26 Апреля, 2024 Пятница

"Адукацыя Глыбоччыны: творчасць, якасць, перспектывы"

  • 31 августа 2016 Общество Беларуская 0

    Заўтра, у Дзень ведаў, святочны ранак абудзіцца вясёлымі пералівамі школьных званкоў. Тым самым будзе дадзены старт новаму навучальнаму году. На Глыбоччыне ў вялікі паход па веды адправяцца 3820 вучняў, з іх упершыню ступяць на школьны парог 418 дапытлівых хлопчыкаў і дзяўчынак. Пажадаем у гэтым захапляючым падарожжы  ўсім дзецям, іх бацькам і настаўнікам шчасця і здароўя, радасных адкрыццяў і незабыўных уражанняў, важкіх інтэлектуальных здабыткаў.

    І ёсць цвёрдая ўпэўненасць, што наступаючы 2016—2017 навучальны год стане адметным, і кожны з удзельнікаў вучэбна-выхаваўчага працэсу дасягне яшчэ большых вышынь: педагогі – у сваім прафесійным росце, вучні – у авалодванні новымі ведамі. Падставай для такой упэўненасці з’яўляюцца праведзеная ў раёне вялікая работа па падрыхтоўцы да новага навучальнага года і няспынны клопат дзяржавы і раённай нашай улады аб дзецях і сем’ях, у якіх выхоўваюцца дзеці. Падрабязна пра ўсё гэта і гаварылі на мінулым тыдні ўдзельнікі традыцыйнай раённай жнівеньскай педагагічнай канферэнцыі “Дынамічнае развіццё рэгіянальнай сістэмы адукацыі – гарант яе якасці і прэстыжу”.

    На галоўны педагагічны савет года ў гарадскім Доме культуры сабраліся дэлегацыі ўсіх устаноў адукацыі раёна. У падвядзенні вынікаў мінулага навучальнага года, у абмеркаванні прыярытэтных напрамкаў далейшага развіцця вучэбна-выхаваўчага працэсу прынялі ўдзел прадстаўнікі шэфскіх прадпрыемстваў і арганізацый і шырокай грамадскасці раёна. Для абмеркавання надзённых адукацыйных задач на канферэнцыю былі запрошаны Старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзімір Андрэйчанка, старшыня Глыбоцкага раённага выканаўчага камітэта Алег Морхат і намеснік старшыні райвыканкама па сацыяльных пытаннях Таццяна Малатоўнік.

    Па сутнасці раённая педагагічная канферэнцыя з’яўлялася мерапрыемствам як афіцыйным, на якім ставала сур’ёзнай дзелавой размовы аб развіцці сістэмы адукацыі, так і святочным, падчас якога гучалі шчырыя віншаванні-пажаданні, ладзілася канцэртная святочная праграма і працавала тэматычная выстава, дзе разам з прафесійнымі распрацоўкамі былі прадстаўленыя творчыя работы вучняў і настаўнікаў.

    Разліў сонечнага святла і кранаючыя сэрца мелодыі – ля параднага пад’езда гарадскога Дома культуры іграў духавы аркестр раённай школы мастацтваў – стваралі атмасферу ўрачыстасці, дарылі радасць, натхнялі на новыя творчыя здзяйсненні. Цёпла віталі ўдзельнікаў, гасцей педагагічнай канферэнцыі вядучыя і самыя юныя школьнікі.

