28 Марта, 2024 Четверг

"Устань з канапы і прайдзі міма халадзільніка" – і гэта стане першым крокам да здаровага ладу жыцця

  • 26 августа 2016 Общество Беларуская 0

    На мінулым тыдні ў Астраўцы праходзіў тыдзень здароўя пад дэвізам “Тваё здароўе ў тваіх руках”. Магчыма, нехта з нашых чытачоў стаў адным з яго ўдзельнікаў: некаму памералі ціск у палатцы каля дома быту, нехта прыняў удзел у размове пра асаблівасці скандынаўскай хадзьбы ў раённай бібліятэцы, ці ў ваш калектыў прыйшоў нехта з урачоў з гутаркай пра здароўе.

    А эпіцэнтрам гэтага тыдня стала пасяджэнне “Круглага стала” ў рэдакцыі “Астравецкай праўды”, якое было прысвечана шырокай і шматграннай тэме здаровага ладу жыцця.

    Удзел у размове прынялі загадчык аддзялення рэабілітацыі і старшыня прафсаюзнага камітэта цэнтральнай раённай бальніцы Тадэвуш Зыгмундавіч Субаткевіч, урач лячэбнай фізкультуры Жанна Адамаўна Волк-Леановіч, намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Таццяна Мікалаеўна Букель, дырэктар прадпрыемства меліярацыйных сістэм, вядомы аматар спорту ў нашым раёне Вадзім Станіслававіч Вянгроўскі, педагог дадатковай адукацыі цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, прыхільнік здаровага ладу жыцця Аляксандра Мікалаеўна Букель. Вядучай “Круглага стала” па традыцыі стала Ніна Рыбік.

    Ніна РЫБІК:

    – Напачатку хацела пацікавіцца ў Тадэвуша Зыгмундавіча, які, наколькі я ведаю, стаў “завадатарам” гэтай справы: як узнікла ідэя правядзення тыдня здароўя, у рамках якога арганізатары папрасілі правесці і гэты “круглы стол”?

    кргулый стол здоровье суботкевич

    Тадэвуш Субаткевіч:

    – Адразу хачу сказаць: гэта не выкананне нейкага задання “зверху”, зададзенага плана. Тыдзень здароўя – наша ўласная ініцыятыва.

    Спачатку мы планавалі правесці спартакіяду медыцынскіх работнікаў і такім чынам выявіць сярод іх найбольш актыўных і спартыўных. Думалі-гадалі: як лепш, цікавей гэта зрабіць? Да справы падключылася старшыня таварыства “Чырвонага Крыжа” Вольга Іосіфаўна Руднік. Нездарма ж кажуць, што адна галава – добра, дзве лепш, а некалькі – проста цудоўна. У выніку доўгіх творчых калектыўных роздумаў і спрэчак ідэя спартакіяды трансфармавалася ў шэраг мерапрыемстваў, і не толькі сярод нашых супрацоўнікаў – і перарасла ў тыдзень здароўя. Было вырашана, што называецца, “пайсці ў народ”: расказаць людзям – не толькі тым, што прыйшлі ў бальніцу з нейкімі праблемамі, а звычайным прахожым – аб перавагах здаровага ладу жыцця, пераканаць іх, што здароўе лягчэй зберагчы, чым потым яго аднавіць. Вядома ж, і спартакіяду ў праграме пакінулі – каб медыкі на ўласным прыкладзе прадэманстравалі, як гэта здорава – быць здаровым!

    У рамках тыдня здароўя мы запланавалі некалькі цікавых мерапрыемстваў, і кожны дзень тыдня здароўя загружаны, што называецца, “пад завязку”. Мы сустракаліся з удзельніцамі клуба “Актыўнае даўгалецце” – прычым не толькі ў бібліятэцы, як гэта звычайна бывае, а падчас прагулкі з элементамі скандынаўскай хады, з кансультацыямі ўрача па ходу. Затым прайшоў дзень адкрыты дзвярэй, калі ўрачы – анколаг, псіхатэрапеўт, кардыёлаг, спецыяліст па лячэбнай фізкультуры – прыйшлі ў працоўныя калектывы, расказалі, паказалі, адказалі на пытанні…

    У праграме тыдня – велапрабег, работа інфармацыйнай пляцоўкі, спартакіяда медыцынскіх работнікаў, з якой, услана кажучы, усё і пачалося – і агульны флэшмоб пад дэвізам “Скажам канапе “НЕ!”.

