08 Мая, 2024 Среда

Што ведаюць школьнікі пра сталіцу

  • 05 сентября 2016 Общество Беларуская 0

    Вуснамі дзіцяці гаворыць ісціна. Калі не ўспрымаць гэтую фразу так літаральна, то можна сказаць, што разважанні падрастаючага пакалення часта з'яўляюцца вельмі цікавымі і нясуць у сабе добрыя ідэі, якія ніколі б не прыйшлі ў галаву дарослым. Напярэдадні Дня горада, мы адправіліся ў сталічную сярэднюю школу №23, каб абмеркаваць з падлеткамі, якім яны бачаць Мінск, што ведаюць пра яго гісторыю і якія змены пайшлі б яму на карысць.

    Школа №23 знаходзіцца на самай ўскраіне горада, у мікрараёне Сухарава (з яе вокнаў нават відаць кальцавая дарога). Шлях да школы ў большасці дзяцей займае ад сілы 10 хвілін, усе гурткі і секцыі бацькі таксама стараюцца падбіраць як мага бліжэй да дома. Атрымліваецца, што такія цяплічныя ўмовы да пэўнага моманту практычна пазбаўляюць падлеткаў магчымасці самастойна спазнаць горад. Аднак, як і па любым іншым пытанні, свая думка на конт асаблівасцяў аблічча сталіцы ў школьнікаў усё ж такі ёсць.

    З 9 «А» нас знаёміць іх класны кіраўнік, настаўнік інфарматыкі — Міхаіл Пракоф'еў. Мужчыны ў школе сустракаюцца ўсё радзей, таму гэта прыемна здзіўляе. Відаць, што ў педагога з класам наладзіліся сяброўскія адносіны: з парога школьнікі наперабой пачынаюць распавядаць яму апошнія навіны. Трохі стрымлівае іх запал толькі прысутнасць старонніх людзей у класе.

    «А што ў нас цяпер будзе? Тэст? Ужо кантрольная? Інтэрв'ю?» — зацікаўленыя дзеці адразу ж засыпаюць нас пытаннямі.

    Каб захаваць інтрыгу, задаю ім сустрэчнае: што будзе адзначацца ў гэтыя выхадныя? Праз некалькі секундаў роздуму дзеці пачынаюць няўпэўнена выказваць здагадку — Дзень горада...

    Як толькі падлеткі даведваюцца, што гаворка пойдзе пра Мінск, адразу дзеляцца на два лагеры: адны радуюцца — ім ёсць што сказаць пра любімы горад, другія — ніякавеюць, маўляў, вось папаліся, мы ж амаль нічога не памятаем.

    На пачатковае пытанне па гісторыі сталіцы («З чым звязана першая згадка Мінска?») у адказ — цішыня. Спісваем гэта на сумбурнасць першых дзён: як ні круці, але выхад з такіх працяглых канікулаў і рэзкае паглыбленне ў вучобу — заўсёды стрэс для дзіцяці.

    З'яўленне варыянтаў адказаў расстаўляе ўсё на свае месцы. У памяці кожнага ўсплывае бітва на рацэ Нямізе і дата — 1067 год, нездарма ж пра гэту падзею дзецям штогод расказваюць яшчэ з пачатковых класаў. Рухаемся далей — школьнікі ўспамінаюць ВКЛ, Рэч Паспалітую, Расійскую імперыю (крыху пераблыталі з федэрацыяй, але з кім не бывае) і ўпэўнена (і нездарма) заяўляюць, што Мінск (Менск) быў часткай кожнага з гэтых дзяржаўных утварэнняў. А што далей? Шчасна забыўшыся аб урадах, якія ледзь не з хуткасцю святла змянялі адзін аднаго некалькі паслярэвалюцыйных гадоў (тут і даросламу не грэх заблытацца), падлеткі адразу адпраўляюць жыхароў сталіцы ў светлую сацыялістычную будучыню — Савецкі Саюз.

    Але вернемся крыху назад і паспрабуем уявіць сабе Менск-мястэчка ў канцы XVІІІ стагоддзя — плошча ўсяго паўтара на паўтара кіламетра. Дзе ж дакладна можна знайсці гэтую тэрыторыю на карце сучаснага горада? Такое пытанне ўводзіць падлеткаў у ступар, адказваюць усе наўздагад, кіруючыся тым, дзе, на іх думку, цяпер знаходзіцца цэнтр — на Нямізе або плошчы Перамогі. На самой справе самым цэнтрам горада цяпер лічыцца Кастрычніцкая плошча: дарэчы, і ў канцы XVІІІ стагоддзя гэта тэрыторыя ўваходзіла ў склад тагачаснага Мінска.

    Перамяшчаемся ў XX стагоддзе, адразу ў часы Вялікай Айчыннай вайны. Калі яна пачалася, на наша здзіўленне, дзевяцікласнікі ведаюць толькі прыблізна — у 1941-м, добра задумаўшыся, успамінаюць, што ў чэрвені, а вось з дакладнай датай праблема амаль невырашальная — усяго некалькі чалавек упэўнены, што 22-га.

    — У Мінску ішлі жорсткія баі, таму ён атрымаў званне «горад-герой», — крычаць з апошніх партаў хлопцы, якія да гэтага ўвесь час весела гаманілі. — Мы гэта дакладна ведаем! — з гонарам дадаюць яны. То тут, то там узнікае слова «акупацыя». Сумеснымі намаганнямі ўспамінаем, што Мінск вызвалілі 3 ліпеня 1944-га.