    У глыбокім па змесце дакладзе па тэме, адпавядаючай назве самой жнівеньскай канферэнцыі, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Таццяна Гаўрылава прадставіла ўсебаковы аналіз дзейнасці педагагічных калектываў раёна за мінулы навучальны год. Гаворачы пра шматлікія дасягненні ў адукацыйнай сферы Глыбоччыны, яна не прамінула ніводнай з існуючых праблем, абазначыўшы шляхі іх вырашэння. Сярод першачарговых была названа задача па ўдасканаленні сістэмы адукацыі шляхам павышэння даступнасці і якасці адукацыйных паслуг у адпаведнасці з патрэбамі сучаснага грамадства. У прыватнасці, Таццяна Вячаславаўна спынілася на тым, што ў новым навучальным годзе на Глыбоччыне будуць працаваць 34 установы адукацыі. У рамках правядзення аптымізацыі з новага навучальнага года закрытыя Зябкаўская базавая школа, Станульскі і Шуневіцкі дзіцячыя садкі, рэарганізаваныя: Прошкаўская сярэдняя школа — у базавую, Запрудская базавая школа – у Запрудскі дзіцячы сад, Чарневіцкая сярэдняя школа  і Чарневіцкі дзіцячы сад – у комплекс Чарневіцкі дзіцячы сад-сярэдняя школа. Але, як было падкрэслена, застаецца надзвычай актуальным рацыянальнае выкарыстанне бюджэтных сродкаў. Дастаткова для гэтага прывесці такое параўнанне: сярэднемесячная затрата на навучанне аднаго вучня па раёне за мінулы год склала 3 млн. 540 тысяч недэнамінаваных рублёў, а найбольшыя затраты на аднаго вучня – 8 млн. 924 тысячы рублёў былі ў Прошкаўскай СШ, 5 млн. 858 тысяч – у Пліскай, 5 млн. 545 тысяч – у Кіраўскай. А ў глыбоцкіх школах самыя найменшыя затраты: у СШ №2 – 1 млн. 527 тысяч, у СШ №3 – 1 млн. 648 тысяч, у СШ №1 імя П. Сухога – 1 млн. 750 тысяч рублёў.

    У дакладзе дадзена падрабязная характарыстыка сістэмы дашкольнага выхавання, прааналізавана дзейнасць школьных калектываў. Таццяна Гаўрылава спынілася на такіх важных аспектах, як вывучэнне прадметаў на павышаным узроўні, фарміраванне сеткі факультатыўных заняткаў, эфектыўнае выкарыстанне шостага дня рабочага тыдня, якасць ведаў і рэзультатыўнасць работы праз паступленне выпускнікоў у прафесійныя навучальныя ўстановы. Так, напрыклад, адзначалася, што з 303 выпускнікоў мінулага навучальнага года 11 узнагароджаныя залатымі медалямі, 68 – пахвальнымі лістамі. Самыя лепшыя ў вобласці паказчыкі ўдзелу глыбоцкіх школьнікаў у рэспубліканскіх прадметных алімпіядах (сёлета маем 20 дыпломаў па выніках абласнога этапу і 4 дыпломы – па выніках заключнага). Радуюць і вынікі цэнтралізаванага тэсціравання – паказчык па раёне вышэй сярэднерэспубліканскага. Сёлета нашымі выпускнікамі атрымана 6 стабальных вынікаў: 3 – па грамадазнаўстве, 1 – па гісторыі Беларусі і 2 — па беларускай мове і літаратуры. Вялікі працэнт выпускнікоў, якія на ЦТ атрымалі ад 88 і да 99 балаў.

    Адукацыйны працэс у раёне забяспечваюць 567 педагогаў. Пастаянная ўвага ўдзяляецца іх прафесійнаму ўдасканаленню. Многія настаўнікі актыўна ўключаюцца ў інавацыйны працэс. Педагагічныя калектывы настойліва працуюць над выхаваннем у падрастаючага пакалення грамадзянскага патрыятызму, фарміраваннем здаровага ладу жыцця, прывіваюць дзецям найлепшыя маральныя якасці, любоў да працы. Карпатлівая сумесная работа школы і шырокай грамадскасці пры непасрэднай дапамозе і падтрымцы органаў улады дае добры плён.