    Мы вельмі ўдзячны усім, хто нас падтрымаў і дапамог у ажыццяўленні гэтай важнай для ўсіх і кожнага справе.

    Напэўна, з-за таго, што план гэтага тыдня здароўя не быў “спушчаны зверху”,  а распрацоўваўся намі, усё і атрымалася цікава, карысна і нефармальна.

    Ніна Рыбік:

    –Перш чым перайсці да абмеркавання заяўленай тэмы размовы, давайце, што называецца, вызначымся з паняццямі. Што ў вашым разуменні з’яўляецца здаровым ладам жыцця – правільнае харчаванне, калі ў штодзённым меню няма тлустага і смажанага, ранішнія прабежкі, адсутнасць шкодных звычак, нешта яшчэ?

    Жанна Волк-Леановіч:

    –Здаровы лад жыцця – гэта досыць шырокае паняцце, якое ўключае ў сябе многія складаемыя. Гэта не нешта адно з пералічанага вамі, а менавіта ЛАД ЖЫЦЦЯ. Гэта ежа – кожны чалавека павінен выпрацаваць так званую культуру харчавання. Гэта дастатковая фізічная актыўнасць – каб тое, што мы спажываем, транспартавалася менавіта ў энергію, а не адкладвалася ў дэпо тлушчу. Гэта нашы думкі, тое, як мы сябе вызначаем у гэтым жыцці, у якія колеры яго расфарбоўваем: можна кожны дзень зрабіць шэрым і хадзіць змрочным, а можна расквеціць яго каляровымі фарбамі – і тады проста не будзе хапаць часу, каб падумаць, што ў цябе нешта не так…

    круглый стол здоровье венгровский

    Вадзім Вянгроўскі:

    – Вельмі добрую справу распачалі медыкі – трэба прапагандаваць здаровы лад жыцця, даносіць да людзей яго перавагі. Больш таго: мне здаецца, што гэта не павінна закончыцца разавай акцыяй – падобныя тыдні здароўя варта праводзіць хоць бы раз у паўгода, а то і часцей.

    Што тычыцца паняцця, то я згодзен з Жаннай: здаровы лад жыцця ўключае ў сябе многія складаемыя, і перш за ўсё – светлыя, пазітыўныя думкі: усё пачынаецца ў чалавека ў галаве, у тым ліку і яго здароўе ці хвароба.

    Таццяна Букель:

    – Кожны чалавек перш за ўсё павінен сам думаць пра сваё здароўе. А калі будзе здаровым чалавек – будзе здаровым грамадства і нацыя. І ўсё пачынаецца з сям’і. Калі ў сям’і здаровая атмасфера, калі там прапісаўся здаровы лад жыцця і дзеці гэта бачаць, усведамляюць – яны таксама будуць клапаціцца пра сваё здароўе. А ў нас у многіх сем’ях лічыцца галоўным смачна і сытна накарміць хатніх, аб тым, як гэта паўплывае на іх здароўе, ніхто не думае.

    Сёння часта можна пачуць, што ў Астраўцы не хапае спартыўнай базы, каб весці здаровы лад жыцця: няма нармальнага стадыёна, фізкультурна-аздараўленчага комплексу, басейна. Усё гэта ў хуткім часе ў нас з’явіцца. Але не толькі ў спартыўнай базе справа: той, хто хоча займацца сабой і сваім здароўем, заўсёды знойдзе для гэтага магчымасць: сядзе на веласіпед, стане рабіць ранішнюю прабежку, будзе гуляць з сабакам – урэшце, проста выйдзе вечарам на прагулку, каб падыхаць свежым паветрам.

    Па роду сваіх службовых заняткаў мяне найбольш турбуе здароўе нашых дзяцей. Пагадзіцеся: калі дзіця прыходзіць у дзіцячы садок, а ў яго ўжо ёсць праблемы са здароўем – гэта ненармальна. Таму паўтаруся: усё павінна пачынацца з сям’і. А затым гэтую эстафету падхопяць садок, школа…

    Тадэвуш Субаткевіч:

    – Тое, што праводзіцца ў школе, безумоўна, важна. Але гэта абавязковая праграма, якая будзе выканана ў любым выпадку. Наша ж задача крыху іншая: пасеяць у кожнай галаве зярнятка разумення, што тваё ўласнае здароўе – гэта ў першую чаргу твой клопат, а не настаўнікаў, медыкаў ці каго там яшчэ. Чалавек павінен сам клапаціцца пра сябе, а не чакаць, пакуль нехта прынясе яму добрае здароўе на сподачку з блакітным беражком – так не бывае.

