава адправіўся ў Рыгу

  • 28 июля 2016 Общество Беларуская 0

    Сярод мноства цікавых мерапрыемстваў, якія кожны год ладзяцца ў нашым раёне і збіраюць вялікую колькасць гледачоў, ёсць адно асаблівае — рэгіянальная выстаўка сабак усіх парод “Кубак Браслава”. Шмат браслаўчан і гасцей горада прыходзяць сюды, каб паназіраць за спаборніцтвамі лепшых сабак Беларусі і суседніх краін. Вось і ў мінулую нядзелю на гарадскім стадыёне было шумна і весела.

    Чарговы раз Браслаў гасцінна прыняў прафесіяналаў гэтай сферы, заводчыкаў і іх чатырохногіх гадаванцаў. Галоўным жа арганізатарам выстаўкі стала беларускае кіналагічнае аб’яднанне “Аль- ба Рос”. Трэба зазначыць, што “Кубак Браслава” за многія гады правядзення стаў сапраўдным брэндам. Таму, калі ўладальнікі сабак у спісе выставак бачаць наш горад, абавязкова стараюцца сюды прыехаць. У многім гэта тлумачыцца тым, што збіраюцца на выстаўцы не толькі беларускія заводчыкі, але і госці з бліжэйшых краін. Калі ва ўдзельнікаў з Латвіі і Беларусі пацікавілася, як ім падабаецца ўзровень арганізацыі мерапрыемства, пачула ад іх толькі добрыя водгукі і словы падзякі.

    Тое, што арганізацыя на вышэйшым узроўні, падкрэсліла і старшыня БКА “Альба Рос” Святлана Радзюк. У многім гэта вынік актыўнай работы рэгіянальнага прадстаўніка Валянціны Ермалёнак.

    Палюбілася выстаўка і гледачам, а для самых маленькіх яна ўвогуле стала сапраўдным святам. У адным месцы сабралася столькі вялікіх і маленькіх, калматых і гладкашэрсных, вясёлых і сур’ёзных сабак, што гледачы нават разгубіліся, да каго першага падысці. Пакуль дарослыя гутарылі з заводчыкамі, цікавіліся ўмовамі ўтрымання, дзеці імкнуліся ўзяць на рукі, абняць ціпагладзіць сабак, а потым з задавальненнем з імі фатаграфаваліся.

    Паступова ўсё больш гледачоў збіраліся каля рынгаў, дзе адбывалася самае цікавае. Пакуль адны чатырохногія сябры рыхтаваліся да імправізаванага выступлення, прыхарошваліся ці проста адпачывалі, другія ўжо выходзілі на рынг. Тут яны паказвалі ўсе свае здольнасці і спрыт. Кожны сабака павінен быў прабегчыся па крузе і паказаць, як умее рухацца. Далей журы правярала правільны прыкус, ці на месцы зубы. А апошнім выпрабаваннем станавілася стойка, па якой можна было вызначыць экстэр’ер чатырохногага гадаванца. Адны з іх паслухмяна выконвалі каманды гаспадароў, другія крыху капрызнічалі. Гледачы падоўгу назіралі за гэтым дзействам, выказвалі свае меркаванні адносна таго, хто ж стане ўладальнікам “Кубка Браслава — 2016”.

    Не абмінулі ўвагай значнае мерапрыемства і браслаўскія заводчыкі. Так, у выстаўцыпаўдзельнічала Юлія Калтан з Муражаў са сваімі даўгашэрснымі колі. Для аднаго яе сабакі гэта быў дэбют, а вось для другога — не першая выстаўка. Гадаванец Юліі ўжо быў кандыдатам у чэмпіёны Беларусі і лепшым сярод прадстаўнікоў сваёй пароды.

    Пасля доўгіх хваляванняў гаспадароў і іх чатырохногіх гадаванцаў нарэшце стаў вядомы пераможца. У выніку “Кубак Браслава — 2016” заваявала такса з латвійскага горада Рыга. Акрамя таго, у кожнай намінацыі былі вызначаны свае пераможцы.

    • Пазмагацца за кубак у гэтым годзе прыехалі больш за 150 сабакаводаў з Беларусі, Расіі, Латвіі і Эстоніі. З кожным годам пашыраецца як геаграфія ўдзельнікаў, так і колькасць парод. Вось і на гэты раз іх было больш за 50. У рамках “Кубка Браслава” прайшлі рэспубліканская выстаўка французскіх бульдогаў, мопсаў і чэмпіянат ёркшырскіх тэр’ераў. Сярод добра вядомых нямецкіх аўчарак, колі, хаскаў, спаніэляў можна было ўбачыць і сабак рэдкіх парод. Напрыклад, кане-корса, пірынейская горная акіта, бішон, мальтэзэ, лхаса апса, бельгійскі грыфон.
    Автор: Таццяна ПятушкаБраслаўская звязда

Комментарии (0)