20 Апреля, 2024 Суббота

СМІ: бачыць, дапамагаць, вырашаць

  • 09 августа 2016 Общество Беларуская 0

    Актуальныя пытанні работы СМІ, стварэння нацыянальнага кантэнту, узаемадзеяння з дзяржорганамі, асвятлення сацыяльна-эканамічных пераўтварэнняў, удасканалення работы ў інтэрнэце – гэтыя і многія іншыя аспекты абмяркоўвалі ўдзельнікі рэспубліканскага семінара «Аб рабоце сродкаў масавай інфармацыі па рэалізацыі задач дзяржаўнай палітыкі», які праходзіў 5 жніўня ў Гродзенскай вобласці. Пра значнасць узнятых тэм гаварыла і тое, што ўдзел у рабоце семінара прынялі міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь Лілія Ананіч, памочнік Прэзідэнта Беларусі – галоўны інспектар па Гродзенскай вобласці Сяргей Раўнейка, намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Віктар Лісковіч.

    Да пачатку пленарнага пасяджэння ў абласным цэнтры журналісты пабывалі ў рэгіёнах, наведалі розныя аб’екты, на ўласныя вочы ўбачылі, як і чым жыве Гродзеншчына. Тыя, хто прыязджаў сюды раней, мелі выдатную магчымасць параўнаць, адзначыць відавочны прагрэс, прыгожыя і стваральныя перамены апошняга часу. Прадстаўнікі СМІ Брэстчыны, у прыватнасці, знаёміліся з сённяшнім днём Ваўкавыскага раёна. Скарысталіся магчымасцю сустрэцца з яго кіраўніком  Міхаілам Сіцько і задаць пытанні, што найбольш цікавілі: пра дэмаграфічную сітуацыю, занятасць насельніцтва, вытворчы патэнцыял рэгіёна і многае іншае. З асаблівым інтарэсам наведалі калег – мясцовую раённую газету і друкарню. Безумоўна пазнавальным і карысным для агульнага развіцця стала знаёмства з дзейнасцю ААТ “Краснасельскбудматэрыялы” –  буйнейшага вытворцы будаўнічых матэрыялаў у нашай краіне, чыя прадукцыя добра вядома і цэніцца як у Беларусі, так і за яе межамі. Журналісты змаглі не толькі ацаніць вытворчыя магчымасці прадпрыемства, але і, напрыклад, пазайздросціць умовам, што прапануе сваім наведвальнікам адно з вытворчых падраздзяленняў ААТ – санаторый “Пралеска”, дзе праходзяць аздараўленне работнікі таварыства і іх сем’і.

    Не менш насычанымі і змястоўнымі былі маршруты іншых груп: прадстаўнікі рэгіянальных СМІ пабывалі на буйнейшых і найбольш адметных сельскагаспадарчых і прамысловых прадпрыемствах вобласці, ва ўстановах сацкультбыту, адукацыі, не маглі прамінуць і адзін з найбольш вядомых у вобласці агратурыстычных аб’ектаў – “Гарадзенскі маёнтак “Каробчыцы” Гродзенскага мясакамбіната.

    Надзвычай плённай выдалася мінулая пятніца і для групы № 1 на чале з міністрам інфармацыі Ліліяй Ананіч. Лілія Станіславаўна азнаёмілася з работай студэнцкага медыяцэнтра ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы, а таксама прыняла ўдзел у запуску вяшчання ў НD-фармаце на тэлеканале «Гродна Плюс».

    Сродкі масавай інфармацыі – гэта не пабочныя наглядальнікі, а актыўныя ўдзельнікі пераўтварэнняў у краіне, падкрэсліла Лілія Ананіч, адкрываючы пленарнае пасяджэнне ў Гродзенскім аблвыканкаме. «Інфармацыйнае асяроддзе развіваецца дынамічна, крочыць у нагу з часам і нават у чымсьці апярэджвае падзеі. Пры гэтым у цэнтры ўвагі прэсы заўсёды павінны заставацца важнейшыя сацыяльныя праблемы, сацыяльна-эканамічныя пераўтварэнні. СМІ забяспечваюць эфектыўнае растлумачэнне новаўвядзенняў», – адзначыла міністр.

    Яна нагадала, што якасная работа СМІ прадугледжвае не толькі інфармаванне, растлумачэнне, расказ аб станоўчым вопыце. Прэса павінна бачыць вострыя тэмы і разам з уладай разбірацца ў іх. «Размова не аб крытыканстве, а аб поўным, усебаковым разглядзе праблемы з мэтай дапамагчы знайсці шляхі вырашэння», – падкрэсліла Лілія Ананіч.

    Разважаючы пра ролю СМІ ў інфармацыйным забеспячэнні сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны,  кіраўнік Міністэрства інфармацыі выказала меркаванне, што беларускае медыйнае поле неабходна пашыраць нацыянальным кантэнтам. Тым больш, пісаць, здымаць, паказваць ёсць што. «Трэба ўдзяліць увагу слаўнай беларускай гісторыі, гаварыць пра сацыяльныя дасягненні дзяржавы, даносіць кожнаму думку, што толькі мы самі адказныя за сябе, сваю сям’ю і краіну», – адзначыла Лілія Ананіч. Гаварыла яна і пра тое, што журналісты павінны глядзець на ўсе працэсы, якія адбываюцца ў краіне, усебакова і глыбока: «Добрыя навіны заўсёды запатрабаваны. Прычым добрыя навіны – гэта не прылізаныя і прычасаныя, а, перш за ўсё, якасныя матэрыялы. Прэса павінна бачыць усё і дапамагаць вырашаць задачы, якія стаяць перад краінай».

    Удзельнікі семінара актыўна абмяркоўвалі актуальныя пытанні развіцця сродкаў масавай інфармацыі, уносілі прапановы, дзяліліся цікавымі напрацоўкамі і вопытам работы, радаваліся за калег, якім уручалі заслужаныя ўзнагароды.

    Улічваючы, што семінар праходзіў напярэдадні адкрыцця Алімпіяды ў Рыа-дэ-Жанэйра, не засталася без увагі і гэтая тэма. У прыватнасці, успомнілі пра тое, што 120 гадоў назад спартыўныя рэпартажы з першых Алімпійскіх гульняў новага часу перадаваў у сусветную прэсу ўраджэнец Ашмянскага раёна Зыгмунт Мінейка. Такім чынам, Гродзеншчына таксама ўнесла свой уклад у развіццё сусветнай спартыўнай журналістыкі.

    Міністр інфармацыі Лілія Ананіч прапанавала журналістам адправіць з форуму тэлеграму беларускім спартсменам у Рыа з пажаданнем перамог. Прапанову падтрымалі ўсе ўдзельнікі сустрэчы. Тэкст тэлеграмы, агучаны напрыканцы пленарнага пасяджэння, выклікаў шчырыя апладысменты.

    «Ляхавіцкі веснік»

    Фота БЕЛТА і аўтара.

    На фота: 1. Міністр інфармацыі Лілія Ананіч падчас семінара прыняла ўдзел у сімвалічным запуску вяшчання ў НD-фармаце на тэлеканале «Гродна Плюс». 2. 

    Брастчане ў рэдакцыі ваўкавыскай раёнкі.

    Автор: Святлана БЕЛЬМАЧЛяхавіцкі веснік
    Теги: 

Комментарии (0)