    І мяне радуе, што многія нашы астраўчане гэта разумеюць: плануючы свой адпачынак, прыходзяць да нас у аддзяленне медыцынскай рэабілітацыі, зараней запісваюцца на розныя працэдуры, якія нічым не адрозніваюцца ад санаторных – але іх можна прайсці на месцы, не трэба некуды ехаць, траціць грошы, пакідаць сям’ю без нагляду. Гэта і азначае — клапаціцца пра сваё здароўе.

    Аляксандра Букель:

    – Я так разумею, што мяне запрасілі для размовы за гэтым круглым сталом як прадстаўніцу сярэднестатыстычнай сям’і, дзе па меры магчымасці стараюцца весці здаровы лад жыцця?

    Жанна Волк-Леановіч:

    – І мне здаецца, што гэта сапраўды так: я неаднойчы бачыла вас і са скандынаўскімі палкамі, і на веласіпедзе…

    круглый стол здоровье александра букель

    Аляксандра Букель:

    – Ну, з гэтымі палкамі асобная гісторыя…

    Я даўно да іх прыглядвалася. Мы з мужам любім адпачываць у Прыбалтыцы, а там ужо гадоў з дзесяць таму па пляжы сталі хадзіць людзі рознага ўзросту, ад дзяцей да пенсіянераў, са скандынаўскімі палкамі. Я ўсё да іх прыглядвалася, хацела нават напракат гэтыя палкі ўзяць, паспрабаваць, што ж у гэтай скандынаўскай хадзьбе такога асаблівага? Але муж у мяне прыхільнік актыўнага адпачынку, усё цягнуў мяне то на тэніс, то на веласіпед, пераконваў, што прагулкі з гэтымі палкамі – занятак для пенсіянераў, мне, маўляў, яшчэ рана…

    А тут у Астравец пераехала сям’я з Прыбалтыкі. Муж пайшоў працаваць на АЭС, а жонка ўладкавалася да нас у цэнтр. Нам далі адзін клас, і неяк неўпрыкмет мы пасябравалі. Яна раней працавала ў цэнтры рэабілітацыі інвалідаў, займалася ў тым ліку і скандынаўскай хадзьбой. Даведаўшыся пра гэта, я зноў загарэлася… Новая сяброўка расказала, якім павінна быць адзенне, абутак для заняткаў, купілі мы гэтыя палкі – дарэчы, у нас у Астраўцы, нікуды ехаць не давялося — і мінулай восенню першы раз выбраліся на прагулку.

    Тое, як на нас рэагавалі стрэчныя, — тэма асобнай размовы. Мужчыны крычалі нам услед, што мы забыліся надзець лыжы. Бабулі таксама нешта раілі. Дзеці аказаліся больш прасунутымі — сказалі, што цёткі катаюцца на віртуальных лыжах, яшчэ меншыя вырашылі, што лыжы ўяўляемыя… Словам, вельмі хутка мы збочылі ў лес, каб не прыцягваць усеагульнай увагі. Але паступова ўсе прывыклі да нас, а мы – да такой павышанай увагі…

    Так што я не зусім пагаджуся, што ў нас недастатковая спартыўная база, каб весці здаровы лад жыцця – не ў гэтым справа. Калі ў нас з’явіцца басейн, вось пабачыце, многім будзе то вада не такая, то паркоўка дрэнная, то яшчэ што-небудзь не так. А сёння, калі хто хоча паплаваць, то недалёка Маладзечна, дзе цудоўны аквапарк, Нарач – у санаторыі “Белая Русь” выдатны басейн, дзе літаральна за капейкі можна прыемна і карысна адпачыць. Зімой мы з сябрамі прыкладна раз у два тыдні выбіраемся туды. Далёка басейн – побач Грынцы, на веласіпедзе пры жаданні можна даехаць, а там – конна-спартыўны комплекс, цудоўная пляцоўка для гульні ў тэніс. Было б жаданне…

    Калі ж вярнуцца да пытання, што я разумею пад словамі “здаровы лад жыцця”, то для мяне гэта перш за ўсё – светлыя думкі ў галаве і лёгкае цела. А яно стане такім пры ўмове, калі не лянуешся нагружаць сябе фізічнымі практыкаваннямі.

