26 Апреля, 2024 Пятница

12 верасня адзначае дату ўтварэння Следчы камітэт Рэспублікі Беларусь

  • 10 сентября 2016 Общество Беларуская 0

    12 верасня адзначае дату ўтварэння такая важная і сур’ёзная дзяржаўная структура, як Следчы камітэт Рэспублікі Беларусь. Да таго ж яшчэ і пяцігадовы юбілей. Новы праваахоўны орган аб’яднаў следчых пракуратуры, міліцыі, падраздзяленняў фінансавых расследаванняў і стаў органам папярэдняга следства, які ажыццяўляе паўнамоцтвы ў сферы дасудовай  крымінальнай вытворчасці.

    На першым месцы – служба

    Напярэдадні прафесійнага свята карэспандэнты газеты наведалі раённы аддзел Следчага камітэта. З Наталляй Баксаравай пагутарыць удалося толькі 5 мінут: яна спяшалася, трэба было пераапрануцца ў палявую форму, узяць усё неабходнае і ехаць у сельскую мясцовасць на расследаванне здарэння. Таму аб сабе, аб тым, як стала следчым, жанчына расказала коратка: скончыла школу, паступіла ў педуніверсітэт, але пасля першага курса зразумела, што памылілася ў выбары прафесіі і перавялася на юрыдычны факультэт. Ізноў першы курс. Вучобу сумяшчала з хатнімі клопатамі.

    Крыху пазней пайшла вольнанаёмнай на службу ў міліцыю, падмяняла работніцу, якая знаходзілася ў дэкрэтным водпуску. Потым быў Астравец. 10 месяцаў праслужыла ў мясцовым райаддзеле міліцыі. Насіла ўжо не цывільнае адзенне, а міліцэйскую форму, бо перад гэтым скончыла вучэбны цэнтр, дзе рыхтуюць да міліцэйскай службы. Вопыту набіралася ў ад-дзяленні дазнання.

    Наталля Сцяпанаўна не забудзе, як штодня яна пераадольвала 60 ці, можа, нават больш кіламетраў. А палове пятай выязджала са Смаргоні калінінградскім цягніком, каб паспець на службу ў Астравецкі РАУС. Вярталася адтуль дамоў у 20-21 гадзіну. Дачку бачыла толькі ў ложку, дзе яна соладка спала.

    Наталлі Баксаравай пашанцавала, з’явілася вакантнае месца ў Смаргонскім райаддзеле міліцыі, і яна адразу ж перавялася ў свой горад. Да 2012 года несла службу ў дазнанні, а калі быў створаны Следчы камітэт, разам з іншымі калегамі перайшла ў новаўтвораны раённы аддзел названага вышэй ведамства.

    У адрозненне ад службы ў міліцыі, дзе дазнавацелям і следчым прыходзілася выконваць не толькі свае вузкапрафесійныя абавязкі, але і ўдзельнічаць у ахове грамадскага парадку, у раённым аддзеле Следчага камітэта ўвага надаецца толькі следству, якаснаму выкананню гэтай справы.

    Следчаму Наталлі Баксаравай не раз даво-дзілася мець справу з пошукам людзей, якія прапалі без звестак. Многа прыходзілася ўдакладняць, даведвацца, што магло здарыцца з чалавекам і дзе ён можа быць. Расследаванне па адной справе прывяло аж у Ніжагародскую вобласць, але чалавека, які прапаў, так і не ўдалося знайсці. Хаця ў іншых выпадках удача нярэдка спадарожнічала праваахоўнікам.

    Сёлета споўнілася 10 гадоў, як Наталля Сцяпанаўна ў дазнанні-следстве. Яна капітан юстыцыі, мае пэўны вопыт і ў выпадку неабходнасці дзеліцца ім з маладымі супрацоўнікамі. Прызналася, што справа, якой займаецца, няпростая і для яе самой, але, тым не менш, падабаецца. Суткі дзяжурства ў следча-аператыўнай групе іншым разам настолькі насычаныя выездамі на месцы розных здарэнняў і злачынстваў, што і калегам мужчынам як вытрываць. А жанчынам-следчым таксама прыходзіцца дзяжурыць.

    “Складанасці ёсць на любой рабоце, – кажа Наталля Баксарава. – І каб рухацца наперад, дасягнуць нечага значнага ў сваім жыцці, іх трэба пераадольваць. Іншага не дадзена”.

    Вопытам дзеляцца калегі

    Старшы лейтэнант юстыцыі Дзмітрый Жалевіч выбраў прафесію следчага невыпадкова. Аб гэтай прафесіі ён даведаўся яшчэ ў школьныя гады, калі з захапленнем глядзеў па тэлевізары фільмы аб следчых, якія “разблытвалі” самыя складаныя злачынствы. Вырашыў паступаць на следчы факультэт у Акадэмію Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь. Бацькі падтрымалі выбар сына.

