Калі гаспадары катоў і сабак збіраюцца ў паездку, у іх заўсёды ўзнікае пытанне: з кім пакінуць гадаванца? Звычайна догляд спрабуюць даручыць суседзям ці сваякам. Больш сучасны варыянт — звярнуцца ў гасцініцу для жывёл. У сталіцы, напрыклад, працуе з дзясятак такіх гатэляў. У якія нумары засяляюць катоў і сабак? Колькі каштуе пражыванне ў гасцініцах? І якім хочуць бачыць сэрвіс гаспадары жывёл?
У гасцінічных нумарах для жывёл няма тэлевізараў і электрачайнікаў. Звычайна гэта невялікія асобныя вальеры з мінімумам мэблі ці без яе. Пастаяльцам абяцаюць двух-трохразовае харчаванне і прагулкі раніцай, днём і ўвечары. Корм просяць прывозіць свой, але па жаданні гатовы прыгатаваць вашаму любімцу нават дамашнюю ежу. Суткі ў гатэлі ў сярэднім каштуюць 20-30 рублёў.
За даплату могуць таксама падстрыгчы вашага гадаванца, арганізаваць дрэсіроўку ці візіт да ветэрынара. Калі не маеце ўласнага аўто і не хочаце дабірацца з катом ці сабакам на грамадскім транспарце, гатэль забяспечыць вас зоатаксі.
З гаспадаром заключаюць дагавор на аказанне паслуг па часовым утрыманні ката ці сабакі. Каб засяліць жывёлу, трэба мець пры сабе яе ветэрынарны пашпарт і запоўніць анкету. Пытаюцца пра асаблівасці характару гадаванца, яго звычайны рацыён, шкодныя звычкі — усё, каб зрабіць пражыванне чатырохлапага камфортным.
На жаль, прыстроіць у гатэль на час адпачынку можна не кожную жывёлу. Як правіла, не прымаюцца байцоўскія пароды сабак, хворыя і аслабленыя гадаванцы. Тых, каму больш за восем гадоў, бяруць толькі пад распіску ад гаспадара, што той не будзе прад'яўляць прэтэнзій праз магчымыя наступствы па ўзросце.
Бегавая дарожка і папка з пажаданнямі
Ці ўдаецца запоўніць гатэлі для жывёл у летні сезон? Уладальніца гасцініцы «Чатыры лапы» Людміла ЗАХАРАНКА кажа, што ў іх з 16 месцаў цяпер заняты 11 (у астатнія поры года звычайна толькі 6-8). Гадаванцаў прывозяць у асноўным на 10-14 дзён.
Харчаванне — у адпаведнасці з указаннямі, якія пакідаюць гаспадары. Сухі корм, вільготны, каша з мясам, малако… Плюс, паколькі гасцініца знаходзіцца на прыватным участку, жывёл частуюць прысмакамі з агарода.
— Хутка да нас прыедзе сабака, кітайскі хахлаты, — аматар груш. Якраз грушавы сезон пачынаецца, — дзеліцца Людміла. — Нехта агуркі любіць. Каты звычайна пырнік ядуць. Для мяне гэта пустазелле, а для іх — найлепшы прысмак.
З дадатковых паслуг карыстаюцца попытам заняткі на бегавой дарожцы: некаторым пародам сабак недастаткова кароткіх прагулак.
Гасцініца, дарэчы, гатова прымаць розных жывёл. Аддавалі, напрыклад, пацукоў, папугая, рыбак. «На другі год хочуць прывезці труса. Лічаць пакуль, ці атрымаецца па грашах. Але ў асноўным на часовым утрыманні знаходзяцца каты і сабакі. Догляд іншых гадаванцаў, тых жа рыбак, прасцей даручыць суседзям», — мяркуе Людміла.
У іншай гасцініцы — «ZOOHOTEL» — цяпер жывуць адзінаццаць сабак і тры кошкі. Ёсць яшчэ месцы для шасці жывёл. Сабакі прыязджаюць розных памераў: ад маленькіх ёркаў і балонак да вялікіх сенбернараў і ірландскіх ваўкадаваў. Буйныя пароды засяляюць у вулічныя вальеры з будкамі, сабак, якія прывыклі да кватэрнага ўтрымання, — у спецыяльны домік. Дэкаратыўныя пароды разам з кошкамі жывуць у доме, у сям'і.
Па словах гаспадыні гатэля Алесі ПАЛУЯН, асаблівыя пажаданні па ўтрыманні жывёл бываюць не часта:
— Як правіла, стандартны догляд падыходзіць усім. Часам гаспадары ўсё ж такі пішуць памяткі пра тое, як іх гадаванца расчэсваць, як гуляць, мыць лапы, якія вітаміны даваць. Такія памяткі я захоўваю ў асобнай папцы. Практычна ўсе пажаданні мы можам выканаць.