    А светлыя думкі – тут я поўнасцю згодна з Таццянай Мікалаеўнай – пачынаюцца з сям’і і ўсё залежыць ад бацькоў. Калі дзеці бачаць пазітыўныя адносіны мамы і таты адзін да аднаго, да дзяцей, да сваёй работы, да здароўя, то яны падсвядома будуць гэта пераймаць і панясуць у дарослае жыццё.

    Ну і раз у паўгода варта схадзіць у бальніцу на прафілактычны агляд: наведаць тэрапеўта, акуліста, стаматолага – не варта даводзіць да сур’ёзных праблем, лепш заняцца прафілактыкай.

    Ніна Рыбік:

    – Мы ўсе тут гаварылі добрыя і правільныя рэчы пра перавагі здаровага ладу жыцця. А вось вы, кожны з вас – ці прытрымліваецеся гэтых правілаў у сваім паўсядзённым жыцці? Аляксандра Мікалаеўна ўжо крыху пра гэта расказала – хацелася б пачуць і астатніх удзельнікаў “круглага стала”. Што ў гэтай вялікай і не вельмі простай рабоце вы можаце паставіць сабе ў заслугу, а над чым, лічыце, яшчэ трэба працаваць?

    Аляксандра Букель:

    – Мы ў сваёй сям’і даўно адышлі ад стандартных святкаванняў дзён нараджэння з пышнымі застоллямі, гасцямі, морам спіртнога і закусак. На сямейныя святы  звычайна выбіраемся ў тэатр, на канцэрт, у кіно, на дзіцячыя дні нараджэння – у парк на каруселі. Пасля сходзім у кафэ, закажам нешта смачненькае, безалкагольныя кактэйлі – усе задаволены такім святам.

    А яшчэ мне ў гэтым дапамагае мая работа. Калега, якая займаецца танцамі – ёй пастаянна трэба быць у тонусе – часта просіць: дай мне пэндзлік і фарбы! Спачатку малюе вельмі рэзка, нервова, але паступова малюнак становіцца ўсё больш плаўным… “Цяпер я разумею, чаму ты заўсёды такая спакойная, – гаворыць яна. Цябе работа супакойвае.” Але такое супакаенне кожны можа знайсці: фарбы і аркуш паперы купіць – не праблема… Калі пад рукой не акажацца, прыходзьце да нас у цэнтр, мы дапаможам.

    А ў мінус сабе я б паставіла тое, што мы пакуль не здолелі перайсці на здаровае харчаванне. Хаця былі моманты, калі мужу і сыну патрабавалася строгая дыета –  усе сядзелі на кашах, на вараным-параным – і ніхто не памёр, наадварот – скінулі лішняе, здаравей сталі сябе адчуваць… Але вось зрабіць гэта нормай жыцця пакуль не атрымліваецца…

    круглый стол здоровье жанна

    Жанна Волк-Леановіч:

    – Кожны паважаючы сябе чалавек пачынае свой дзень з ранішняй гігіенічнай гімнастыкі – гэта можа быць любы комплекс практыкаванняў у любым зручным зыходным становішчы – стоячы, лежачы, седзячы…

    Ніна Рыбік:

    – Прабачце, Жанна Адамаўна, а вы сябе паважаеце? У сэнсе – робіце раніцай гімнастыку? Ці толькі іншым гэта раіце?

    Жанна Волк-Леановіч:

    – Вядома – я расказваю пра сябе, пра свой пачатак дня, і хачу, каб менавіта так ён пачынаўся ў кожнага. Таму што толькі фізічныя практыкаванні – і нішто іншае: не кава, не гарбата, не снеданне – дапамагаюць нам перайсці ад сну ў стан бадзёрасці, прывесці ў тонус сасуды, актывізаваць усе жыццёвыя працэсы.

    І на працягу дня трэба загружаць свой арганізм фізічнымі практыкаваннямі – вядома, у залежнасці ад занятасці, спецыфікі работы. Трэба памятаць, што, калі чалавек працуе за камп’ютарам ці ўвогуле ў яго сядзячая работа, то яму трэба больш рухацца пасля работы ці рабіць актыўныя перапынкі падчас яе, праходзіць пешшу ў дзень не менш чым 12 кіламетраў.

