29 Марта, 2024 Пятница

Таямніцы Замкавай гары

  • 12 августа 2016 Общество Беларуская 0

    Ахоўныя раскопкі вядуцца на тэрыторыі Вялікай горкі ў Слуцку

    Слуцк рыхтуецца да свайго 900-годдзя, прыгажэе.  У парку з’явіцца фантан, рэканструкцыю праводзяць у будынку краязнаўчага музея,  а перад уваходам у новы ЗАГС – абноўлены будынак старога Дома культуры – будзе ўстаноўлены помнік Анастасіі Слуцкай.

    Менавіта тут, на месцы ўладкавання помніка, карэспандэнт «Слуцкага краю» сустрэлася з Леанідам Уладзіміравічам Калядзінскім, кандыдатам гістарычных навук, дацэнтам, супрацоўнікам аддзела архітэктуры Цэнтра даследаванняў беларускай мовы, культуры і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, які не раз праводзіў  археалагічыя раскопкі ў Слуцку (1985, 1986, 1987, 1988,  1999 гады), апрацоўваў матэрыял, які знаходзіцца ў Слуцкім краязнаўчым музеі (2005), займаўся даследаваннем слуцкіх старажытнасцей і падчас археалагічнай практыкі са студэнтамі педагагічнага універсітэта. Вынік даследчыцкай дзейнасці – шматлікія навуковыя і навукова-папулярныя публікацыі Л.У. Калядзінскага. Падчас стварэння кінафільма «Анастасія Слуцкая» Леанід Уладзіміравіч быў навуковым кансультантам.

    І менавіта ён займаецца зараз ахоўнымі, або выратавальнымі, раскопкамі на месцы, дзе будзе ўстаноўлена скульптура Анастасіі Слуцкай.

    – Згодна з заканадаўствам аб захаванні гісторыка-культурнай спадчыны неабходна выканаць гэтыя работы і даследаванні, таму што Замкавая гара, якая раней насіла яшчэ назвы Вялікая горка, Бязбожная горка, Саборная горка, аднесена да матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Работы праводзяцца за кошт заказчыка, – расказаў Л.У. Калядзінскі. – Цяпер мы вывучаем невялікую плошчу (12 м2) унутранага схілу абарончага вала, рапрацавана раскопка каля метра ў глыбіню. Сустракаецца кераміка XIII стагоддзя, знойдзена шыфернае прасліца, якое надзявалі на верацяно для прыдання цэнтрабежнага руху. Такія прасліцы прывозілі з паўночнай Украіны, з Валыні, таму называюць яшчэ валынскімі. Трапілася таксама мушкетная куля XVII стагоддзя і манета солід сярэдзіны XVII стагоддзя (на здымку). Выяўлены фрагмент шклянога бранзалета ХІІІ ст. Знаходкі розных стагоддзяў, гэта сведчыць аб тым, што слаі  былі перамешаны.  Гэта з’яўляецца вынікам узвядзення тут у сярэдзіне XIX стагоддзя Мікалаеўскага сабора.

    У рабоце Л.У. Калядзінскаму дапамагае вядучы метадыст па музеях і помніках раённага цэнтра народнай творчасці Людміла Уладзіміраўна Гардзейчык. Пасля вывучэння абарончага валу мяркуецца перайсці да ахоўных раскопак ва ўнутранай частцы двара, дзе будуць пракладзены падземныя камунікацыі, плошча  даследавання – прыкладна 120 кв.м. Плануецца ўскрыць рэшткі драўлянай забудовы, якія прасочваліся археолагамі пры раскопках у 1986 годзе.

    Автор: Ірына МІРГАРАДАВАСлуцкий край
    Теги: 

Комментарии (0)