    — Горад быў цалкам разбураны! — зноў чуецца ўпэўнены голас з апошняй парты. — Гэта так, але некалькі будынкаў усё ж ацалела, — стараюся вывесці на дыялог. Гэтае пытанне выклікае больш за ўсё спрэчак.

    — Гэта цырк. Такі прыгожы будынак — адразу відаць, што старадаўні. — Ды не! Палац культуры прафсаюзаў — правільны адказ.Ты чуеш — палац!

    За Дом урада, які насамрэч перажыў вайну, вучні прымаюць Палац Рэспублікі. Потым усё ж прыгадваюць велізарны будынак «каля гандлёвага цэнтра «Сталіца».

    Пасля таго, як крыху больш аб ім даведаліся, абяцаюць наступны раз абавязкова ўважліва яго разгледзець.

    Адзінкі тэрытарыяльнага дзялення Мінска — раёны — сумненняў не выклікаюць, а вось іх колькасць — 9 — здаецца непраўдападобна вялікай. На розум прыходзіць толькі свой Фрунзенскі ды суседнія — Маскоўскі і Цэнтральны.

    Тэма мінскага метро выклікае ажыятаж. Усе наперабой выкрыкваюць вядомыя ім факты аб будаўніцтве ў 1980-я, 28 станцыях, дзвюх дзейных лініях, узвядзенні («дзесьці ў цэнтры») трэцяй. Аднак пералічыць усе станцыі нікому не ўдаецца — атрымліваецца чамусьці значна менш.

    Гарады-спадарожнікі бачацца дзевяцікласнікам нечым вялізным (мабыць, па памерах суадносным з Месяцам), таму за іх яны прымаюць сталіцу і абласныя цэнтры. Школьнікі ўсё ніяк не могуць цяміць, дзеля чаго можа спатрэбіцца жыць за 30 кіламетраў ад Мінска і ездзіць пры гэтым кожны дзень у яго на працу...

    Да асноўных, на іх погляд, славутасцяў Мінска аднагалосна прылічаюць Нацыянальную бібліятэку, раён Нямігі і «Мінск-Арэну». А вось пазнаць ратушу на малюнку атрымліваецца не ва ўсіх. Месцазнаходжанне Купалаўскага тэатра, галерэі Міхаіла Савіцкага і кафедральнага сабора Панны Марыі для іх таксама застаецца загадкай. «Калі б мы на фота гэтыя будынкі ўбачылі, мы б сапраўды ведалі, што гэта Мінск, а вось правільна іх назваць… Бяда», — апраўдваюцца рабяты.

    — Ратуша знаходзіцца на плошчы Свабоды, якая ў Верхнім горадзе, — падае голас хлопец, які да гэтага сціпла маўчаў.

    — Ты, напэўна, летам хадзіў на канцэрты класічнай музыкі або на «Пешаходку»? — цікаўлюся я. — Не, я быў на лецішчы. Але гэта павінен ведаць кожны! — сур'ёзна адказвае ён.

    Апошняе пытанне («Хто з'яўляецца мэрам Мінска?») прымушае падлеткаў задумацца. Выбіраюць з дзвюх кандыдатур: Андрэй Віктаравіч Шорац і Андрэй Уладзіміравіч Кабякоў — прозвішчы, якія часта гучаць у навінах.

    Спыняюцца на першым варыянце, хтосьці нават упэўнены.

    Як толькі складаныя пытанні застаюцца ў мінулым, школьнікі расслабляюцца і гатовыя ўдосталь пагаварыць пра любімы Мінск. Хлопцы і дзяўчаты характарызуюць яго як «цудоўны, велізарны, але пры гэтым прасторны, камфортны для жыцця і поўны магчымасцяў горад». Усе яны плануюць паступаць у сталічныя ВНУ.

    Чаго не хапае Мінску? Адказваюць лаканічна: «Нам у цэлым хапае ўсяго!» Дзяўчаты толькі дадаюць, што хацелася б больш модных марак адзення — надакучыла ездзіць «на закупы». «Ну тады, — у размову ўступаюць хлопцы, — больш пляцовак для моладзі, дзе можна б было вольна займацца «неспакойнымі» відамі спорту». У тое, што якраз на гэты Дзень горада запланавана адкрыццё парка экстрэмальных відаў спорту, спачатку не хочуць верыць. Але пасля ў іх загараюцца вочы, школьнікі пачынаюць абмяркоўваць, як туды дабрацца і, галоўнае, як угаварыць бацькоў іх адпусціць.

    Пра сам Дзень горада ўсе ведаюць, што ён праходзіць у цэнтры, галоўная пляцоўка — каля Палаца спорту. Многія збіраюцца на свята са сваімі сем'ямі.

    Наша галоўная задача — захаваць сталіцу такой, якая яна цяпер, нічога не пагоршыць, паступова назапашваючы ідэі, якія мы ўжо ў дарослым узросце зможам прапанаваць і рэалізаваць», — падагульняюць размову школьнікі.

    Для пятнаццацігадовых неблагія планы на будучыню, праўда? А гісторыю роднага горада яны абавязкова падвучаць — у іх жа яшчэ ўсё жыццё наперадзе.

    Автор: Дар'я КаскоЗвязда
    Теги: 

Комментарии (0)