20 Апреля, 2024 Суббота

Беларуская АЭС: паразважаем без істэрыкі

  • 22 августа 2016 Общество Беларуская 0

    Для кампетэнтнага тлумачэння па ўзнятым пытанні зварот чытача быў накіраваны ў Міністэрства энергетыкі Рэспублікі Беларусь. Неўзабаве рэдакцыя атрымала адказ, які мы і прапануем увазе чытачоў “НТ”. Безумоўна, было б вельмі добра, каб аўтар ліста ў рэдакцыю меў аб прадмеце свайго дужа эмацыянальнага аповяду хоць бы нейкае, хай нават аддаленае, уяўленне. Тады б, мажліва, вежавыя выпаральныя градзірні, якія ён убачыў у святле ліхтароў на будаўнічай пляцоўцы Беларускай АЭС, і не напалохалі яго так моцна. Таму што, на самай справе, гэта звычайныя прыстасаванні для ахалоджвання вады, унутры якіх, акрамя чыстай вады і пары, не будзе ніякіх іншых рэчываў і з’яў кшталту ўранавага паліва ці радыеактыўнага выпраменьвання.

    Дарэчы, дакладна такія ж вежы можна ўбачыць на любой ЦЭЦ ці на прадпрыемстве, дзе ёсць неабходнасць у ахалоджванні вялікай колькасці вады. Зрэшты, не ў градзірнях справа, хоць дадзены факт і з’яўляецца вельмі паказальным. На жаль, сёння абсалютная большасць праціўнікаў АЭС нават не паварушылі пальцам, каб атрымаць хоць нейкую інфармацыю аб атамнай электрастанцыі і ўжо на падставе яе зрабіць уласную выснову.

    Звычайна негатыўныя адносіны да атамнай энергетыкі грунтуюцца на простай схеме: на Чарнобыльскай АЭС здарылася аварыя – значыць, усе АЭС небяспечныя. Вось і аўтар ліста праз радок успамінае гэтую аварыю і абураецца тым, што мы, маўляў, не вучымся на памылках. На яго думку, засвоіць урок з Чарнобыльскай аварыі – гэта, не марудзячы, спыніць будаўніцтва Беларускай АЭС. Ну і, напэўна ж, усіх атамных электрастанцый у свеце. Не новая, добра знаёмая логіка. Не зразумела толькі, чаму яна не выкарыстоўваецца ў іншых выпадках. Да прыкладу, чаму ніхто не патрабуе забароны запалак альбо ўвогуле агню па прычыне вялікай колькасці пажараў? Альбо нават пасля буйных авіякатастроф ніхто не заклікае знішчыць усе самалёты? Вось і аўтар ліста смела сеў у крэсла аўтобуса, хоць, напэўна ж, неаднойчы чуў пра аварыі такіх сродкаў транспарту з вялікай колькасцю ахвяр. Адказ на гэтыя, крыху іранічныя, пытанні відавочны: у нас проста няма іншага выбару. Не можам мы пражыць без запалак і агню, адмовіцца ад грама-дзянскай авіяцыі, пасажырскага аўтатранспарту і многіх іншых рэчаў, да якіх прызвычаіліся, без якіх, іншым разам, не ўяўляем свайго жыцця, хоць і разумеем, што яны, гэтыя рэчы, могуць быць вельмі небяспечнымі.

    Добра гэта ці дрэнна, але ў атамнай энергетыкі сёння таксама няма альтэрнатывы. Інакш чым растлумачыць той факт, што на сённяшні дзень у свеце выкарыстоўваецца 437 ядзерных энергаблокаў. Найбольшая іх колькасць у ЗША, Францыі і Японіі. Яшчэ 67 энергаблокаў знаходзяцца на рознай ступені будаўніцтва. Узводзяць уласныя атамныя станцыі Фінляндыя, Кітай, Індыя, ЗША, Паўднёвая Карэя, Славакія, Францыя… Плануе будаўніцтва дзвюх АЭС Польшча. Не адмовілася ад уласнай атамнай электрастанцыі Літва. Што штурхае гэтыя краіны ў бок атамнай энергетыкі? Няўжо і там такія ж, як піша аўтар, “дурні”, якія не хочуць вучыцца на памылках? Наўрад ці. Ды і што значыць: “вучыцца на чужых памылках”? Апёкшыся ў дзяцінстве, ніколі не браць у рукі запалкі? Ці ўсё ж навучыцца імі карыстацца?

