28 Марта, 2024 Четверг

Першавераснёўская радасць завітае ў кожны дом Глыбачан

  • 23 августа 2016 Общество Беларуская 0

    Праз тыдзень празвініць першы званок новага 2016-2017 навучальнага года, які амаль што кожнага з нас пакліча ў школу. Радасць першавераснёўскай урачыстасці разам з настаўнікамі, вучнямі і іх бацькамі раздзеляць прадстаўнікі органаў дзяржаўнай улады, шэфскіх калектываў і грамадскіх арганізацый, бо менавіта ўсе яны з’яўляюцца стваральнікамі гэтага цудоўнага свята – Дня ведаў. Іх дзейсная дапамога ўстановам адукацыі з’яўляецца адным са складаемых таго вялікага і ўсеабдымнага клопату нашай дзяржавы пра сваіх юных грамадзян, той пастаяннай і мэтанакіраванай падтрымкі інстытута сям’і і сферы адукацыі.

    Трэба зазначыць, што ў нас, на Глыбоччыне, своеасаблівым завяршаючым акордам падрыхтоўкі да новага навучальнага года стане вялікае раённае свята дзяцінства “Бывай, лета! Дзень добры, школа!”. Выдатная традыцыя правядзення такога свята, закладзена тры гады таму па ініцыятыве раённага выканаўчага камітэта і непасрэдна яго старшыні Алега Віктаравіча Морхата. І аналагаў такому святу дзяцінства, якое ладзіцца напрыканцы жніўня ў Глыбокім, наўрад ці знайсці дзе яшчэ. Яно з’яўляецца пацвярджэннем таго, што ў нашым раёне развіццю адукацыйнай сферы, вырашэнню дэмаграфічных праблем, абароне дзяцінства, павышэнню адказнасці бацькоў за належнае выхаванне дзяцей, падтрымцы сем’ям, у якіх выхоўваюцца дзеці, удзяляецца пастаянная і самая пільная ўвага. За апошнія гады склалася стройная сістэма работы па гэтым накірунку.

    Пытанні арганізацыі вучэбна-выхаваўчага працэсу знаходзяцца на пастаянным кантролі органаў раённай улады. Ну, а летні перыяд асаблівы ў гэтым плане. Цэнтр увагі змяшчаецца на арганізацыю адпачынку і аздараўлення дзяцей і моладзі, правядзенне планавых рамонтных работ, абнаўленне і ўдасканаленне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў адукацыі і забеспячэнне дзяцей падручнікамі і ўсімі неабходнымі пісьмовымі і канцылярскімі прыладамі.

    На арганізацыю змястоўнага і карыснага адпачынку ў лагерах кругласутачнага знаходжання і аздараўленне дзяцей, якія засталіся без бацькоўскай апекі, дзяцей-інвалідаў і тых хлопчыкаў і дзяўчынак, якія знаходзяцца на прафілактычным уліку,  затрачана 14, 1 тысячы рублёў.  Пад асаблівай апекай у летні час знаходзіліся дзеці з малазабяспечаных, няпоўных, шматдзетных і, так званых, нядобранадзейных сем’яў. Звярталася самая пільная ўвага на забеспячэнне летняй занятасці старшакласнікаў. Напрыклад, упраўленнем па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама на гэтыя мэты было накіравана 22,3 тысячы рублёў. Усебаковае садзейнічанне аказвалася рабоце 5 будаўнічых атрадаў старшакласнікаў, індывідуальнаму працаўладкаванню на летні перыяд вучняў старэйшых класаў. Школьнікі займаліся праполкай сельгаскультур, дапамагалі рамантаваць жывёлагадоўчыя фермы, працавалі на зернетаках, збіралі ягады і лекавыя расліны… Усяго ў працоўнай чвэрці занята 594 вучні школ раёна. Індывідуальны заробак на кожнага ў сярэднім склаў каля 200 рублёў.

    Значная ўвага ўдзялялася рамонту будынкаў і памяшканняў адукацыйных устаноў, умацаванню матэрыяльна-тэхнічнай базы, на што з раённага бюджэту было выдзелена больш 160 тыс. рублёў. На гэтыя ж мэты выкарыстаны грошы, заробленыя шляхам пазабюджэтнай дзейнасці, а таксама сродкі папячыцельскіх саветаў і спонсарская дапамога — усяго каля 100 тыс. рублёў.

