20 Апреля, 2024 Суббота

Крочыць у нагу з часам

  • 09 августа 2016 Общество Беларуская 0

    Актуальныя задачы для медыйнай сферы былі вызначаны на рэспубліканскім семінары «Аб рабоце СМІ па рэалізацыі задач дзяржаўнай інфармацыйнай палітыкі», які адбыўся на мінулым тыдні на Гродзеншчыне. Яго арганізатарамі выступілі Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь і Гродзенскі аблвыканкам. У прынёманскі рэгіён прыехалі каля 200 журналістаў з усіх абласцей. Яны пазнаёміліся з работай рэдакцый рэгіянальных СМІ, наведалі шэраг прадпрыемстваў і сацыяльных аб’ектаў у раёнах і абласным цэнтры. У аблвыканкаме ўвазе ўдзельнікаў форуму была прадстаўлена выстава СМІ і паліграфічных прадпрыемстваў Гродзеншчыны.

    Зацікаўленая размова адбылася падчас пленарнага пасяджэння з удзелам міністра інфармацыі Л.С. Ананіч, памочніка Прэзідэнта – галоўнага інспектара па Гродзенскай вобласці С.В. Раўнейкі, старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі А.М. Наумовіча.

    Знакавасць семінара ў тым, што ён праходзіць у кантэксце важнейшых грамадска-палітычных падзей у краіне – нядаўняга пятага Усебеларускага народнага сходу і напярэдадні выбараў у парламент, адзначыла міністр інфармацыі Л.С. Ананіч. У сувязі з гэтым інфармацыйная работа атрымлівае новы імпульс і набірае новыя абароты. Задачы, пастаўленыя на ўсенародным вечы, павінны трансфармавацца на старонках газет, у эфіры тэлерадыёканалаў, на інтэрнэт-рэсурсах для растлумачэння дзяржаўнай палітыкі. «Бо самае галоўнае – гэта фарміраванне ў грамадзян адказнасці за нашу краіну, за сябе, за свае сем’і, за тое, як будзе далей прырастаць, расцвітаць наша Беларусь», – падкрэсліла Лілія Станіславаўна.

    Задача прэсы – не толькі крочыць у нагу з часам, а нават на крок наперадзе, быць актыўным удзельнікам стваральных працэсаў у нашай краіне.  Міністр пераканана: СМІ поўнасцю выканаюць сваю задачу па ўсебаковым, аб’ектыўным інфармаванні аб выбарчым працэсе, каб грамадзяне мелі магчымасць пазнаёміцца з праграмамі кандыдатаў і зрабіць свой усвядомлены выбар.

    Інфармацыйная сфера рэспублікі дынамічна развіваецца, адзначыла Л.С. Ананіч, разам з тым працуе ў канкурэнтных умовах. Таму сёння вельмі важна ўзмацніць развіццё нацыянальнага кантэнту, бо, па словах міністра, ніхто лепш за нас саміх не раскажа аб сваёй краіне і яе дасягненнях. Журналісты не павінны абыходзіць увагай важныя тэмы развіцця эканомікі і сацыяльнай сферы, здаровага ладу жыцця. Міністр акцэнтавала ўвагу: расказваючы аб станоўчым вопыце, прэса павінна бачыць вострыя тэмы, якія хвалююць насельніцтва, і разам з уладай шукаць шляхі вырашэння праблем. Размова на семінары ішла  таксама аб удасканаленні работы інтэрнэт-рэсурсаў, закранулі і пытанні работы аператараў кабельнага тэлебачання. Прагучала патрабаванне прафесіянальна, усебакова, аб’ектыўна і якасна падаваць інфармацыю.

