25 Апреля, 2024 Четверг

У сталічнай сям'і жывуць шэсць хатніх жывёл

  • 12 сентября 2016 Общество Беларуская 0

    Часам лаўлю сябе на думцы, што прыходжу ў магазін не столькі па рэчы, колькі па атмасферу. Нядаўна, напрыклад, у маім доме адкрылася новая заакрама, дзе заўжды ветлівыя і чулыя кансультанты даюць парады, ад якіх майму гадаванцу становіцца жыць крыху лепш. І аднойчы, абмяркоўваючы з прадаўцом, чаму кошка не есць карысны і далёка не танны корм, пачула: «Мае сабакі яго ядуць...» І на пытанне, колькі іх, атрымала яшчэ больш нечаканы адказ: «Два сабакі, а яшчэ кошка, трусік і два пацукі». Для Валерыі Шыёнак і яе мужа Дзмітрыя ўсе яны — сапраўдная сям'я. Калі ж мы адправіліся на шпацыр з сабакамі, то толькі і было чуваць: «Чаму не слухаешся тату? Не чапай маму!» А для Валерыі любоў да жывёл увогуле стала з цягам часу прафесіяй...

    В.: — Усё пачалося з хамякоў і галчаняці з падбітымі крыламі. У таты-рыбака пастаянна вугры плавалі ў ванне. Пасля, калі я вучылася ў першым класе, ён набыў сабаку са словамі: «Даглядаць яго не буду, самі займайцеся». А пасля гуляў з ім сам — і карміў, і даглядаў. У пятым класе я падабрала ката і прынесла яго дадому, дзе ён і застаўся. У дзявятым — з'явіўся пацук. Так і пайшло.

    — І гэтая любоў перайшла ў прафесію?

    В.: — Не зусім так. Бацькі хацелі, каб я паступала ў медыцынскі ўніверсітэт. Я — у ветэрынарную акадэмію. Але схадзіла на анатаміраванне няшчаснага сабакі на Дні адчыненых дзвярэй і зразумела, што ветэрынара з мяне не атрымаецца. У выніку стала біёлагам-аналітыкам, хоць па прафесіі так і не працавала. Але колькі сябе памятаю, любіла жывёл. І вось ужо тры гады я ў зоатаварах. Тут не патрэбна спецыяльная адукацыя: дастаткова стажыроўкі. Плюс час ад часу наведваем семінары. Але да нас пастаянна прыходзяць людзі, дзеляцца, раяцца, і мы імкнёмся даведацца больш, каб дапамагчы.

    — А як з'явілася сённяшняе «сямейства»?

    В.: — Пацукі былі заўжды, а калі мы сталі жыць разам з Дзімам, то вырашылі завесці сабаку. Вельмі хацелі лабрадора, але яны шмат каштуюць, таму праз інтэрнэт адшукалі меціса гэтай пароды бясплатна. Атрымалася што атрымалася (смяецца і чухае сабаку за вухам). Ката падабрала, калі працавала ў іншай заакраме. Ён моцна чхаў тады. Адвезлі ў мінскую ветлячэбніцу на Мініна, дзе яго прапанавалі ўсыпіць. Тады ўкалолі яму антыбіётык, праз некалькі дзён кот апрытомнеў, і я папрасіла ў Дзімы, каб ён пажыў у нас трошкі...

    Д.: — Гэта гучала як «Ён толькі пераначуе». І кот жыве з намі ўжо трэці год. Таксама ёсць трус. А пацукоў за гэты час было ўжо больш за дзесяць.

    В.: — На жаль, яны доўга не жывуць.

    Д.: — Я хачу тхара, а Лера — афрыканскага карлікавага вожыка.

    — Вы, напэўна ж, і сышліся на любові да жывёл?

    В.: — Насамрэч мне вельмі пашчасціла з мужам. Бо ўсе жывёлы — гэта мая ініцыятыва. Гэта я прыводжу, цягну іх дадому. А муж цярпліва прымае ўсіх і дапамагае даглядаць.

    — Часта людзей спыняюць розныя прычыны, каб не заводзіць жывёл: няма часу, вялікая адказнасць, мала месца...

    Д.: — Месца ў нас сапраўды няшмат.

    В.: — Калі пра ўсё гэта думаць, то не завядзеш нават хамяка. А калі любіш жывёл і лёс давярае табе клопат пра таго самага пацука (як прайсці міма?), то знаходзяцца і час, і месца, і сілы.

    — Ва ўсіх жывёл, мяркую, розныя характары. І ці ёсць яны ўвогуле?

    В.: — З усіх самы жвавы ў нас — трус Пячэнька. Ён можа любога паганяць, і ката перамагае, калі паб'юцца. Старэйшага сабаку мы называем «пацуковы пастух», бо ён абажае менавіта пацучкоў. А ўвогуле яны ў нас свабодныя. Дазваляем ім шмат, хаця, можа, і не варта. Сабакі і кошка спяць разам з намі на канапе ноччу, таму калі куплялі ложак, то шукалі самы вялікі.

