03 Мая, 2024 Пятница

Гатоўнасць нумар адзін!

  • 08 августа 2016 Общество Беларуская 0

    Лета на фінішнай прамой. Лічаныя тыдні засталіся да першага званка, шматлюдна на школьных базарах і ў магазінах дзіцячага адзення і канцылярскіх тавараў. Кожныя маці і бацька хочуць, каб прыгожа было, якасна і па кішэні. Бо ў многіх сёлета нават не адзін школьнік у сям’і.

    Каля вітрыны з партфелямі сустрэла 6-гадовую Таццяну (на здымку), будучая вучаніца ДУА “СШ №1 г. Івацэвічы” ўпэўнена, што першы ў жыцці школьны партфель павінен быць прыгожым і абавязкова аранжавым. На такі сёння і вока кідае. Дарэчы, у сям’і Сачышыных гэты год адказны ўдвая: да 1 верасня трэба падрыхтаваць студэнта-першакурсніка сына Усевалада і першакласніцу Таццяну. Частка канцыляркі ўжо закупленая, а вось з адзеннем пакуль не спяшалася маці Ала Віктараўна. Асабліва для дачкі – надта хутка расце малая. Таму ўжо набываюць, як кажуць, у апошні момант, так больш надзейна. 

    Гэтая сям’я не адзіная ў той дзень прагульвалася па магазінах. Як паведаміла дырэктар філіяла “Лотас” Івацэвіцкага райста Алена Куратнік, амаль удвая, звычайна, павялічваецца тавараабарот у магазінах у жніўні ў параўнанні з папярэднімі летнімі месяцамі. І гэты год не выключэнне. Пакупніцкага піку чакаюць ужо ў бліжэйшыя выхадныя. І да яго нашы прадаўцы гатовыя. Нагадаем, чатыры гандлёвыя кропкі працуюць штодня, акрамя панядзелка і аўторка, на рынку па вул. Клютко, яшчэ адна кропка размешчаная каля магазіна “Універмаг”, пашыраны асартымент школьна-пісьмовых тавараў ва ўсіх магазінах райста, у сельскіх магазінах арганізаваныя “Куткі школьнікаў”. Паліцы магазінаў мільгаюць сотнямі найменняў канцылярскіх тавараў беларускіх і замежных вытворцаў, адных толькі сшыткаў больш за 50 найменняў (!). Пашырыўся сёлета і выбар школьнай формы ў магазіне “Дзіцячы свет”, тут пераважна беларускія вытворцы.

    Як і ў мінулым годзе, райста прапануе шэраг акцый для пакупнікоў. Так, беспрацэнтную растэрміноўку на пакупку школьнай формы могуць атрымаць шматдзетныя сем’і на любую суму пакупкі і звычайныя пакупнікі, калі сума пакупкі ад 150 рублёў (1500000 руб.) і больш, а таксама 5- і 10-працэнтную скідку на канцылярку таксама ў залежнасці ад сумы пакупкі. Школьныя базары ў разгары, і яшчэ ёсць час падрыхтаваць усё неабходнае да навучальнага года. 

    Наталля ГЕРБЕДЗЬ,

    фота аўтара. 

    Автор: Наталля ГЕРБЕДЗЬІвацэвіцкі веснік
    Теги: 

Комментарии (0)