25 Апреля, 2024 Четверг

Салодкі выхадны

  • 16 августа 2016 Общество Русский 0

    У нядзелю галоўны полацкі праспект імя Францыска Скарыны — ператварыўся ў вялікую кірмашовую пляцоўку, на якой гаспадарылі яго вялікасць мёд і пчаляры.

    Традыцыйнае свята «Полацк — мядовая сталіца-2016» палачане, госці горада і жыхары Полацкага раёна адзначылі разам, дружна — з песнямі, вершамі, прыказкамі і прымаўкамі пра мёд, медавуху і пчол. Само месца правядзення свята нагадвала пчаліны вулей: у кожным куточку праспекта і на святочнай сцэне ля будынка гасцінічнага комплексу «Славянскі» ўвесь час нешта адбывалася: канцэрты, прэзентацыі пляцовак, продаж мёду рознага на смак і па колеру — ад залатога, бурштынавага да амаль чорнага — і прадуктаў пчалярства. Многія палачане і жыхары Полацкага раёна прымерылі касцюмы пчол і выглядалі ў іх вельмі прывабна.

    На галоўнай сцэне свята адбыўся традыцыйны малебен у гонар Мядовага спаса, які здзейсніў айцец Уладзімір (Рацьковіч), настаяцель Свята-Пакроўскай царквы г.Полацка. Ганаровае права «заламаць соты» ўраджаю 2016 года, як калісьці рабілі нашы продкі, прадаставілі Уладзіміру Лаўрыновічу, пчаляру ДП «Астроўшчына», якому ў мінулым го­дзе на мядовым свяце прысвоілі тытул «Мядовы цар-2015». А потым свяшчэннаслу­жыцелі акрапілі святой вадой першыя мядовыя соты і ўвесь сёлетні салодкі ўраджай.

    Цікавым быў і ІІ Рэгіянальны конкурс «Мядовы цар» сярод пчаляроў Полацкага раёна, у якім бралі ўдзел знаўцы пчалярскай справы з 5 сельсаветаў. Лепш за іншых прайшоў выпрабаванні конкурсу Віктар Мацейка, пчаляр з гарадскога пасёлка Ветрына. Пераможца прымерыў царскую карону і стужку з надпісам «Мядовы цар-2016». Як расказаў Віктар Міхайлавіч журналістам, да пчалярскай справы 8 гадоў таму яго далучыў сусед з Ветрына Уладзімір Дароўка, якому ён вельмі ўдзячны за пчалярскую навуку. Новае хобі захапіла маладога мужчыну, да пчол ён «прыкіпеў душой». Зараз мае 30 пчоласем’яў, з любоўю даглядае іх, нягледзячы на тое, што пчалярства — гэта цяжкая справа, якой ён аддае ўвесь вольны час, што застаецца пасля асноўнай працы ў Ветрынскай ЖКГ.

    …Па традыцыі многа пакупнікоў было ля палаткі КУСГП «Палата» Полацкага раёна. Гэтая гаспадарка — уладальніца самага вялікага на Полаччыне пчальніка з 300 пчоласем’яў — набыла сабе добрае імя за якасны, смачны салодкі прадукт. «Мы рэалізавалі на свяце амаль 300 кілаграмаў салодкага прадукту — у асноўным, ляснога, з рознатраўя, сабранага на экалагічна чыстай тэрыторыі. Дзякуй пакупнікам за падтрымку!» — выказала задаволенасць гандлем вядучы спецыяліст Віцебскай абласной службы па пчалярстве Людміла Ахрамёнак.

    Усе ўдзельнікі мядовага свята, якія працавалі на пляцоўках, прымалі ўдзел у конкурсах «Самае яркае мядовае меню», «Самы яркі мядовы падворак» атрымалі дыпломы, падарункі і сертыфікаты ад арганізатараў мерапрыемства і партнёраў. Удзячнасць пчалярам — удзельнікам дабрачыннай акцыі «За даўгалецце ветэранаў» — перадалі прадстаўнікі старшага пакалення.

    Мы яшчэ доўга будзем узгадваць цікавае мядовае свята, разглядваць фотаздымкі і з вялікай ахвотай зноў і зноў ласавацца во­дарнай смакатой са слоіка.

    Фота Андрэя МАРЦЫНКЕВІЧА.

    Автор: Алина БольшаковаПолацкі веснік
    Теги: 

Комментарии (0)