23 Апреля, 2024 Вторник

Ёсць у парку фантан...

  • 08 сентября 2016 Общество Беларуская 0

    Ішла ў парк і ўзгадвала фантан свайго дзяцінства: фігуркі хлопчыка і дзяўчынкі са збанком у руках, памятаю, як па выхадных днях гуляла там, у слуцкім парку, з бацькамі, як кідала манеткі ў ваду – на шчасце… Колькі случчан тады збіралася каля фантана – закаханыя, сямейныя пары з дзеткамі, пажылыя людзі адпачывалі на лавачках…

    Пераканана, новы фантан, пабудаваны ў гарадскім парку на той жа пляцоўцы, таксама стане любімым месцам адпачынку і сустрэч случчан. На яго адкрыццё цёплым, пяшчотным вечарам 1 верасня сабралася не адна сотня гараджан. Усе мы з нецярпеннем чакалі, калі ж націснуць чырвоную кнопку і новы аб’ект з’явіцца нашым вачам ва ўсёй сваёй прыгажосці. Нагадаю, фантан узведзены за сродкі, заробленыя вамі, дарагія землякі, на раённых суботніках у рамках падрыхтоўкі да 900-годдзя Слуцка.

    Адкрыццё новага збудавання прайшло святочна і хвалююча. У ім прынялі ўдзел намеснікі старшыні Слуцкага райвыканкама Мікалай Паўлавіч Пенязь, Дзмітрый Віктаравіч Бандарэвіч, Ларыса Генадзьеўна Дабравольская, іншыя прадстаўнікі райвыканкама, дырэктар КУП «Слуцкая жыллёва-камунальная гаспадарка» Мікалай Фёдаравіч Варанько, спецыялісты ЖКГ, начальнік падраднай арганізацыі, якая выконвала будаўнічыя работы, – ДУП «ПМК-225» УП «Мінскаблсельбуд» – Андрэй Валянцінавіч Яновіч.

    Дырэктар Слуцкай ЖКГ Мікалай Фёдаравіч Варанько павіншаваў случчан з адметнай падзеяй, сказаў, што новы фантан стане яшчэ адным упрыгажэннем Слуцка і падарункам да яго юбілею, звярнуўся да гараджан з просьбай берагчы фантан і іншую маёмасць горада, падтрымліваць чысціню і парадак (пляцоўка, дзе ўзведзены фантан, аснашчана камерамі відэаназірання!). Дарэчы, пляцоўку, дзе размешчаны фантан, слуцкія камунальшчыкі аздобілі прыгожымі лаўкамі, зробленымі ў старадаўнім стылі. Начальнік ПМК-225 Андрэй Валянцінавіч Яновіч, звяртаючыся да прысутных, адзначыў, што будаўнікі стараліся выканаць работы як мага лепш, каб новы фантан  заўсёды радаваў случчан і гасцей сваёй прыгажосцю.

    І вось ён, можна сказаць, гістарычны момант: пад апладысменты случчан у круглай чашы фантана прыгожым узорам уздымаюцца шматлікія струмені, а дакладней – 135. Яны ззяюць, быццам крыштальныя, каляровы падсвет надае ім ружовы, сіні, зялёны колеры… Захапляюча! Нагадаю, дыяметр чашы фантана – дзевяць метраў, чаша мае гранітнае пакрыццё, вышыня струменяў – 4, 5, 3 і 2 метры. Абсталяванне, якім аснашчаны фантан, замежнай вытворчасці.

    І без апытання было зразумела, что фантан і дарослым, і маленькім случчанам спадабаўся: людзі не хавалі сваёй радасці, усміхаліся. А ўжо колькі ўражанняў у дзетвары, гэта трэба было бачыць!

    – Цудоўны фантан, мы ўсе чакалі яго адкрыцця, – падзялілася сваімі пачуццямі гараджанка Галіна Гурэцкая. – Мы з мужам і дзецьмі спецыяльна сёння прыйшлі ў парк. Вельмі рады, што ў Слуцку ўладкавана яшчэ адно прыгожае месца для адпачынку, фантан, бясспрэчна, аздобіў парк, наш горад. Прыемна, што мясцовыя ўлады ўлічваюць пажаданні случчан пры планаванні добраўпарадкавання горада. Дзякуй усім, хто мае дачыненне да гэтага аб’екта, за выдатны падарунак Слуцку і случчанам.

    Лірычную пранікнёную нотку гэтаму вечару надала песня «Горад майго кахання» ў выкананні Ігара Урэнцава. Ад песні, радаснай атмасферы цёпла было на душы. А перад адходам з парку я кінула ў прахалодную ваду фантана манетку на шчасце, як шмат гадоў таму…

    Автор: Наталля СЕЛЯЗНЁВАСлуцкий край
    Теги: 

Комментарии (0)