    На педагагічнай канферэнцыі прэзентавалі вопыт работы: намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце СШ №2 г. Глыбокае Лілія Гаравая па тэме “Профільнае навучанне як фактар павышэння якасці адукацыі ў сярэдняй школе”, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Карабоўскай СШ Алена Жыдко па тэме “Арганізацыя вучнёўскага самакіравання як сродак павышэння якасці выхаваўчага працэсу”, загадчыца дзіцячага сада-ясляў №3 г. Глыбокае Ганна Мацулевіч па тэме “Сацыяльнае партнёрства ўстаноў дашкольнай адукацыі і сям’і па пытаннях навучання і выхавання дзяцей”, намеснік дырэктара раённай гімназіі Іна Шымко па тэме “Інавацыйная і эксперыментальная дзейнасць як умова развіцця асобаснага патэнцыялу суб’ектаў адукацыйнага працэсу” і настаўніца гісторыі і грамадазнаўства Падсвільскай СШ Людміла Савуліч па тэме “Міжнароднае і міжрэгіянальнае  супрацоўніцтва ў сферы бесперапыннай адукацыі”.

    З вялікай цікавасцю пазнаёміліся з вопытам работы педагогаў Глыбоччыны старшыня райвыканкама Алег Морхат і Старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзімір Андрэйчанка. Уладзімір Паўлавіч, у прыватнасці, цікавіўся, ці не перагружаны настаўнікі лішняй паператворчасцю. А ў сваім выступленні перад удзельнікамі канферэнцыі нагадаў пра асноўныя прыярытэты ў галіне адукацыі, вызначаныя на пятым Усебеларускім народным сходзе. Гаворачы пра аднаўленне дынамікі эканамічнага росту ў краіне, спікер парламента даў высокую ацэнку рабоце педагогаў Глыбоччыны, а таксама перасцярог ад недапушчэння перагрузкі і вучняў, і настаўнікаў, параіў удзяліць увагу больш эфектыўнаму выкарыстанню ў выхаваўчым працэсе шостага дня тыдня, спыніўся таксама на пытаннях аптымізацыі ў сферы адукацыі, зазначыў, што Урадам краіны падрыхтаваны дакумент, змест якога накіраваны на павышэнне прэстыжу прафесіі педагога і павышэнне заработнай платы.

    Шмат шчырых цёплых слоў у адрас настаўніцтва раёна выказаў у сваім выступленні  на канферэнцыі старшыня райвыканкама Алег Морхат. Алег Віктаравіч адзначыў важным і радасным той факт, што рэйтынг адукацыйнай сістэмы Глыбоцкага раёна адзін з самых высокіх у вобласці і рэспубліцы. Кіраўнік раёна падзякаваў настаўнікам за разуменне і падтрымку ўсіх ініцыятыў, за ўдзел ва ўсіх значных праектах.

    Гаворачы пра дасягнутае ў розных сферах за апошнія гады  працаўнікамі Глыбоччыны, Алег Віктаравіч адзначыў зладжанасць у рабоце, акцэнтаваў увагу на тое, якую важную ролю ў фарміраванні асобы адыгрывае настаўнік, гаварыў таксама аб павышэнні статусу сям’і, адрасаваў усім самыя сардэчныя віншаванні і найлепшыя пажаданні ў новым навучальным годзе.

    Кіраўнік раёна ўручыў ганаровыя ўзнагароды за лепшую падрыхтоўку да новага навучальнага года дырэктару Празароцкай СШ Вользе Гінько і дырэктару Пліскай СШ Уладзіміру Плавінскаму, загадчыкам дашкольных устаноў: дзіцячага сада-ясляў № 4 – Аксане Гольдэрбайн і сада-ясляў №5 – Леанідзе Зеваліч. Дарэчы, былі названы пераможцы раённага этапу конкурсу “Лепшы кіраўнік установы адукацыі”. Імі сталі дырэктар Празароцкай СШ, дэпутат Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Вольга Гінько і загадчыца сада-ясляў №3 г. Глыбокае Ганна Мацулевіч.

    Завяршылася жнівеньская педагагічная канферэнцыя канцэртам, які падрыхтавалі гурткоўцы цэнтра дзяцей і моладзі і лепшыя выканаўцы з ліку педагогаў і вучняў раёна.

    Автор: Анатоль ЗінкевічВеснік Глыбоччыны
    Теги: 

Комментарии (0)