    Канешне, нагружаць сябе трэба ў адпаведнасці з узростам і станам здароўя. Тая ж папулярная зараз скандынаўская хадзьба больш падыходзіць людзям сталага ўзросту, а для маладых няма нічога лепшага, чым звычайны бег — параўнацца з ім у эфектыўнасці могуць хіба што плаванне і лыжы.

    Варта памятаць пра колькасць спажываемых кілакалорый – іх павінна быць не больш, чым вы растрачваеце, бо ўсё лішняе непазбежна адкладзецца ў дэпо тлушчу. І харчавацца трэба правільна – больш ужываць гародніны і садавіны, бо клятчатка лёгка выводзіцца з арганізму.

    Я вяду дастаткова актыўны і здаровы лад жыцця – але сказаць, што дасягнула ў гэтым дасканаласці, было б занадта смела: людзі, якія займаюцца ёгай і дзесяцігоддзямі робяць адно і тое ж практыкаванне, не могуць пахваліцца, што дасягнулі вяршыні. І ўвогуле – у дасканаласці няма межаў.

    Тадэвуш Субаткевіч:

    – Мне ў гэтым сэнсе пахваліцца няма чым: мой лад жыцця назваць здаровым складана… І вінаваціць у гэтым таксама няма каго – хіба што сябе самога. Ну хіба што яшчэ цудоўныя кулінарныя здольнасці маёй жонкі Дануты Раманаўны: тое, што яна гатуе, проста немагчыма не з’есці. Ды і крыўдзіць харошага чалавека не хочацца: яна ж ад душы, для мяне старалася…

    Затое я стараюся сваёй пазітыўнай энергіяй падзяліцца з людзьмі, якія прыходзяць у мой кабінет, расказаць ім, што і як трэба рабіць, каб заставацца здаровым.

    Вадзім Вянгроўскі:

    – Гаворачы пра здаровы лад жыцця, трэба яшчэ ўлічваць спецыфіку работы, магчымасці чалавека, нават узровень яго дастатку – усё гэта вельмі індывідуальна.

    Раней, калі вучыўся ў школе, ва ўніверсітэце, часу займацца сабой было больш. Зараз на мой лад жыцця моцна ўплывае спецыфіка работы: ранкам дзве хвіліны да машыны, вечарам тое ж самае ў адваротным накірунку – і ўсё, астатні час праводжу ў асноўным на колах, бо інакш не нічога не паспееш. Фізічная актыўнасць зводзіцца да паўтарагадзінных трэніровак два разы на тыдзень – я па-ранейшаму актыўна займаюся футболам. Харчаванне таксама далёка ад ідэальнага – дзе давядзецца і калі давядзецца, пра пяць разоў на дзень дробнымі порцыямі нават марыць не магу.

    круглый стол здоровье татьяна букель

    Таццяна Букель:

    – У свой час я наведвала валейбольную секцыю, рэгулярна трэніравалася. У сённяшнім узросце гэта ўжо празмерная нагрузка. Зараз стараюся, каб усё, што раблю, прыносіла задавальненне – хай то работа ў агародзе, заняткі на трэнажорах – зімой мы заўсёды наведваем спартыўную залу – ці вячэрнія прагулкі з сабакам. У нас хаскі – сабакі гэтай пароды вельмі актыўныя, так што прагулка з ім даволі насычаная.

    Аляксандра Букель:

    – Сапраўды, часам цяжка зразумець, хто каго выгульвае: Таццяна Мікалаеўна сабаку – ці наадварот…

    Таццяна Букель:

    – А калі мы збочваем да лесу, адпускаю сабаку пабегаць, а сама тым часам выконваю розныя фізічныя практыкаванні – не стаўлю перад сабой нейкай пэўнай мэты, раблю тое, што мне ў радасць: стане цяжкавата – спыняюся…

    Хоць увогуле сваёй галоўнай заслугай у прапагандзе здаровага ладу жыцця лічу тое, што мы з мужам прывучылі нашага сына Андрэя да заняткаў спортам. Ён не стаў прафесійным спартсменам, але рэгулярна займаецца фізкультурай для сябе, сочыць за сваім здароўем – і гэта мяне вельмі радуе.

