26 Апреля, 2024 Пятница

Энтамалогія? Гэта цікава!

  • 16 августа 2016 Общество Беларуская 0

    Случчанкі Дар’я Канавалава і Крысціна Каспяровіч, навучэнкі Слуцкага эколага-біялагічнага цэнтра (вучаніцы сярэдняй школы №10 імя С.Ф. Рубанава), прынялі ўдзел у злёце юных эколагаў Беларусі і Расіі «Экалогія без межаў».

    У гэты раз злёт праходзіў на тэрыторыі Нацыянальнага парку «Куршская каса» ў Калінінградскай вобласці Расіі. Для юных эколагаў правялі тэарэтычны і практычны туры па пяці біялагічных кі-рунках. Случчанкі займаліся ў секцыі энтамалогіі (навука пра насякомых). Па выніках практычнага тура Крысціна Каспяровіч заняла трэцяе месца ў складзе каманды. Але, вядома ж, не вынікі былі галоўным. Дзяўчаты падзяліліся ўражаннямі:

    – Гэта было вельмі крута! Яшчэ раз з задавальненнем паехалі б на такі злёт. Мы збіралі на лузе насякомых, вывучалі іх. Нават «чырванакніжнікі» трапляліся. Акрамя навучання ў нас былі цікавыя экскурсіі ў Калінінградзе і Светлагорску, пабывалі на пляжах Балтыкі, у лесе, які «танцуе», на станцыі кальцавання птушак. Ну і, канечне, пазнаёміліся з такімі ж аматарамі экалогіі. Для нас арганізоўвалі дыскатэкі, творчыя вечары, у тым ліку «Беларусь і Расія».

    Дарэчы, на злёт у Калінінград нашы Даша і Крысціна паехалі па выніках рэспубліканскага злёту юных эколагаў, на якім Дар’я Канавалава  атрымала дыплом ІІІ ступені. Абедзве больш за пяць гадоў займаліся ў эколага-біялагічным цэнтры і дагэтуль актыўна ўдзе-льнічаюць у розных мерапрыемствах цэнтра. Дзяўчаты толькі здалі экзамены за 9-ы клас, прычым на дзявяткі-дзясяткі, – і зноў за вучобу. Падчас рэспубліканскага злёту юных эколагаў Дашы і Крысціне прыйшлося папрацаваць: былі лекцыі, тэсціраванне, іншыя выпрабаванні. Вольнага часу амаль не заставалася. Затое прайшлі адбор для ўдзелу ў «Экалогіі без межаў», а колькі ўжо там сабралі ўражанняў! Дырэктар Слуцкага ЭБЦН Тамара Анатольеўна Каляда і загадчык аддзела па асноўнай дзейнасці Алена Мікалаеўна Вішнеўская адзначаюць, што гэта значнае дасягненне, дзякуюць дзяўчатам і іх бацькам за тое, што прынялі прапанову і паўдзельнічалі  ў злётах эколагаў.

    У Слуцкім эколага-біялагічным цэнтры работа не сціхае і ў час летніх канікул. Больш за 500 школьнікаў наведалі «экалагічную сцежку» ў цэнтры, кожны тыдзень дзяўчынкі і хлопчыкі прыходзяць сюды на практыку: вялікі агарод сваімі сіламі цэнтраўцам не апрацаваць. Да 900-гадовага юбілею горада аб’яўлены фотаконкурс сярод устаноў адукацыі раёна «Партрэт прыроды вачамі дзяцей». Да 15 жніўня можна прадставіць фотаздымкі краявідаў Случчыны. Цікаўцеся навакольным светам – ён такі цудоўны.

    Автор: Ірына ВЕЧАРСлуцкий край

Комментарии (0)