07 Мая, 2024 Вторник

Польскія канікулы моладзі

  • 16 августа 2016 Общество Беларуская 0

    Сёлета Сусветныя дні моладзі прайшлі ў Кракаве. Паводле ацэнак польскага тэлебачання, удзел у святой імшы з Папам Рымскім Францішкам, што 31 ліпеня адбылася ў Бжэгах пад Кракавам, прыняло каля 2 мільёнаў чалавек. У супольнай малітве, якая гучала на розных мовах свету, былі і беларускія ноткі.

    Астравеччыну ў Польшчы прадстаўляла 19 чалавек. Некаторых з маладых людзей мы папрасілі падзяліцца ўражаннямі ад удзелу ў свяце.

    Жанна Трусевіч, вучаніца 11 класа Гудагайскай СШ, парафія Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі ў Гудагаі:

    –Мая мара паўдзельнічаць у Сусветных днях моладзі сёлета ажыццявілася.

    Нашу групу ў Варшаве на вакзале чакаў спецыяльны аўтобус да Парадыжа – роднай парафіі нашага пробашча айца Казіміра. Мы ўдзельнічалі ў Днях гэтай дыяцэзіі, якія папярэднічалі Сусветным дням моладзі ў Кракаве. Жылі ў мясцовых людзей, і спачатку мяне агортваў страх, калі пераступала парог дома зусім  незнаёмых мне людзей. Але парадыжане прынялі нас з адкрытымі сэрцамі і ўсмешкамі на тварах, заўсёды імкнуліся дапамагчы. У такія моманты яскрава разумееш выраз, што Бог ёсць любоў.

    Тут мы пазнаёміліся з польскімі звычаямі і культурай, даведаліся пра  гісторыю ўзнікнення ў гэтай мясцовасці касцёлаў; для нас правялі пазнавальныя экскурсіі да святых месцаў, а таксама мы хадзілі ў пілігрымку да касцёла Святой Сям’і.  Нам спадабалася гэта прафія і людзі, якія нас так гасціна і цёпла прынялі. Я адчула сябе часткай адзінай сям'і.

    А затым нас чакаў Кракаў. Горад жыў у чаканні Папы: на вуліцах і плошчах спявала і танцавала моладзь, развяваліся сцягі розных краін свету, гучалі дзясяткі моў… У Кракаве панавала святочная і радасная атмасфера. Менавіта тут, назіраючы за людзьмі з розных краін, я глыбей адчула звышталенавітасць Бога.

    Апошнія пяць дзён мы жылі у кляштары кармялітаў босых. Заўсёды цешуся ў пілігрымках, калі ўся група жыве ў адным месцы: так мы больш згуртоўваемся і збліжаемся.  А сустрэча з Папам Рымскім Францішкам стала найгалоўнейшай падзеяй.

    Галоўная мэта маёй пілігрымкі –пачуць словы святога айца, атрымаць благаславенне і паглыбіць сваю веру.

    Антон Мацкевiч, 11 клас гiмназii №1 г. Астравец, парафiя святых Космы i Дамьяна:

    – Я вырашыў паўдзельнічаць у Сустветных днях моладзі таму, што яны праходзілі ў Кракаве – адносна блізка ад нас, а яшчэ я марыў ужывую пабачыць Папу Рымскага. Уразіла мноства людзей, якія разам спявалі, танцавалі і праслаўлялі Бога.

    Я вельмі ўдзячны кіраўніку нашай групы, айцу Казіміру, які арганізаваў паездку гэту паездку.

    Вельмі складана  перадаць эмоцыі, якія я перажыў падчас спаткання з Папам Рымскім Францішкам і каталіцкай моладдзю ўсяго свету.  Яны і зараз саграваюць і радуюць мяне.

    btUY00KXJg4

    Бажэна Лянкоўская, студэнтка 1 курса Мінскага фінансава-эканамічнага каледжа, парафія Адведзінаў Насвяцейшай Панны Марыі ў Гудагаі:

    – Сусветныя дні моладзі ў Кракаве сталі для мяне сапраўдным падарункам лёсу. Два тыдні праляцелі незаўважна: нас чакалі захапляльныя экскурсіі, шматлікія канцэрты, вясёлыя прыгоды і новыя знаёмствы. Асаблівы след ў маёй душы пакінуў у набажэнстве, якое ўзначаліў Папа Рымскі Францішак – я атрымала столькі хвалюючых успамінаў, што хопіць на ўсё жыццё! Толькі ўявіце сабе: мільёны людзей сабраліся разам, каб супольна маліцца, танцаваць, спяваць, стасавацца і праслаўляць Бога па поклічу сэрца і душы. Дзякуючы Сусветным дням моладзі, я зразумела, што хоць мы і жывём на розных кантынентах, размаўляем на розных мовах, але разам мы –адна вялікая і дружная сям’я. Я ўсцешана, што ў нашай краіне ёсць актыўная моладзь, якая дакладна ведае, чаго хоча, і смела крочыць за Хрыстом.

    Ігнат Падарэцкі, студэнт Вышэйшай Духоўнай Семінарыі ў Познані:

    – Маёй роднай парафіяй з’яўляецца Гудагай, дзе я і адчуў сваё пакліканне да святарства. Напрыканцы ліпеня група моладзі з розных куткоў Беларусі, у тым ліку і Астравеччыны, удзельнічала ў Сусветных днях моладзі ў Кракаве.

    Гэта быў вельмі актыўны час, напоўнены духоўнымі катэхэзамі, эскурсіямі па гістарычных мясцінах, гульнямі і танцамі.

    Спачатку мы жылі у Парадыжы, дзе нас гасцінна прынялі парафіяне і моладзь, да якой мы далучыліся. А пасля паехалі ў Кракаў на спатканне з Папам Рымскім Францішкам. У гэты час нас прытулілі ў сваім кляштары кармяліты босыя.

    Я ўдзячны Богу, што меў магчымасць пабываць на Сусветных днях моладзі ў Кракаве. Дзякуючы гэтаму спатканню мая вера ўзмацнілася. Я маліўся за ўсю моладзь, асабліва з Беларусі і роднай Астравеччыны, каб як мага больш было веруючых маладых сэрцаў.

    Запісала Алена ГАНУЛІЧ.

    Автор: Алена ГануличАстравецкая праўда

Комментарии (0)