    Гродзеншчына прадэманстравала новы падыход у развіцці інфармацыйнай прасторы і ўдасканаленні работы сродкаў масавай інфармацыі, адзначыла Л.С. Ананіч. Маецца на ўвазе стварэнне рэгіянальнага кластара друкаваных СМІ, у які ўвайшлі рэдакцыі абласной і раённых газет, абласное аддзяленне Беларускага саюза журналістаў, Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Я.Купалы і галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама. Аб гэтым напрамку работы расказаў удзельнікам форума і намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама В.А. Лісковіч. Практыкумы, трэнінгі, семінары, якія праходзяць у рамках кластару, садзейнічаюць павышэнню якасці інфармацыі, кваліфікацыі журналістаў і тэхнічнага персаналу. Як прыклад эффекту ад абучаючых заняткаў на аснове перадавога вопыту – павелічэнне ў разы наведвання сайтаў газет. Таксама вялікая работа праводзіцца ў вобласці па развіцці сеткі дзяржаўных электронных рэсурсаў, якая ўключае сайты прадпрыемстваў і арганізацый.

    Віктар Андрэевіч Лісковіч падкрэсліў: «Як паказвае статыстыка і сацыялагічныя даследаванні, мясцовыя СМІ маюць высокі рэйтынг у сваіх рэгіёнах. Комплекс рэгіянальных сродкаў масавай камунікацыі іграе вядучую ролю ва ўстойлівым развіцці нашага рэгіёна. Доступ да інфармацыі і магчымасць яе аператыўнага распаўсюджання выступаюць у якасці неабходнай умовы паспяховага функцыянавання і развіцця ўсіх суб’ектаў гаспадарання, сацыяльнай інфраструктуры, чалавечага патэнцыялу». Якасць і тэмпы работы рэгіянальнай прэсы залежаць ад тэхнічнай аснашчанасці і кадраў. На Гродзеншчыне гэтаму надаецца вялікая ўвага. Дзякуючы рэалізацыі абласной комплекснай праграмы развіцця дзяржаўных СМІ і паліграфічных прадпрыемстваў значна ўмацавана матэрыяльна-тэхнічная база рэдакцый газет і друкарняў. Сваю пазіцыю аб ролі СМІ па рэалізацыі задач дзяржаўнай інфармацыйнай палітыкі выказаў і памочнік Прэзідэнта – галоўны інспектар па Гродзенскай вобласці С.В. Раўнейка: «Думаю, што СМІ маюць важнейшае значэнне ў сістэме дзяржаўнага кіравання, паколькі гэта, па-першае, вельмі дзейсны сродак уплыву, а па-другое, эфектыўны канал данясення аператыўнай інфармацыі». Прытым рэгіянальныя СМІ павінны быць не проста крыніцай інфармацыі, а дыскусійнай пляцоўкай, дзе ўзнімаюцца актуальныя для рэгіёна праблемы, лічыць С.В. Раўнейка. Памочнік прэзідэнта заклікаў журналістаў працаваць творча і цікава, аб’ектыўна і прафесіянальна падаваць інфармацыю.

    На семінары меркаваннямі па актуальных пытаннях развіцця сродкаў масавай інфармацыі падзяліліся кіраўнікі вядучых медыйных структур і рэгіянальных СМІ. Разнастайную палітру тэм па развіцці эканомікі і сацыяльнай сферы ўтрымлівалі выступленні на семінары спецыялістаў галіновых рэспубліканскіх ведамстваў.

    Міністр інфармацыі Л.С. Ананіч прынародна ўручыла заслужаныя ўзнагароды прадстаўнікам органаў дзяржаўнага кіравання і СМІ. У тым ліку – і старшыні Шчучынскага райвыканкама С.В. Ложэчніку, які ўдастоены Падзякі за значнае садзеянне ў рэалізацыі дзяржаўнай інфармацыйнай палітыкі і правядзенне на высокім арганізацыйным узроўні Дня беларускага пісьменства ў Шчучыне.Дарэчы, удзельнікі семінара накіравалі тэлеграму з пажаданнем перамог беларускім спартсменам – удзельнікам Алімпіяды ў Рыа-дэ-Жанейра, сярод якіх і 21прадстаўнік Гродзеншчыны.

    Таццяна ПАЛУБЯТКА.

    Автор: Татьяна ПолубяткоДзянніца
    Теги: 

Комментарии (0)