20 Апреля, 2024 Суббота

Фестывальны чын Драгічына

  • 06 сентября 2016 Общество Беларуская 0

    Па працягласці земляробчы сезон мала не дацягвае да каляндарнага года. Розным перыядам характэрны свой градус напружання. Пік канцэнтрацыі сіл, сродкаў, секунд у мінуты, а мінут у гадзіны здараецца падчас пасяўных, асабліва, уборачных клопатаў. На гэтай стадыі звычайны выхадны для хлебароба – чырвоны лісток календара. Калі так, то якія фарбы здольны перадаць настрой свята “Дажынак”! Яркасць і каларыт, узведзены ў квадрат аптымізм, лавіна ўсмешак, песні і танцы, апладысменты ў адрас галоўных дзеючых асоб і выканаўцаў. На гэты раз пляцоўкай для ўсяго пералічанага стала драгічынская зямля. Пра фестывальны статус горада нагадвалі гіганцкіх памераў саламяныя інсталяцыі “Сардэчна запрашаем на абласны фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі “Дажынкі-2016!”.

    Як руплівы і паважлівы гаспадар, горад абнавіў убранне, пашырыў свае функцыянальныя магчымасці. Рэканструявана і “адпаліравана” многае са старога, з’явіліся новыя аб’екты. Быццам бы ўсё, як ва ўсіх іншых абласных дажыначных сталіцах, аднак – не без адметнасцяў, адмысловых рэгіянальных знаходак.

    На галоўную вуліцу гарадка, здаецца, высыпалі ўсе 14 000 яго жыхароў і ці не столькі ж гасцей. На гэты дзень магістралі да твару была б іншая назва. Напрыклад, вуліца Майстроў – самага рознага жанру: спевакі, танцоры, жывапісцы, майстры салома- і лозапляцення, кавальскай, кулінарнай і шматлікіх іншых спраў выйшлі на яе ў гэты дзень. Або – шлях Пераможцаў, паколькі іменна ім – па сцэнарыі – належала прайсці лепшым хлебаробам вобласці перш чым падняцца на п’едэстал у выглядзе галоўнай сцэны “Дажынак”.

    Працаўнікоў нівы, іншых гасцей і ўдзельнікаў свята, усіх жыхароў вобласці вітаў старшыня Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта Анатолій Ліс. Анатолій Васільевіч адзначыў, што абласны вал зерня склаў сёлета  1 мільён 172 тысячы тон. Па паказчыку ўраджайнасці – 35,2 цэнтнера на круг – Брэстчына стала другой у краіне. Пераможцы – гродзенцы – “адарваліся” менш чым на 2 цэнтнеры. Былі названы лепшыя па выніках жніва рэгіёны, гаспадаркі, галоўныя спецыялісты сельгасвытворчасці, механізатары, вадзіцелі, машыністы зернесушыльных комплексаў. Гучалі ў выступленні губернатара і ляхавіцкія адрасы: СВК “Жарабковічы”, ЗТАА “БелДан”.

    –Нам належыць годна завяршыць сельскагаспадарчы год: убраць кукурузу і нарыхтаваць каля 4 мільёнаў тон сіласу, сабраць 250 тысяч тон зерня кукурузы і каля 900 тысяч тон цукровых буракоў. Закончыць уборку бульбы, агародніны, іншых сельгаскультур. Неабходна пасеяць больш за 230 тысяч гектараў азімых зерневых, падрыхтаваць глебу пад веснавую сяўбу, – не толькі пра зробленае, але і задачы на бліжэйшыя дні-тыдні-месяцы гаварыў з «Дажыначнай» сцэны старшыня аблвыканкама.

    Ён жа ўручыў заслужаныя ўзнагароды лепшым з лепшых працаўнікоў па выніках жніва-2016. Асабістых віншаванняў губернатара ўдастоіліся старшы камбайнер ЗТАА “БелДан” Максім Горбік, вадзіцель ЗАТ “Белпрампрыбор” Пётр Слабкевіч, старшы аператар зернесушыльнага комплексу СВК “Жарабковічы” Андрэй Свінабурка, старшы камбайнер ЗТАА “БелДан” Артур Гутырчык.  Усе яны ў абласным спаборніцтве на жніве-2016 дабіліся ў сваіх намінацыях абсалютна лепшых вынікаў.

    Артур Гутырчык, да таго ж, у  камандзе з жонкай Ірынай, дочкамі Альбінай і Усцінняй (малодшая Ясенія засталася дома) падрыхтаваліся і паспелі паўдзельнічаць у абласным этапе рэспубліканскага конкурсу “Уладар сяла”, які традыцыйна значыцца ў праграме “Дажынак”. Сярод сямейных каманд з усёй Брэстчыны Гутырчыкі сталі другімі.

    Сярэбранымі, па аналогіі са спортам, скажам, лаўрэатамі жніва выйшлі маладзёжны экіпаж камбайна СВК “Жарабковічы” ў складзе Георгія Жука і Івана Касміны, малады вадзіцель “БелДана” Аляксандр Азарчык, аператар зернесушыльнага комплексу СВК “Шлях новы” Мікалай Правалаў. Бронзавымі – старшы камбайнер Сяргей Бурак, старшы камбайнер маладзёжнага экіпажа Андрэй Дзянішчык, аператар зернесушыльнага комплексу Сяргей Таранда – усе з СВК “Жарабковічы”.

    Добрая навіна пра тое, што Ляхавічы прызнаны пераможцам рэспубліканскага агляду-конкурсу санітарнага стану і добраўпарадкавання сярод населеных пунктаў сваёй катэгорыі, стаў вядомы яшчэ напачатку чэрвеня. Цырымонія ўзнагароджання была прымеркавана да “Дажынак”: адпаведнае званню пасведчанне, пераходны вымпел старшыні райвыканкама Вячаславу Сельмановічу ўручыў намеснік старшыні аблвыканкама Віктар Сакоўскі.

    «Ляхавіцкі веснік»

    Фота аўтара.

    На фота:1. Старшыня аблвыканкама Анатолій Ліс віншуе з працоўнай перамогай старшага камбайнера ЗТАА «БелДан» Артура Гутырчыка. 2. Намеснік старшыні аблвыканкама Віктар Сакоўскі ўручае кіраўніку Ляхавіцкага раёна Вячаславу Сельмановічу пасведчанне і вымпел за перамогу горада Ляхавічы ў рэспубліканскім аглядзе па добраўпарадкаванні. 3.Нашы пераможцы абласнога спаборніцтва на жніве. Для некаторых з іх гэта ўжо не першыя «Дажынкі».

    Автор: Іван КАВАЛЕНКАЛяхавіцкі веснік

Комментарии (0)