26 Апреля, 2024 Пятница

Фінты на брусах, сучасныя трэкі, бум фарбаў і танца: моладзь Івацэвічаў развіталася з летам

  • 30 августа 2016 Общество Беларуская 0

    Свята, прысвечанае заканчэнню летняга працоўнага семестра і летніх канікулаў, само па сабе не навінка. Ужо не першы год моладзь право-дзіць лета разам і вялікім святам. Аднак, штогод мяняецца то месца правядзення мерапрыем-ства, то яго фармат. Чаго толькі ні бачыла наша моладзь на гэтых провадах: мімы, рок-групы, танцоры брэйк-дансу, свята фарбаў… І гэта яшчэ не ўсё. Але гэты “Нон-стоп адыходзячага лета”, што прайшоў у мінулую нядзелю, 28 жніўня, зноў здзівіў і ўразіў нават самага патрабавальнага госця. 

    Чым? Спачатку першым у гісторыі раёна адкрытым Кубкам Івацэвіцкага раёна па Street Workout, а пасля фестывалем фарбаў. Так, пару слоў пра спорт 21 стагоддзя: Street Workout лічаць аматарскім відам спорту. Гэта выкананне комплексу практыкаванняў на вулічных спортпляцоўках. Прыхільнікі гэтага спорту не злазяць з турнікоў і брусоў. Даводзілася і мне не аднойчы бачыць на спартыўных пляцоўках групы школьнікаў. Аказалася, такіх прыхільнікаў вулічнага спорту ў райцэнтры некалькі дзясяткаў. Іх месцы – стадыёны прафліцэя, СШ №3 г. Івацэвічы і СШ №4 г. Івацэвічы”, а любімыя поры года – лета і вясна. Вядома, зімой на турніках не павісіш.

    Кубак праходзіў на стадыёне ДУА “СШ №4 г. Івацэвічы” і быў назначаны на 12.00, але нашы спартсмены разміналіся загадзя, людзей сустракала сучасная музыка – прыемнае дапаўненне, ды і надвор’е “шаптала” спорту на свежым паветры. Першы ў гісторыі раёна Кубак сабраў 15 удзельнікаў і яшчэ шмат спартсменаў прыйшлі падтрымаць сяброў і заадно ацаніць свае сілы. Ці трэба гаварыць пра гледачоў маленькіх і дарослых – на музыку ішлі многія. 

    Спярша прысутных павітаў аўтар ідэі, галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Ігар Саюк. 

    – Я рады бачыць тут столькі ўдзельнікаў і гасцей, сённяшнім спаборніцтвам мы звярнем увагу на сучасны спорт, які так папулярны сёння сярод моладзі, – гаварыў Ігар Валер’евіч. – Юнакі ў нашым горадзе займаюцца Street Workout, але гэты спорт жыве ў нас неяк ціха, юнакі “варацца” ў сваіх невялікіх кампаніях. Кубак – добрая нагода пазнаёміцца, аб’яднацца і працягнуць пачатае. У мясцовых юнакоў не благі ўзровень, а яны баяліся нават сёння выступаць, бо ніколі не параўноўвалі свае дасягненні з чужымі. Для таго і прыдуманы ў свеце конкурсы і спаборніцтвы, – адзначыў арганізатар.

    Юнакі спаборнічалі ў пяці дысцыплінах: адцісканні на брусах з дадатковай вагай (24 кг), падцягванні на перакладзіне з дадатковай вагай (16 кг), утрыманні вугла ва ўпоры на брусах, выхад сілай на дзве рукі на перакладзіне і мнагабор’і. 

    Атрымаць галоўную ўзнагароду маглі толькі тыя ўдзельнікі, што прынялі ўдзел у чатырох абавязковых дысцыплінах, толькі выхад сілай на дзве рукі на перакладзіне быў факультатыўным, але і тут вылучалі лепшых. Каля двух гадзін мы ўсе хварэлі за юнакоў. І гле-дзячы на іх, прызнаюся: аматарскім гэты спорт не назавеш. А ўдзель-нікі стараліся і паказвалі нечаканыя вынікі. Тут сабраліся юнакі рознага ўзросту – ад 15 да 25 гадоў – і рознага ўзроўню падрыхтоўкі. Нехта аддаў Street Workout ужо пяць-сем гадоў, нехта толькі робіць першыя крокі ў гэтым спорце. Ёсць адзін вялікі плюс такога спорту, акрамя карысці арганізму, гэта відовішчнасць. Колькі лю-дзей трапілі сюды выпадкова, нехта спыняўся каля школьнага плоту. Святлана Міхайлаўна прыйшла з 4-гадовым унукам Кірылам. Малы надта любіць спорт і прыцягнуў бабулю на стадыён.  

