20 Апреля, 2024 Суббота

Лес паклікаў на дапамогу

  • 08 августа 2016 Общество Беларуская 0

    Ужо тыдні тры ў лясах Чэрвеньшчыны чуваць шум машын, бензапіл і людскія галасы. У самых нечаканых месцах можна натрапіць на палаткі і вагончыкі. 923 чалавекі з 68 лясгасаў пяці абласцей краіны дапамагаюць калегам справіцца з наступствамі стыхіі, якая 13 ліпеня літаральна за 15–20 хвілін знішчыла тысячы гектараў лесу.

    Не стрымліваючы эмоцый

    З наступствамі стыхіі ў лясных масівах я ўжо сустракалася – у першы дзень старога Новага года, калі цыклон «Даніэла» сагнуў у дугу і паваліў дрэвы на Старадарожчыне. І вось праз паўгода аказалася негатовай убачыць тысячы гектараў знішчанага ўраганам лесу – паламаных як запалкі, вывернутых з коранем дрэў. Разам з намеснікам дырэктара Чэрвеньскага лясгаса па ідэалагічнай рабоце Мікалаем Канапелькам і вадзіцелем Дзмітрыем Паповым выпраўляемся ў паездку па найбольш пацярпелых тэрыторыях Грабёнскага лясніцтва.

    З чатырох-пяці раніцы на працу спяшаюцца

    Першымі мы сустрэлі работнікаў Васілевіцкага лясгаса з Гомельшчыны. Тры брыгады з бензаматорнымі піламі і адна механізаваная ў гарачыню пачынаюць работу з чатырох-пяці гадзін раніцы.

    Спраўна працуюць у пары вальшчык лесу Анатоль Мельнічэнка і абрубшчык галін Аляксандр Раманцоў. Анатоль дапамагае Чэрвеньскаму лясгасу ўжо другі раз: некалькі год таму працаваў на бураломе ў Грабянецкім лясніцтве. Там страшней было, кажа, бо вышыня дрэў вялікая. 

    Гэта адны з лепшых работнікаў, зазначае начальнік лесапункта Васілевіцкага лясгаса Аляксандр Сопат. Ён таксама не можа абыякава глядзець на наступствы ўрагану, практычна ўсё яго жыццё звязана з лесам. І людзі не супраць доўгіх камандзіровак: разумеюць – трэба дапамагчы. 20 работнікаў з Гомельшчыны размясціліся ў інтэрнаце, прыватнай хаце і аздараўленчым лагеры.

    З лёгкасцю разбірае завалы магутны харвестар, якім кіруе Уладзімір Брэль. Ён таксама працаваў на бураломах, у тым ліку і ў якасці вальшчыка. Але з тэхнікай, зазначае, спраўней атрымліваецца. Дзякуем прадстаўнікам Гомельшчыны за дапамогу і едзем далей.

    Усё ад быту залежыць

    Тры групкі вагончыкаў прымушаюць задумацца: куды ж пад’е­хаць? Выбіраем сярэднюю і трапляем у госці да работнікаў Іўеўскага лясгаса Гродзенскай вобласці. 

    Здалёк заўважаем сярод мужчын адну жанчыну. «Паварыха», – падумалася, але аказалася – інжынер па тэхніцы бяспекі. А гатуюць тут мужчыны, хто ўмее. Нават шашлыкі! На тэрыторыі, абгароджанай стужкай, – вагончыкі, альтанка са сталом і лавамі, вада ў бочках, самаробны летні душ, прыбіральня...

    Машыніст харвестара Віктар Белагаловы запрашае паглядзець вагончык. Тры ложкі, «буржуйка» і нават тэлевізар. Адчуваецца, тут да пытанняў камфорту падыхо­дзяць усур’ёз. Віктар – спецыяліст унікальны. За 20 год у лясгасе асвоіў трактар, усе віды маніпулятараў, а працаваць на харвестары «Джон Дзір» вучыўся на курсах у Мінску і Літве. Стаж на апошнім – пяць год. І ўсё ж, сціпла прызнаецца, вопыту малавата, трэба ўдасканальваць навыкі.