    Ніна Рыбік:

    – Давайце ўявім, што нехта чытае гэтую нашу гутарку, лежачы з газетай на канапе, і думае: “Напэўна, я жыву не вельмі правільна… Нешта трэба мяняць у сваім ладзе жыцця”. Што б вы параілі гэтаму чалавеку?

    Тадэвуш Субаткевіч:

    – Сесці і спакойна падумаць, разважыць: ці так я жыву, ці тое раблю, ці ўсё ў мяне ў парадку са здароўем? І калі ёсць пэўныя праблемы, не саромецца падысці да доктара – да таго, каму вы давяраеце – параіцца, расказаць, што ды як – і затым разам шукаць выйсце са становішча.

    Аляксандра Букель:

    – Такому чалавеку я б параіла не ляжаць і думаць, што ж са мной не так, а хоць бы ўстаць з канапы…

    Тадэвуш Субаткевіч:

    –…І прайсці міма халадзільніка!

    Аляксандра Букель:

    – Так, прайсці міма халадзільніка – і выйсці на вуліцу. Схадзіць, напрыклад, на набярэжную, палюбавацца нашым прыгожым горадам, падыхаць свежым паветрам. Мы, напрыклад, жывём у прыватным сектары, але кожны вечар ідзем гуляць да рэчкі – там зусім іншае паветра, іншыя пахі… І адчуваеш сябе падчас такіх прагулак зусім інакш, чым лежачы на канапе.

    І калі вы хоць бы на працягу тыдня кожны вечар будзеце выбірацца на прагулку, то самі не заўважыце, як гэта ператворыцца ў звычку, а затым – і ў патрэбу. Ну а далей – болей…

    Жанна Волк-Леановіч:

    – Я б хацела ўсім пажадаць жыць так, каб не было патрэбы звяртацца за дапамогай да медыкаў – хоць і сама ўрач. Чалавек можа і павінен абыходзіцца без дапамогі медыцыны. Трэба памятаць, што наша здароўе на 50 працэнтаў залежыць ад нашага ладу жыцця, а толькі потым – ад акаляючага асяроддзя, генетыкі і ў апошнюю чаргу – ад узроўню развіцця медыцыны.

    Вадзім Вянгроўскі:

    – Я ўжо гаварыў, што ўсяляк падтрымліваю падобныя прафілактычныя мерапрыемствы па прапагандзе здаровага ладу жыцця і лічу, што іх трэба праводзіць як мага больш. Але разам з тым упэўнены: пакуль чалавек сам не зразумее, што яго здароўе – гэта перш за ўсё яго клопат, то ніхто і нішто яму не дапаможа: ні тыдні здароўя, ні газета, ні наш “круглы стол”.

    Таццяна Букель:

    – Чалавек, які пакуль што ляжыць на канапе, павінен сказаць сабе: я ніколькі не горшы за іншых, я хачу быць здаровым – і я буду такім! Схадзіць да тэрапеўта, памераць ціск, параіцца, якія нагрузкі ён можа сабе дазволіць –  і пачаць з малога: сёння адмовіцца ад серыяла, заўтра – ад цукеркі, паслязаўтра – ад лішняй катлеты. І так пакрысе ад малога прыйсці да вялікага – свайго ўласнага здароўя. Усё залежыць ад нас, трэба навучыцца любіць сябе – і тады мы зможам палюбіць іншых.

    А яшчэ я жадаю кожнаму знайсці аднадумцаў, з якімі можна заняцца ці то скандынаўскай хадзьбой, ці то бегам – разам усё робіцца весялей і дружней.

    Усіх жадаючых я запрашаю ў спартыўныя залы, на пляцоўкі – нашы спецыялісты дапамогуць разлічыць аптымальныя нагрузкі з улікам узросту, самаадчування і іншых асаблівасцей арганізму.

    Тадэвуш Субаткевіч:

    – На працягу гэтага тыдня здароўя, у тым ліку і на пасяджэнні нашага “круглага стала” прагучала шмат каштоўных прапаноў, якія варта ўвасобіць у жыццё. Таму будзем працаваць усе разам – дзеля захавання нашага ўласнага здароўя.

    Автор: Ніна РыбікАстравецкая праўда
    Теги: 

Комментарии (0)