26 Апреля, 2024 Пятница

У ЗАГС з чамаданам? Чаму б і не...

  • 05 сентября 2016 Общество Беларуская 0

    Усё часцей моладзь рэгіструе шлюбы без вясельнай пампезнасці. Маладыя пары прыходзяць у ЗАГС без гасцей і сведак, затое з… чамаданамі.

    — Сапраўды, не так даўно у мой кабінет, дзе праходзіла рэгістрацыя шлюбу, жаніх уцягнуў вялізны чамадан. Пара распісалася і адправілася ў падарожжа. І гэта не першы такі выпадак, — расказвае начальнік аддзела ЗАГС райвыканкамаАла ІВАШКЕВІЧ.

    — Ала Генадзьеўна, лета, пачатак восені – вясельная пара. Якія асноўныя тэндэнцыі сёлетняга сезона? Што мяняецца ў параўнанні з мінулымі?

    — Усё часцей моладзь адмаўляецца ад урачыстай рэгістрацыі. Іншы раз нават крыўдна становіцца: такая прыгожая пара, а хоча распісацца ў рабочым парадку — у маім кабінеце. «Нам трэба хутка!» — адказваюць, калі пытаюся, чаму яны прымаюць такое рашэнне. Напэўна, дынамічны час дыктуе свае ўмовы. Маладым людзям цікавей пабываць у іншых краінах, атрымаць новыя ўражанні, чым сядзець за сталом з гасцямі… Нярэдка прыходзяць у ЗАГС у джынсах — і жаніх, і нявеста. А нядаўна на жаніху наогул былі шорты. «Мы пасля рэгістрацыі адразу з сябрамі ў лес паедзем. Ля вогнішча ў нас асноўнае дзейства будзе», — патлумачыў малады чалавек, злавіўшы мой здзіўлены позірк.

    — Аднак у пятніцу, суботу мы бачым у горадзе вясельныя картэжы, класічных нявест у доўгіх белых сукенках, жаніхоў у касцюмах. Многія па-ранейшаму ставяцца да рэгістрацыі шлюбу вельмі сур’ёзна.

    — Гэта так, і ўборы маладых нават больш прадуманыя, чым раней. Усё да дробязей прадугледжана: аксесуары аднолькавага колеру (сёлета найчасцей фіялетавыя, бірузовыя). Часта і госці падтрымліваюць у адзенні колеравую гаму. Напрыклад, гальштукі-бабачкі ў мужчын могуць быць аднолькавыя. Іншы раз нельга не залюбавацца сукенкай нявесты – настолькі яна вытанчаная, пасуе да фігуры – проста вачэй не адвесці…

    — А ў нацыянальных строях пары не прыходзілі?

    — Не так даўно кашуля жаніха і сукенка нявесты былі аздоблены тасьмой з беларускім арнаментам – сучасная стылізацыя пад нацыянальны касцюм. І гэта таксама было прыгожа, прадумана.

    Запомнілася і вяселле байкераў: акрамя заручальнага пярсцёнка ў жаніха было яшчэ некалькі — вельмі масіўных. Адным словам, у кожнага свой падыход, кожная пара сама вырашае, якой ёй быць у дзень рэгістрацыі шлюбу. Дрэс-кода тут няма. Цяпер змяншаецца колькасць гасцей і радзеюць вясельныя букеты — замест кветак, якія ў гэты ж дзень могуць завянуць, госці дораць цукеркі, сувеніры, цацкі.

    — У мінулыя гады вы часта праводзілі выязную рэгістрацыю шлюбу? Ці запатрабаваная гэта паслуга цяпер?

    — Значна радзей. Жадаючыя ёсць, але калі яны даведваюцца, колькі гэта каштуе, адмаўляюцца. Сёння цана выязной рэгістрацыі складае 147 беларускіх рублёў (з улікам дэнамінацыі).

    — А колькі каштуе звычайная рэгістрацыя?

    — Дзяржпошліна складае адну базавую велічыню – 21 рубель. Урачыстая рэгістрацыя – 25 рублёў 20 капеек. Трэба адзначыць, што расцэнкі будуць мяняцца, гэта пытанне разглядаецца ў міністэрстве.

    — Па-ранейшаму вы праводзіце ўрачыстую рэгістрацыю шлюбу як на рускай, так і на беларускай мове?

    — Так, гэта залежыць ад жадання маладых. Многія аддаюць перавагу роднай мове: разам з нашым традыцыйным абрадам з ручніком, з пярсцёнкамі ў збожжы яна гучыць вельмі арганічна.

    — У суседніх краінах у час рэгістрацыі маладыя і госці сядзяць, у нас гэта не прадугледжана?

    — У бліжэйшы час мы пераабсталюем залу, дзе раней за маладых падымалі бакалы з шампанскім (цяпер ад гэтай традыцыі адмаўляюцца). Там мы будзем праводзіць так званую еўрапейскую рэгістрацыю, у час якой маладыя і рэгістратары будуць сядзець. Пастараемся прадугледзець і музычнае аздабленне, так што цырымонія, якая праводзіцца нават у будны дзень, стане больш прыгожай і запамінальнай.

    Фота: Аляксей ПЛАТКО.

    Автор: Анжаліка КРУПЯНЬКОВАМаладзечанская газета

Комментарии (0)