20 Апреля, 2024 Суббота

Ад Вайнідзенятаў да Жодзішак водным шляхам па віхлявай Віліі

  • 06 августа 2016 Общество Беларуская 0

    Ад Вайнідзенятаў да Жодзішак водным шляхам па віхлявай Віліі можна даплыць за пару гадзін. А можна і за светлавы дзень, калі прыпыняцца ў адметных мясцінах, што захоўваюць успаміны пра падзеі сівой даўніны і гераічнай старажытнасці.

    Ліпучыя шчупальцы-кайданы сусветнай павуціны яшчэ моцна трымалі свядомасць у сваім палоне. Сямёра вандроўнікаў, што выправіліся ў паход на байдарках па Віліі, не столькі імкнуліся валодаць вёсламі, як шукалі асацыяцыі з культавай сагай Джорджа Лукаса “Зорныя войны” і размяркоўвалі паміж сабой ролі. Самаму сталаму далі мянушку Энакін, інструктара справядліва “прысвяцілі” ў магістра Йоду, абралі Люка і Лею, нехта стаў часова Чубакай, некаму дасталося званне джэдая. Не ведалі гэтыя дзеці новай эпохі, што напера-дзе іх чакаюць такія адкрыцці, пасля якіх фантастычны серыял непрыкметна адступіць на задні план.

    А магістр Йода, выбачайце, — інструктар Алег Мізула, сваімі аповедамі канчаткова пераканае, што за дзівосамі не абавязкова ляцець на іншыя планеты ці нават выпраўляцца ў кругасветнае падарожжа. Дастаткова выбрацца за межы горада і апынуцца сам-насам з прыродай.

    Гаспадар аграсядзібы “Вялес”, ён жа — дасведчаны краязнаўца, гісторык і таленавіты бард Алег Мізула стаў правадніком і эрудзіраваным гідам па мясцінах, што ўвайшлі ў аналы гісторыі краю як старажытнае княства Нальшчанскае. Дылетанту, які падарожнічае па Віліі, маючы на ўзбраенні карту і GPS-навігатар, можна толькі паспачуваць. Бо акрамя маляўнічых краявідаў і духмяных пахаў для яго іншыя цуды недаступныя. Нам па-шчасціла. З дапамогай свайго “магістра” мы неўпрыкмет перамясціліся ў часы, поўныя спадчынных легенд, паданняў, аўтэнтыкі.

    Пра Нальшчаны даводзілася чуць і раней. У старажытным Мюнхенскім рукапісе пры апісанні зямель згадвалася племя свіранаў (zuireani), якое мела 325 гарадоў. Мясцовасць, на якой трывала ся-дзела гэта племя, у рускіх і гоцкіх летапісах значыцца пад імем Нальшчанскай зямлі. Паўночнымі суседзямі нальшчанцаў былі аўкштайцкія плямёны і Дзяволтваўскае княства. Найбольш слынным нальшчанскім князем быў Даўмонт. Вядома, што ён і Міндоўг былі сваякамі, бо ажаніліся з роднымі сёстрамі. З 1264 года, калі вялікі князь Войшалак заваяваў Нальшчаны і Дзяволтву, гэтыя землі ўвайшлі ў склад Вялікага Княства Літоўскага.

    Уладанні князя Даўмонта, бацькі Давыда Гарадзенскага, — гэта сённяшняя тэрыторыя пераважна Смаргонскага і Ашмянскага раёнаў. Існуюць меркаванні, што на гэтых абсягах найдаўжэй захоўвалася паганства і, нават афіцыйна прыняўшы хрысціянскую веру, абарыгены прытрымліваліся старажытных традыцый, пакланяліся сваім багам. Водгукі мясцовага субстрату і сёння праяўляюцца ў народных святах і звычаях. Дзе-нідзе захаваліся капішчы, выбітыя на валунах знакі.

    А нашы байдарачнікі, пасля практыкаванняў з вёсламі і зама-цоўвання навыкаў работы ў парах, прычальваюць каля прыгожага касцёла Святой Тройцы ў Данюшаве. Абнесены мураванай агароджай, з брамай і шатровай званіцай, гэты драўляны помнік эклектычнай архітэктуры налічвае больш як дзве сотні гадоў. Паспрыяла даўгалеццю тое, што будынак пастаянна выкарыстоўваўся, хаця і не заўжды па сваім прамым прызначэнні. Тут быў і шпіталь, і склад. У свой час Данюшава мела рэпутацыю вялікага і багатага мястэчка. Паны Аскеркі, а пазней Чарноцкія выкарыстоўвалі магчымасці Віліі як гандлёвай ракі, бралі падаткі з купцоў, што водным шляхам перавозілі свой тавар, будавалі пераправы і масты, за выкарыстоўванне якіх таксама здымалі дань. Тут знаходзілася езуіцкая місія, што таксама спрыяла развіццю мястэчка і адукацыі яго жыхароў. Алег Мізула на сродкі, атрыманыя ад перамогі ў конкурсе міні-праектаў, збіраецца абсталяваць недалёка ад касцёла на беразе ракі пляцоўку для адпачынку турыстаў, якіх шмат тут бывае за летні сезон.