    Падчас нашага прыезду на тэрыторыі лагера знаходзіўся дырэктар Іўеўскага лясгаса Мікалай Звяртоўскі. Ён патлумачыў, што стаўку зараз зрабілі на машыны. Таму на лесанарыхтоўчай тэхніцы людзі працуюць кругласутачна, у тры змены – абсталяванне дазваляе і ўсе ставяцца з разуменнем. Хутка сюды даставяць і тралёвачную тэхніку. А нарыхтаваць і рэалізаваць плануюць 21 тысячу «кубоў» драўніны. Сёння, апрача іншага, актыўна шукаюць пакупнікоў. Трэба спяшацца, каб нарыхтаваная сыравіна не страціла таварны выгляд.

    Пажадаўшы поспехаў прадстаўнікам Гродзеншчыны, кіруем далей.

    val

    У гарачыню вальшчык лесу Анатоль Мельнічэнка і абрубшчык галін Аляксандр Раманцоў з Васілевіцкага лясгаса працуюць з пяці гадзін раніцы

    На дзяжурстве – «дзядзькі кухары»

    Пераняўшы карысны вопыт абуладкавання палявога лагера ад суседзяў з Баранавічаў, ля вёскі Нежаўка размясціліся работнікі Пружанскага лясгаса Брэсцкай вобласці. Дзве вялізныя палаткі з ложкамі, генератар, месца для прыёму ежы, рукамыйнікі, пажарны шчыт… І драўляная кухня з халадзільнікам, настольнай пліткай, электрачайнікам ды прыпасамі.

    Тут ёсць свае «дзядзькі кухары» – Міхаіл Кудзеля і Мікалай Гадуйка. Яны вадзіцелі «уазікаў». Але мелі неасцярожнасць у першы дзень пагадзіцца на прапанову згатаваць ежу для 20 чалавек. Цяпер дзяжураць штодня, асвойваюць кулінарыю ў працэсе. Боршч па-беларуску, макарона па-флоцку, бульба тушаная. А калі патрэбна дапамога – Міхаіл тэлефануе жонцы: «Галіна Андрэеўна, падказвай!»...

    Канешне ж, цяжкасцей хапае. І пры распрацоўцы лесасек, і на той жа кухні. Але мужчыны не скардзяцца, проста робяць агульную справу.

    На зваротным шляху абмяркоўваем з Мікалаем Канапелькам убачанае, канстатуючы: шмат ужо ачышчаных ад ветралому тэрыторый. Сапраўды, з такімі памочнікамі любыя цяжкасці адолееш. Гаспадары ж стараюцца дапамагчы ім з бытам, харчаваннем, рамонтам тэхнікі.

    Зрэшты, распрацаваць, вывезці, рэалізаваць драўніну – гэта яшчэ не ўсё. У Чэрвеньскім лясгасе ўжо думаюць пра пасадку на вызваленых ад буралому тэрыторыях новых дрэўцаў. 

    Усім памочнікам – дзякуй!

    Ураганам на Чэрвеньшчыне было пашкоджана каля 160 жылых будынкаў, 50 пабудоў сельскагаспадарчага прызначэння, 10 могілак, 3 300 гектараў лесу.

    Добрасумленна працавалі на ліквідацыі наступстваў стыхіі і працягваюць работы многія калектывы Чэрвеньскага раёна. На найбольш пацярпелых аб’ектах былі заняты работнікі Мінаблвыканкама, абласнога аб’яднання прафсаюзаў, прадстаўнікі арганізацый Уздзенскага, Старадарожскага, Клецкага раёнаў, вайсковай часці №89417 (Мар’іна Горка), Пухавіцкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, будаўнічых упраўленняў Салігорска, зборныя брыгады Слуцка, Салігорска і Клецка. Працягваюць дапамагаць работнікі 68 лясгасаў.

    Чэрвеньскі раённы выканаўчы камітэт і жыхары рэгіёна шчыра дзякуюць усім за неабыякавасць да чужой бяды, за асабісты ўдзел у ліквідацыі наступстваў стыхіі.

    Асаблівая падзяка – начальніку Мінскага абласнога ўпраўлення МНС палкоўніку ўнутранай службы Максіму Шышканаву, начальніку Пухавіцкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях падпалкоўніку ўнутранай службы Аляксандру Прановічу, камандзіру вайсковай часці №89417 (Мар’іна Горка) палкоўніку Аляксею Папову.

    Автор: Святлана АДАМОВІЧМінская праўда

Комментарии (0)