03 Мая, 2024 Пятница

Гарэлі вочы, палалі эмоцыі

  • 09 августа 2016 Общество Беларуская 0

    У пятніцу на Ушаччыну з абласнога цэнтра і ўсіх раёнаў Віцебшчыны з'язджаліся прадстаўнікі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. Нагодай гэтаму было не якое­небудзь здарэнне, а традыцыйны турыстычны злёт сярод работнікаў падраздзяленняў установы «Віцебскае абласное ўпраўленне МНС».

    У папярэднія гады ўдзельнікаў злёту прымала суседняя Лепельшчына, а сёлета было вырашана правесці яго ва Ушацкім раёне. У гэтым годзе за першынство прыехалі пазмагацца 19 каманд, у складзе якіх былі не толькі самі выратавальнікі, а і члены іх сямей – больш за 400 чалавек. Пачалося ж мерапрыемства на мемарыяльным комплексе «Прарыў». З хваляваннем слухалі прадстаўнікі каманд аповед экскурсавода і разглядалі мемарыяльныя пліты.

    – Абавязкова схадзіце паглядзець зямлянкі, не пашкадуеце, там цікава, – казаў сваім падначаленым начальнік абласнога ўпраўлення МНС А.Р.Клобук.

    Дарэчы, расказаць многае пра «Прарыў» ім Аляксандр Рыгоравіч мог і сам. Ён неаднаразова бываў тут, унёс свой уклад у рэканструкцыю мемарыяльнага комплексу падчас рэспубліканскага суботніка, удзельнічаў і ў адкрыцці адноўленага мемарыяла.

    – Многае чула пра «Прарыў», але не была тут ніколі. Мне вельмі спадабалася, уражана велічнасцю і прыгажосцю комплексу, – не хавала эмоцый прадстаўніца абласнога ўпраўлення МНС Юлія Пахолкіна.

    Удзельнікі злёту ўшанавалі памяць загінуўшых хвілінай маўчання і ўсклалі кветкі да падножжа мемарыяла.

    А ўжо вечарам бераг Вечалля пераўтварыўся ў палатачны гарадок.

    – Многія з нашай каманды ўпершыню на Ушаччыне, нам так тут падабаецца! Такое выдатнае месца падабрана для правядзення турзлёту, будзем рады прыехаць сюды яшчэ, – адзначылі ўдзельнікі з Верхнядзвінска.

    У час урачыстага адкрыцця А.Р.Клобук падзякаваў камандам за тое, што нягледзячы на нялёгкія працоўныя будні кожны змог знайсці час і прыехаць на турзлёт і праявіць сябе ў разнастайных конкурсах. Таксама ён выказаў удзячнасць мясцовым органам улады за садзейнічанне ў правядзенні злёту і ўручыў старшыні Ушацкага райвыканкама В.В.Родзічу Ганаровую грамату абласнога ўпраўлення.

    Добрым акордам першага дня турзлёту стаў музыкальны конкурс «Візітка каманды». Да самай ночы гучалі песні і жарты ўдзельнікаў, самымі ж запамінальнымі сталі выступленні каманд Верхнядзвінска, Наваполацка і Лёзна.

    У другі і трэці дзень у рамках спартыўнай і творчай праграмы прайшло 14 спаборніцтваў. Так, паралельная пераправа і іншыя перашкоды, якія патрабуюць добрай турыстычнай падрыхтоўкі, не напужалі выратавальнікаў. У гэтым відзе лепшы вынік паказалі гаспадары турзлёту. Шмат сіл патрацілі ўдзельнікі, а балельшчыкі ледзь не сарвалі галасы падчас перацягвання каната. Трэба сказаць, што ў гэтым спаборніцтве ўшачане добра натрэніраваны – практычна заўсёды выйгравалі ў перацягванні каната падчас раённых спартыўных мерапрыемстваў. А таму і тут паказалі нядрэнны вынік. У тройку лепшых ушацкая каманда ўвайшла і ў конкурсе «лыжныя гонкі», саступіўшы толькі лепельчанам і лёзненцам.

    Не менш відовішчным аказаўся конкурс па выратаванні на вадзе, які сабраў нямала балельшчыкаў, лепшымі ж у ім сталі прадстаўнікі Міёр, Лёзна і Чашнікаў.

    Трэба сказаць, што «хварэлі» за каманды не толькі непасрэдна на беразе Вечалля, а і ў сваіх раёнах на месцах: «Ці ведаеш, як там нашы на турзлёце?» – тэлефанавалі мае знаёмыя з Лепеля, хвалюючыся за выступленне сваёй каманды.

    Спаборнічалі турысты і ў пілаванні бервяна з дапамогай двуручнай пілы, гэты конкурс атрымаў арыгінальную назву «Дружба­2». Хутчэй і лепш з гэтым заданнем справіліся нашы суседзі­лепельчане. А вось дыпломы за першае, другое і трэцяе месцы па валейболе павезлі дадому каманды Гарадоцкага, Віцебскага і Шумілінскага райаддзелаў па надзвычайных сітуацыях.

    Не абышлі ўвагай арганізатары турзлёту і сямейныя мерапрыемствы, а таксама ацанілі стан быту, эстэтычнасць і арыгінальнасць афармлення лагера. Лідарамі сталі каманды Лепеля, Лёзна і Верхнядзвінска.

    Свой уклад у агульны залік месцаў унеслі начальнікі падраздзяленняў, для якіх была арганізавана асобная праграма спаборніцтваў. Так, лепшым у штурханні ядра стаў начальнік Ушацкага РАНС С.Я.Аваднёў, а начальнікі Гарадоцкага, Віцебскага і Шумілінскага аддзелаў вызначыліся ў стральбе.

    Тры дні для ўдзельнікаў турзлёту праляцелі, як адно імгненне. І ўсе яны яшчэ раз упэўніліся ў тым, што такі сумесны актыўны адпачынак аб'ядноўвае, незалежна ад занятага месца. Між тым, у агульным заліку абсалютным пераможцам турзлёту ўжо трэці год запар стаў Лёзненскі аддзел па надзвычайных сітуацыях. У тройку лепшых увайшлі Наваполацкі гарадскі і Лепельскі раённы аддзелы. Ушачане ў агульным камандным заліку занялі высокае чацвёртае месца.

    Автор: В.КАМАРКОВА.Патрыёт
    Теги: 

Комментарии (0)