    Гэта няпраўда, што энергетыкі не засвоілі ўрок з аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Трагічныя падзеі 30-гадовай даўніны прывялі да радыкальнага перагляду ўсёй сістэмы дзейнасці АЭС. Бяспека на сучасных АЭС з’яўляецца краевугольным камнем, асновай асноў, філасофіяй галіны. У аснову бяспекі Беларускай АЭС, як і ўсіх сучасных атамных станцый, пакладзены прынцып глыбокаэшаланаванай абароны. Яго сутнасць – у выснове, што любая асобная сістэма бяспекі, якой бы надзейнай яна ні была, усё роўна ўразлівая і павінна быць прадубліравана альбо падмацавана дадатковай сістэмай.

    Бяспека Беларускай АЭС будзе забяспечана мноствам фактараў. Галоўны з іх – гэта прынцып самаабароненасці рэактарнай устаноўкі, наяўнасць некалькіх бар’ераў бяспекі і мнагакратнае дубліраванне каналаў бяспекі. У праекце Беларускай АЭС выкарыстана рацыянальнае спалучэнне актыўных – інакш кажучы, тых, што патрабуюць намаганняў персаналу і крыніц энергазабеспячэння, і пасіўных – якія не патрабуюць дзейнасці персаналу і электрычнасці, сістэм бяспекі. Беларуская АЭС будзе мець ахоўную герметычную абалонку, якая ўкрые ўсё радыяцыйна небяспечнае абсталяванне і будзе мець здольнасць вытрымліваць высокі ціск знутры, а таксама нагрузку ад знешніх уздзеянняў. Такіх, як ураганы, смерчы, землятрусы і нават падзенне самалёта.

    “Пастка расплаву” – спецыяльнае прыстасаванне, якое знаходзіцца пад рэактарам і будзе выкарыстана ў выпадку найцяжэйшай аварыі на АЭС – таксама будзе мець месца на Беларускай АЭС. Нічога падобнага не было на Чарнобыльскай АЭС. І гэта толькі некаторыя “ўрокі”, якія былі “вывучаны” пасля аварыі. На жаль, фармат газетнага артыкула не дазваляе падрабязна спыніцца на тэхнічных асаблівасцях сучасных АЭС. Але знайсці такую інфармацыю самастойна не ўяўляе цяжкасці. Трэба проста захацець. А яшчэ прыкласці крыху намаганняў, каб засвоіць новыя веды, а не жыць аднойчы сфарміраваным меркаваннем усё жыццё. Сістэма безумоўнага выканання ўсіх тэхнічных рэгламентаў эксплуатацыі АЭС, абарачэння з радыеактыўнымі адходамі, падрыхтоўка персаналу, выхаванне ва ўсіх супрацоўнікаў атамнай станцыі культуры бяспекі – бадай што, таксама можна аднесці да “чарнобыльскіх урокаў”.