    Далей наш шлях будзе не такім спакойным: наперадзе ў рэчышчы з’яўляюцца шматлікія перашкоды — камяні, парогі, перакаты. Пра парог Прывітальны згадваў у сваёй кнізе “Вілія і яе берагі” («Wilja i jej brzegi», Дрэздэн, 1871; на польскай мове) граф Канстанцін Тышкевіч, што ладзіў навуковую экспедыцыю яшчэ ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя. Парог сваю назву атрымаў ад традыцыі адорваць яго хлебам-соллю і вітаць пры гэтым наступнымі словамі: “Хлеб-соль прымі, а мяне прапусці”. Такое задобрыванне — хіба не водгук паганскіх традыцый прыносіць ахвяру стыхіям і прыродным з’явам? Аднак сёння ці то парогі сталі ніжэйшымі, ці вада пасля сёлетніх дажджоў вышэйшая, але нашы байдаркі лёгка праскочылі гэтае небяспечнае месца і ўслед за “флагманскай” лодкай нырнулі ў зараснікі чароту, асакі і трыснягу. Праз вузкі праход праціснуліся мы ў прыгожую бухтачку ў шчыльнай аблямоўцы дрэў і кустоў. Гэта непрыкметнае і з берага, і з ракі месца называецца Раслянскай затокай. Сюды прыходзіць вясной на нераст лешч. А пакуль тут квітнеюць жоўтыя гарлачыкі і белыя вадзяныя лілеі. Вада тут стаячая, таму лепш праграецца, чым у рацэ. Аматары паплаваць тут жа даюць нырца. Па сведчанні нашага кіраўніка, глыбіня ў затоцы каля чатырох метраў.

    Пасля водных працэдур вяртаемся на раку і праз некалькі метраў ізноў прычальваем. Вузкая сцежка вядзе ўгору. Пад’ём вельмі круты. Дрэвы шчыльна спляліся верхавінамі, таму неба зусім не відаць. Па левую руку круты абрыў, пад якім плёскаецца хвалямі Вілія. А наперадзе так званыя Татарскія горы і грэбень Цмока. Міфічную пачвару мы не сустрэлі, затое перад намі паўсталі цікавыя ўзгоркі-купіны. Па-іншаму іх называюць валатоўкі, або курганы-могільнікі. Археолагі з НАН толькі збіраюцца іх даследаваць. Хоць Алег Мізула ўпэўнены, што пад тоўшчай гістарычных пластоў захоўваюцца сапраўдныя артэфакты ўсходне-літоўскай культуры ХІІІ, а мо і ранейшых стагоддзяў. На зваротным шляху натыкаемся на вялізны валун з надпісам па-нямецку – помнік Першай сусветнай вайны, які сведчыць, што ў гэтым месцы ў 1917 годзе дыслацыраваўся германскі 33-і полк 3-й дывізіі. Дзе-нідзе яшчэ можна згледзець адтуліны, што засталіся ад кулямётных гнёздаў. Цяжка нават уявіць, што сто гадоў назад тут быў пост, на якім ахоўвалі падыходы да жо-дзішкаўскага маста.

    Сам мост з воднай гладзі выглядае высокім і велічным. Зусім іншым, чым калі па ім праязджаеш на машыне. Наш паход завяршаецца каля памятнага каменя ў гонар міжнароднай вандроўкі па маршруце графа К. Тышкевіча, прымеркаванай да юбілею слыннай экспедыцыі. І тут усе мы разумеем, што толькі асмакаваліся і гатовы працягваць падарожжа. Але на сядзібе “Вялес” нас чакаюць сапраўдныя літоўскія калдуны, бліны, духмяная гарбата і, вядома ж, песні пад гітару ў выкананні самадзейнага артыста і аўтара. Для аматараў пару з венікамі прапаноўвалася яшчэ і паслуга лазні.

    Уражаныя прыгажосцю беларускай прыроды, таямніцамі яе гістарычных мясцін, таленавітасцю мясцовых жыхароў, вяртаемся ў горад. Каб марыць пра чарговую вандроўку. Бо там, ніжэй па цячэнні, ёсць вадапады, гаючыя крыніцы, чароўныя балотцы, журавінныя ўзлескі і шмат-шмат чаго яшчэ. Да новых сустрэч, Вілія!

    Автор: Ала СТРАШЫНСКАЯСветлы шлях
    Теги: 

Комментарии (0)