    – Такога спорту я, прызнаюся, не ведала, – гаварыла жанчына. – Аднак у мяне ёсць дарослы сын і ён калісь таксама займаўся на турніках. Я толькі вітала такое захапленне, а чаму не – няхай лепш гэтым вольны час бавяць. І гэтых хлопцаў падтрымліваю, прыемна нават глядзець на іх. 

    афесійныя фота- і відэасправа-здача з мерапрыемства. Дарэчы, відэа і фота можна будзе ўбачыць у групах “У Кантакце” “Моладзь Івацэвіцкага раёна” і “Івацэвіцкі веснік”– там самыя яркія моманты. І калі ўсе фінты на брусах былі выкананыя, настаў чаканы момант узнагароджвання лепшых. Пераможцамі ў дысцыплінах сталі Аляксандр Якубеня (адцісканне на брусах з дадатковай вагай, выхад сілай на дзве рукі на перакладзіне і падцягванні на перакладзіне з дадатковай вагай), Вадзім Тушынскі ва ўтрыманні вугла ва ўпоры на брусах. А пераможцамі ў першым адкрытым Кубку Івацэвіцкага раёна па Street Workout сталі Аляксандр Якубеня (I месца), Ва-дзім Тушынскі (II месца) і Аляксандр Кавальчук (III месца). На гэты раз перамог вопыт, 24-гадовы Аляксандр Якубеня сёмы год не злазіць з турнікоў і нават выступаў з сябрамі на розных спаборніцтвах па Street Workout за Івацэвіцкі раён. Але падумаць толькі, другая ўзнагарода ў школьніка Вадзіма Тушынскага. З сябрамі-аднакласнікамі яны пачалі трэніравацца толькі год таму, а сёння вымусілі пахвалявацца вопытных спартсменаў. Для 18-гадовага Аляксандра Кавальчука трэцяе месца на гэтым спаборніцтве – першая перамога і, спадзяёмся, не апошняя.  

    Як і гаварылі ў пачатку сустрэчы арганізатары, галоўная яе мэта – пазнаёміць юнакоў, якія “хварэюць” адной справай. І юнакі размаўлялі, абменьваліся нумарамі тэлефонаў, а пасля старэйшыя сябры паказвалі свае каронныя трукі на турніках пачынаючым прыхільнікам гэтага спорту.     

    Увечары свята перамясцілася на пляцоўку каля Лядовай арэны, тут пачаўся фестываль фарбаў “Color Fest”. Чырвоны, блакітны, зялёны, фіялетавы, – якімі толькі колерамі ні зіхацелі ў той вечар арэна і госці свята. Не баяліся вымазацца ні дарослыя, ні школьнікі. Усе гулялі рознакаляровымі па пляцоўцы, а людзей тут было шмат. Другі год запар арганізатары – аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама і РК ГА “БРСМ”  – дораць моладзі менавіта такое рознакаляровае свята. У мінулым годзе яно прайшло на “ура”, не меншы поспех яго і сёлета. Аб гэтым гаварыў і арганізатар Святаслаў Плацінаў. Такая “каляровая” хваля праходзіць па краіне апошнія некалькі гадоў – надта ж па густу моладзі такая забава. Фарбы можна было набыць у гандлёвай кропцы каля сцэны, кошт аднаго пакуначка – 5 рублёў. Як расказалі прадаўцы фарбаў, у райцэнтр яны прывезлі сотні пакуначкаў шасці колераў, любімыя ж колеры ў Івацэвічах – жоўты і зялёны, іх сёння пыталі найчасцей. Цікавае супадзенне, герб раёна менавіта ў такіх колерах. Фарбы абсалютна бяспечныя для здароўя і добра паддаюцца мыццю (няхай не хвалююцца баць-кі). Але арганізатары раяць і на будучыню адзяваць тое адзенне, якое шкада менш за ўсё, каб пасля пакінуць яго як сувенір. Няхай такі вясёлкавы касцюм нагадвае пра свята фарбаў яшчэ доўгі час. 

    Чатыры гадзіны моладзь забаўлялі лепшыя дыджэі Беларусі. Танцавалі разам, кідаліся фарбамі па камандзе, абліваліся вадой – усё стварала настрой моладзі ў той вечар. Самыя маленькія ўдзельнікі свята праводзілі лета на атракцыёнах. Батуты, аквагрым, машынкі, поп-корн і салодкая вата – чым не провады самай вясёлай пары года? Весела праводзілі, весела будзем і сустракаць лета ў наступным годзе, а пакуль можна сказаць упэўнена – свята ўдалося!   

    Лета з моладдзю праводзіла Наталля ГЕРБЕДЗЬ, фота аўтара.

    Автор: Наталля ГЕРБЕДЗЬІвацэвіцкі веснік

Комментарии (0)