26 Апреля, 2024 Пятница

Як праходзяць дні зніжак у сталічных універмагах

  • 12 августа 2016 Общество Беларуская 0

    Еўрапейскія гандлёвыя цэнтры вядомыя сваімі маштабнымі сезоннымі распродажамі і зніжкамі да 80 працэнтаў. Айчынныя прадаўцы пакуль не такія шчодрыя, але акцыі таксама практыкуюць.

    Акцыі і пенсіянеры

    Каля ўвахода ў краму жыццё кіпіць. Удачлівыя пакупнікі выходзяць з чатырма пакетамі, забітымі пад завязку, запаслівыя — заходзяць з дарожнай торбай, якая, калі што, шмат змесціць. Але шалёнага ажыятажу (як бывае падчас «чорных пятніц» ці на адкрыцці чарговага «Віталюра», натоўп перад дзвярыма якога збіраецца загадзя) не назіраецца.

    У аддзеле электрапрыбораў ахвотных сэканоміць хапае. Яно і зразумела: па нашых падліках, прас сёння можна купіць танней у сярэднім на 12 рублёў, мікрахвалёўку — на 60 рублёў, халадзільнік — на 160.

    — Слухай, я не ведаю, які тэлефон лепш узяць. Адзін такі чорны з вялікімі кнопкамі, другі шэры, больш прыгожы, але даражэйшы… А ты дакладна не можаш з работы адпрасіцца і пад'ехаць? — кансультацыя па мабільным ніяк не дапамагае пенсіянерцы вызначыцца з выбарам.

    Сяброўкі Наталля і Ірына шукаюць электрачайнік. Здаецца, знайшлі падыходзячы варыянт — шэранькі, за 37 рублёў

    (з улікам зніжкі, у «Беларусі» гэта 20 працэнтаў, будзе каштаваць 30). Жанчыны расказваюць, што самі яны з Масквы, у Мінск прыехалі на пару дзён, у тым ліку і для шопінгу. А тут якраз акцыя!

    — Хочам яшчэ ў адзенне зайсці. І абутак паглядзець, — дзеляцца планамі масквічкі.

    Зінаіда Аркадзеўна аб'яву пра зніжкі пачула ўчора па радыё. І прыйшла па халадзільнік.

    — Не, гэта вялікі, — акідвае жанчына позіркам лядоўню вышынёй паўтара метра. — Што я ў ім захоўваць буду? Цяпер запасы на месяц наперад не робяць. Не ведаеце, ёсць меншыя?

    Кансультанты ў аддзеле кажуць, што ў дні акцыі добра разыходзяцца свяцільні. А за зніжкамі больш за астатніх сочаць пенсіянеры, каб сэканоміць капейчыну (пасля дэнамінацыі — у прамым сэнсе) на лямпачках ці разетках.

    Сервіз для школы

    Накіроўваемся ў секцыю посуду. Мяркуючы па звоне каструль і чэргах каля кас, гандаль ідзе на ўра. Дзве жанчыны разлічваюцца за вялікую партыю сервізу: кубкаў і талерак напакавалі на некалькі каробак. «Закупляем посуд для прыватнай установы адукацыі», — тлумачаць яны. У чэку — 320 рублёў. 80 удалося сэканоміць на іншыя патрэбы школы.

    Жанчын у краме сёння ўвогуле шмат. Асабліва ў аддзеле ніжняй бялізны. Чарга ў прымерачную — восем чалавек. І рухаецца вельмі павольна: дамы набралі карункавых камплектаў у абедзве рукі, бо разумеюць, што наступны шанц трапіць у прымерачную сёння выпадзе не хутка.

    Большыя чэргі, бадай, толькі ў секцыі са школьнымі таварамі. Што не дзіўна. Калі ў звычайны дзень на касцюм, кашулю і чаравікі для хлопчыка пойдзе каля 180 рублёў, то сёння экіпіроўка абыдзецца рублёў у 140.

    А вось у секцыі мужчынскага адзення, калі не лічыць некалькіх школьнікаў з мамамі, амаль пуста. Мужчын не цікавяць зніжкі?

    — Ды не, што вы! — пераконваюць нас кансультанты. — Вось толькі нядаўна чэргі былі, ад вешалак да самых кас. Напэўна, перакусіць пайшлі.

    Малады тата Валерый адзін з нямногіх прадстаўнікоў моцнага полу, якія блукаюць сярод паліц з абуткам. Прызнаецца, што насамрэч прыйшоў з жонкай шукаць форму для сына, але заадно вырашыў і для сябе што-небудзь нагледзець.

    — Слухайце, вось у аддзеле касметыкі і бялізны да касы не прабіцца, а ў мужчынскіх секцыях — усяго па некалькі чалавек. Мужчыны не сочаць за акцыямі? — цікавімся ў Валерыя.

    — Можа, мужчыны проста не такія модныя? — усміхаецца ён.

    «У зніжкі не веру»

    На апошнім паверсе Марыя і яе дачка Святлана выбіраюць тканіну. Сям'я прыехала на шопінг з Вілейкі і на дзень зніжак трапіла выпадкова. Праўда, пакуль не вельмі ўдала.

    — Я шукала сукенку, каб пайсці да сяброўкі на вяселле, але так нічога і не знайшла. Няма ў нас маладзёжнага адзення на 48-мы памер, — дзеліцца Святлана.

    У выніку вырашылі пашыць сукенкі самі. Балазе мама Марыя — майстар у гэтай справе. Засталося толькі вызначыцца з колерам будучага ўбору: Святлана вагаецца паміж фуксіяй і марской хваляй.

    Галіна і яе муж Анатоль — мінчане. Ва ўнівермаг з суседняга мікрараёна яны прыехалі спецыяльна дзеля зніжак. Канкрэтнага спісу пакупак няма — проста зайшлі агледзецца.

    — Мы ў цэнтральныя крамы ўвогуле рэдка ездзім, — кажа Галіна. — Звычайна побач з домам усё купляем.

    Анатоль круціць у руках скураную сумку з цэннікам і прызнаецца, што ў зніжкі ён, калі шчыра, не надта верыць.

    — Усё гэта маркетынгавыя хітрыкі, — упэўнены мужчына. — Памятаю, у адной краме дзверы ўваходныя глядзелі. Кошт стаяў — 600 рублёў. Праз пару дзён заходзім — напісана слова «акцыя», цана ў 740 рублёў зверху перакрэслена, а знізу тыя ж 600 рублёў. Вось вам і зніжка...

    Пакуль адны ставяцца да акцый скептычна, іншыя, што называецца, бяруць ад жыцця ўсё. Складваюць у кошык па пяць рамак для фотаздымкаў, набіраюць пакеты шкарпэтак (пры зніжцы ў 20 працэнтаў кожная пятая пара — бясплатная) і просяць запакаваць тэлевізар з большай дыяганаллю, чым планавалі спачатку (рублі за лішнія цалі быццам жа з сэканомленых). Хоць грашыма, здаецца, ніхто асабліва не раскідваецца: не мае сэнсу сёння браць лядоўні ці пральныя машыны ў запас.

    Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

    lubneuskaya@zvіazda.by

    Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

    Автор: Наталля ЛубнеўскаяЗвязда

Комментарии (0)