Хто з жывёл перажывае разлуку больш? Алеся кажа, што сумуюць усе: сабакі па гаспадару, кошкі — па доме. А вось шчанюкі і кацяняты практычна не сумуюць, іх лягчэй адцягнуць гульнёй ці прысмакамі. На другі-трэці дзень гадаванцы звычайна адаптуюцца.
— Каб мінімізаваць стрэс, прапануем прыехаць да нас загадзя і пазнаёміцца з новымі людзьмі і абстаноўкай. Тады другім разам жывёлы пазнаюць гэта месца і не будуць моцна перажываць.
Першая дзяржаўная гасцініца для жывёл адкрылася толькі тры тыдні таму. Гэта самы вялікі гатэль — у ім каля 70 нумароў. Заняты пакуль толькі чатыры.
— Няшмат, — згаджаецца Тамара ЦАРЫКОЎСКАЯ, дырэктар прадпрыемства «Фаўна горада», на базе якога знаходзіцца гатэль. — Але попыт ёсць: частка месцаў распісана да канца жніўня.
Пастаяльцамі пакуль былі толькі сабакі. Прыязджалі звычайна на 2-3 дні.
У гасцініцы ёсць чатыры нумары «люкс», кожны па 12 квадратных метраў (для параўнання: плошча звычайнага пакоя для ката — паўтара «квадрата», для сабакі — чатыры). Адзін з іх цяпер якраз заняты.
Тамара Царыкоўская расказвае, што перад тым як адкрыць гатэль, яны праводзілі апытанне. Са снежня размяшчалі аб'явы на жыроўках, цікавіліся, ці здалі б людзі сюды свайго гадаванца, колькі гатовы былі б заплаціць за пражыванне. З улікам гэтай інфармацыі і планавалі сваю дзейнасць. Расцэнкі ў дзяржаўнай гасцініцы, дарэчы, крыху ніжэйшыя за сярэднія па горадзе. Нумар для ката, без выдаткаў на харчаванне, каштуе 12,7 рубля ў суткі, для сабакі — ад 14 да 18 рублёў у залежнасці ад памеру жывёлы. «Люксавы» пакой, зразумела, даражэйшы — 24,6 рубля.
Пад прыглядам прафесіяналаў
Пра сэрвіс і зручнасць гасцініц мы распыталі мінчан, якія карысталіся іх паслугамі. Кацярына, гаспадыня англійскага бульдога, пакідае свайго любімца ў гатэлі адзін-два разы на год. Прызнаецца: гэтай пародзе патрэбен асаблівы догляд, таму даручыць сабаку суседзям ці сваякам не можа.
— Англійскія бульдогі ў спякоту могуць пачаць задыхацца. Яны гуляюць, скачуць і не адчуваюць, што варта спыніцца, — тлумачыць Кацярына. — Пачынаецца прыступ, які трэба своечасова заўважыць і прыняць адразу меры па выратаванні. Тыя, хто трымаў такую пароду, ведае, што рабіць. Плюс улетку бульдогу трэба праціраць складкі. У гасцініцы нясуць адказнасць за жывёлу, таму дакладна выконваюць усе нашы пажаданні. У адрозненне ад сваякоў, якія могуць рабіць гэта не так добрасумленна. Дый у знаёмых няма магчымасці ўзяць нашу Тэйку да сябе.
На думку Кацярыны, гатэль павінен быць прасторным. І абавязкова побач з жывёламі мусіць знаходзіцца хтосьці з людзей, каб гадаванцы не сядзелі ў адзіноце.
Гаспадыня сабакі Марына часта бывае ў камандзіроўках. Для свайго Тоці на час ад'езду яна стараецца стварыць максімальна камфортныя ўмовы.
— Нам вельмі важна, каб пры любых непрадбачаных абставінах жывёле аказалі высокакваліфікаваную дапамогу і звязаліся з намі. Таксама хочам, каб Тоці ў нашу адсутнасць весела праводзіў час, а ва ўмовах гасцініцы ў яго гэта добра атрымліваецца. За некалькі гадоў ён ужо паспеў знайсці сяброў, з якімі можна ўдосталь набегацца на свежым паветры, таму знаходжанне ў гатэлі ён успрымае як канікулы ў дзіцячым лагеры.
Ларыса трымае двух катоў. Паслугамі гатэля для жывёл карыстаецца ўжо гадоў пяць. Вось і цяпер яе сфінксы адпачываюць у нумары, пакуль жанчына гасцюе за горадам у сястры.
Пра тое, каб пакідаць катоў на час водпуску знаёмым, Ларыса нават не думала: «Я да гэтага стаўлюся нашмат больш сур'ёзна. Лічу, што кожнай справай павінен займацца прафесіянал».
Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ
zviazda.by/be/news/20160805/1470429743-ci-karystayucca-popytam-stalichnyya-gascinicy-dlya-zhyvyol
Комментарии (0)