    Узвядзенне ўласнай АЭС створыць дадатковыя гарантыі дзяржаўнай незалежнасці і эканамічнай бяспекі Рэспублікі Беларусь. Менавіта гэтым і нічым іншым абумоўлена будаўніцтва Беларускай АЭС. У эканамічна развітых краінах Заходняй Еўропы каля 28 працэнтаў электраэнергіі выпрацоўваецца за кошт спальвання каменнага вугалю. Яшчэ каля 20 працэнтаў “даюць” цеплаэлектрастанцыі, якія працуюць на газе. 29 працэнтаў электраэнергіі вырабляюць на АЭС. 10 працэнтаў – на гідраэлектрастанцыях. Мае месца з’ява, якую ў эканоміцы называюць дыверсіфікацыяй. І гэта вельмі добра, таму што ўсе “яйкі” непажадана трымаць у адным кошыку. У Беларусі ж больш за 95 працэнтаў электрычнасці выпрацоўваецца на газавых электрастанцыях! Падкрэслім, выпрацоўваецца з сыравіны, якой няма ў нашай краіне. Пасля ўводу АЭС у эксплуатацыю каля 30 працэнтаў электраэнергіі краіны прыпадзе на атамную генерацыю, а Беларусь будзе штогод эканоміць да 5 кубічных мільярдаў прыроднага газу.

    Немалаважна і тое, што ўвядзенне ў энергабаланс АЭС панізіць выкіды ў атмасферу парніковых газаў на 7 – 10 мільёнаў тон у год. Будаўніцтва Беларускай АЭС ужо надало магутны стымул у развіцці ўсіх сфер грамадскага жыцця нашай краіны. І ў першую чаргу – навукі, адукацыі, медыцыны, будаўніцтва, энергетыкі. Таму выснова аб тым, што АЭС непатрэбна Беларусі, грунтуецца выключна на эмоцыях аўтара ліста і не вытрымлівае ніякай крытыкі. Як і ўпэўненасць у тым, што АЭС, альбо, як піша аўтар, “мірны атам”, можа з’яўляцца толькі пагрозай.

    Безумоўна, атамная электрастанцыя – вельмі важны і адказны аб’ект. Адмаўленне гэтага факта, па сутнасці, стала адной з перадумоў аварыі на Чарнобыльскай АЭС. З часу тых трагічных падзей прайшло вось ужо больш за тры дзесяцігоддзі. Не стала былой агульнай краіны. Змяніўся грамадска-палітычны лад, дзяржаўная ідэалогія. Непазнавальна, дзякуючы навукова-тэхнічнаму прагрэсу, змянілася наша паўсядзённае жыццё. Прызнаваць прагрэс у цэлым і адмаўляць яго ў атамнай энергетыцы – неразумна. Атамная энергетыка таксама перажыла радыкальны рэнесанс. Прычым як тэхнічны, так і маральны. Сучасныя АЭС нават знешне не нагадваюць Чарнобыльскую станцыю. І, напэўна ж, не толькі ў Беларусі, а і ў некалькіх тысячах кіламетраў вакол Беларускай АЭС не зной-дзецца чалавека, які б жадаў, каб на ёй здарылася нейкая бяда.

    У першую чаргу бяспека АЭС хвалюе людзей, якія на ёй працуюць. Беларускую АЭС будуць эксплуатаваць высокакваліфікаваныя спецыялісты, якія атрымалі неабходны вопыт на расійскіх, украінскіх, літоўскай атамных электрастанцыях. Побач з імі набываць вопыт будуць і нашы айчынныя “атамшчыкі”, якіх рыхтуюць у лепшых беларускіх ВНУ і якія ўжо цяпер, за некалькі гадоў да ўводу Беларускай АЭС, праходзяць стажыроўку на дзеючых замежных атамных электрастанцыях. У Беларускай АЭС ёсць усё неабходнае, каб быць бяспечнай. Абраны самы сучасны і надзейны праект. Выбрана на-дзейная пляцоўка. У якасці генеральнага падрадчыка выступае кампанія – прызнаны лідар сучаснага атамнага энергетычнага будаўніцтва. Мы будуем АЭС не для таго, каб яе ўзарваць, а для таго, каб разумна і бяспечна яе выкарыстоўваць на карысць усім людзям нашай краіны – Рэспублікі Беларусь.

    Автор: Эдуард СВІРЫДНародная трыбуна

Комментарии (0)