    Д.: — Усе жывуць мірна, бо ведаюць, што дзецца няма куды. І досыць хутка прызвычайваюцца адно да аднаго. Але сабакі, напрыклад, вельмі раўнуюць. Калі пачынаю гладзіць малодшага, то адразу прыходзіць лашчыцца старэйшы.

    В.: — А яшчэ ў нас ёсць каманда «Будзі тату»! — калі сабакі заскокваюць на ложак і аблізваюць Дзіму з ног да галавы.

    — Увогуле, вы выхоўваеце іх, як дзяцей?

    Д.: — Так, не без гэтага. І ставімся мы да іх па-рознаму. Калі сабака нашкодзіць, то я магу і крыкнуць, і лёгкі пляскач даць. А Лера ў той жа час нават «фу» не скажа, а пачне тлумачыць, што «рулетку нельга грызці, бо яна дарагая». Гэта добрая нагода для канфлікту, але мы не паддаёмся. Дарэчы, часта людзі, калі з'яўляецца дзіця ў сям'і, у якой ужо ёсць жывёла, выкідаюць чатырохногіх на вуліцу. Навошта? Калі можна праз сацыяльныя сеткі размясціць аб'яву і аддаць у добрыя рукі.

    — Але гэтых аб'яў зараз зашмат.

    В.: — І ўсё ж такі яны працуюць. Мы калісьці адшукалі каробку з васьмю кацянятамі. І раздалі ўсіх! І праз інтэрнэт некалькі, і ў Ждановічах стаялі з надпісам «Аддадзім у добрыя рукі». Увогуле стаўленне да жывёл шмат што гаворыць пра чалавека.

    — Па вашых назіраннях, як звычайна да жывёл ставяцца беларусы?

    В.: — У большасці добра. Але ад астатніх жах бярэ… Бо догляд жывёл патрабуе сіл і грошай. Часта набываюць дарагіх ёркаў, а пасля кормяць іх самым танным кормам і лечаць самымі шкоднымі лекамі. Напрыклад, ЖЭСу прасцей замураваць падвал з катамі, чым дастаць іх адтуль і завесці ў прытулак, дзе іх, хутчэй за ўсё, усыпяць. Сапраўды, жывёлам у краіне не хапае абароненасці з боку дзяржавы. Тым не менш добрых, сумленных людзей больш, і гэта цешыць.

    — А каму пакідаеце жывёл, калі з'язджаеце ў адпачынак?

    В.: — Сябрам. Яны жывуць непадалёк ад нашай кватэры. Прыходзяць кормяць усіх, сабак выгульваюць. Калі яны з'язджаюць, тое ж самае робім мы для іх сабак і кошак. Але ў адпачынак больш чым на тыдзень не ездзім.

    Д.: — Насамрэч ёсць гасцініцы для жывёл. Але ўтрыманне ў іх абышлося б нам як яшчэ адзін адпачынак у Егіпце. На двух сабак і ката гэта каля 500 долараў.

    — Ці часта водзіце іх да ветэрынара?

    В.: — Па меры неабходнасці. Што можам, тое лечым самі, але не злоўжываем. Лепей лішні раз звадзіць да ветэрынара, чым нашкодзіць самалячэннем. Але і ўрача варта выбіраць з розумам. У дзяржаўнай клініцы можна сустрэць абыякавага доктара, які выпісвае самыя танныя, але шкодныя лекі. У прыватнай — параяць зрабіць дзясятак аналізаў, якія, магчыма, увогуле не патрэбны, але шмат каштуюць. Кажуць, што ў жанчыны павінны быць два «ўласныя» дактары: стаматолаг і гінеколаг. Як па мне — тры. Яшчэ і ветэрынар. (Смяецца.)

    — Калі ласка, можаце даць параду тым, хто выбірае чатырохногага сябра, асабліва для дзяцей?

    В.: — Галоўнае, каб дарослыя разумелі, што займацца жывёлінай будуць менавіта яны. Прыходзіць неяк да нас маці з трохгадовай дачкой. Маці запытвае: «Колькі жыве хамячок?» — «Паўтара-два гады». «Так доўга! Лепей бы яго хутчэй не стала». Вось пры такім адказе лепей нікога не набываць. Хоць калі гадаванец узяты свядома, то з яго дапамогай можна прывіць адказнасць дзіцяці: вучыць прыбіраць, карміць, даглядаць. Нельга забывацца, што, калі бярэш жывёлу, у цябе становіцца на адно дзіця больш...

    Автор: Вераніка ПуставітЗвязда

Комментарии (0)