    Ззаду засталіся розныя медкамісіі, экзамены, настаў час ехаць на вучобу. Было гэта шэсць гадоў таму ў жніўні. Пачаўся вучэбна-метадычны збор, яго па-іншаму называюць курсам маладога байца. На працягу месяца трэба было прадэманстраваць сваю загартаванасць, уменне стойка пераносіць цяжкасці.

    Некаторыя новаспечаныя курсанты не вытрымалі, з-за няпростых умоў палічылі, што гэта прафесія не для іх. А ўмовы, сапраўды, былі максімальна набліжаныя да армейскіх.

    Потым пачалася вучоба. Дзмітрыю Жалевічу найбольш падабаліся такія прадметы, як “кры-мінальнае права”, а яшчэ – працоўнае. Дастаткова цікавым было “еўрапейскае права”.

    Жылі курсанты ў інтэрнаце казарменнага тыпу. Заходзіш у пакой – там двух’ярусныя ложкі, разлічаныя на 16 чалавек. “Інтэрнат быў маім домам 4 гады, – узгадаў Дзмітрый Валер’евіч. – Потым разам з некалькімі аднагрупнікамі мы знялі кватэру, наведвалі заняткі. Калі нехта пачынаў горш вучыцца і дрэнна сябе паводзіў, яго з кватэры вярталі назад у казарму”.

    Пяць гадоў прабеглі непрыкметна, экзамены, выпуск. Маладыя лейтэнанты разляцеліся хто куды. Дзмітрыя Жалевіча размеркавалі ў Смаргонь. Вядома ж, маглі б накіраваць і ў іншы горад, калі б не было тут вакантнай пасады. Але ці хочацца куды ехаць, калі адсюль родам, тут жывуць бацькі.

    У раённым аддзеле Следчага камітэта адразу ж пачалі нагружаць учарашняга выпускніка, замацавалі за ім настаўніка – вопытнага следчага Дзяніса Васільева. Ён пачаў аказваць Дзмітрыю Жалевічу практычную і некаторую метадычную дапамогу. Не заставалася ў баку ад гэтай справы кіраўніцтва следчага аддзела, пад-трымлівала маладога супрацоўніка, іншыя калегі таксама давалі парады наконт таго, што і як лепш зрабіць. І ў Дзмітрыя пачало атрымлівацца па прафесійнай лініі. Яму нават прысвоілі званне старшага лейтэнанта, хаця служыць у райаддзеле Следчага камітэта толькі год.

    Дзмітрыю Жалевічу даручаюць расследаваць розныя катэгорыі крымінальных спраў. Напэўна, каб засвоіў усе напрамкі следчай дзейнасці, развіваўся як спецыяліст. Да таго ж, спецыялізацыі ў раённых аддзелах Следчага камітэта няма, якую крымінальную справу супрацоўнік атрымае для расследавання, з такой і будзе працаваць.

    Дзяжурства ў следча-аператыўнай групе здавалася нечым лёгкім для Дзмітрыя Жалевіча, калі ён толькі прыйшоў у следчы аддзел. У далейшым аказалася, што гэта не так. Асабліва калі прыхо-дзіцца выбываць на месцы здарэнняў ці злачынстваў позна вечарам альбо ноччу, у выхадныя дні. Іншым разам дарога даволі далёкая – на ўскраіну раёна. Паездка можа займаць каля гадзіны, у дадатак да гэтага некалькі гадзін траціцца на абследаванне месца злачынства, збор рэчавых доказаў. За суткі можа быць пяць, а то і больш выездаў следча-аператыўнай групы.

    Па словах Дзмітрыя Жалевіча, на службе больш адольвае псіхалагічная стомленасць, чым фізічная. Таму, вярнуўшыся дамоў, ён гадзіну-другую любіць адпачыць у пустым пакоі. Пасля гэтага можа некуды схадзіць з сябрамі, з’ездзіць у лазню, бо пастаяннае знаходжанне дома пры-гнечвае псіхалагічна.

    Дзмітрый Жалевіч не парывае сувязей з аднакурснікамі. Сустракаецца з імі, тэлефануе, падоўгу размаўляе, паколькі заўсёды ёсць аб чым пагутарыць. Не дзіўна, бо на працягу пяці гадоў вучобы ў міліцэйскай акадэміі ўчарашнія курсанты пражылі, можна сказаць, адной сям’ёй, сталі нібыта роднымі.

    Автор: Юрый ЯНУШКЕВІЧСветлы шлях
    Теги: 

Комментарии (0)