    Важнейшы клопат дзяржаўных органаў улады скіраваны сёння на тое, каб кожны школьнік быў забяспечаны ўсім неабходным для вучобы ў школе, каб першавераснёўскі дзень і новы навучальны год прынеслі радасць і жаданне вучыцца, ісці да сваёй запаветнай мары. І тут неабходна адзначыць, што кіраўніцтвам нашага раёна выпрацавана сістэма падтрымкі сем’яў, дзе выхоўваюцца дзеці, і, у прыватнасці, шматдзетных сем’яў, няпоўных, малазабяспечаных, сем’яў, у якіх выхоўваюцца сіроты, дзеці-інваліды. На працягу ўсяго летняга падрыхтоўчага перыяду вядзецца канкрэтная работа, ладзяцца разнастайныя мерапрыемствы і акцыі. Да ўдзелу ў іх прыцягваюцца самыя шырокія слаі насельніцтва, калектывы дзяржаўных прадпрыемстваў, устаноў і арганізацый, бізнесструктур. Дарэчы, у нашым раёне выпрацоўваюцца новыя падыходы па ўдасканаленні работы з, так званымі, цяжкімі сем’ямі, павышэнні адказнасці бацькоў за выхаванне дзяцей. Так, з мэтай аказання дапамогі па абароне правоў і законных інтарэсаў дзяцей распараджэннем райвыканкама ад 24 лютага 2016 года за нядобранадзейнымі сем’ямі замацаваны члены райвыканкама, кіраўнікі аддзелаў і ўпраўленняў райвыканкама, старшыні сельвыканкамаў, кіраўнікі шэрагу прадпрыемстваў і арганізацый. Падобнае шэфства дазваляе больш аператыўна вырашаць многія ўзнікаючыя ў гэтых сем’ях праблемы, своечасова карэкціраваць выхаваўчы працэс у сям’і.

    Сёлета, як у папярэднія гады, у адпаведнасці з распараджэннем райвыканкама аказваецца аднаразовая дзяржаўная дапамога ў суме 30 рублёў на кожнага школьніка шматдзетным і няпоўным сем’ям, якія маюць двух і больш школьнікаў, сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў ва ўзросце да 18 гадоў, сем’ям, дзе выхоўваюцца дзеці, у якіх абодва бацькі ў поўнай сям’і і адзін – у няпоўнай з’яўляюцца інвалідамі 1 і 2-й груп, а таксама сем’і, у якіх адзін з бацькоў у поўнай сям’і з’яўляецца інвалідам 1 групы, а другі даглядае яго і атрымоўвае дзяржаўную дапамогу, прадугледжаную заканадаўствам. Дзяржаўная дапамога вышэйзгаданым катэгорыям сем’яў налічваецца пры ўмове, калі сярэдні даход на аднаго члена сям’і не перавышае 150% бюджэту пражытачнага мінімуму (па стане на 23.08.2016 г. такая дапамога была ўжо налічана 34 сем’ям, у якіх выхоўваюцца 76 дзяцей-школьнікаў).

    Адчувальны эфект дае правядзенне разнастайных дабрачынных акцый па зборы грашовых сродкаў на набыццё канцтавараў, дзіцячага адзення, абутку, так і непасрэдна па зборы гэтых рэчаў. Напрыклад, у акцыі “Соберем детей в школу вместе”, якую праводзіць аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, прымалі ўдзел камерцыйныя структуры і індывідуальныя прадпрымальнікі, імі пералічана больш 10 млн. рублёў. Шматдзетным сем’ям, дзе выхоўваюцца пяцёра і больш дзяцей размеркавана 70 пар абутку – падарунак ад Старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Андрэйчанкі і фірмы “Марка”. Не застаюцца ў баку ад спраў па падрыхтоўцы да 1 верасня і працоўныя калектывы прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў раёна: паўсюдна, у адпаведнасці з калектыўным дагаворам заключаным паміж адміністрацыяй і прафсаюзнымі камітэтамі, аказваецца фінансавая  дапамога работнікам, у сем’ях якіх выхоўваюцца дзеці-школьнікі. Актывісты прафсаюзных арганізацый раёна праводзяць акцыю “Прафсаюзы – дзецям”, арганізуюць мерапрыемствы “Збяром школьны партфель” і “Збяром партфель першакласніку”. У гушчыні падзей, звязаных з падрыхтоўкай да новага навучальнага года, знаходзіцца і ўвесь актыў раённай арганізацыі ГА “БРСМ”. Яны ладзяць акцыю  па зборы пісьмовых і канцылярскіх прылад “У школу з Добрым Сэрцам”. Актыўны ўдзел у падрыхтоўцы да новага навучальнага года прымаюць таксама і рэлігійныя абшчыны горада і раёна.

    А таму сёння ёсць усе падставы сцвярджаць, што і сёлетні Дзень ведаў стане адной з самых радасных і памятных падзей для кожнай сям’і, для кожнага хлопчыка і дзяўчынкі.

    Автор: Анатоль ЗінкевічВеснік Глыбоччыны
    Теги: 

Комментарии (0)