27 Апреля, 2024 Суббота

Дзеці ‒ сапраўдны сямейны капітал Лагойкаў

  • 12 сентября 2016 Общество Беларуская 0

    Падтрымка дзяржавай шматдзетных сем’яў, або так званы сямейны капітал, уведзена ў Беларусі ўжо з 1 студзеня 2015 года. З той пары аформіць неабходныя дакументы і атрымаць назначэнне  змаглі 112 сем’яў Капыльшчыны, у якіх нарадзілася трэцяе або наступнае дзіця.

    У чэрвені гэтага года ўладальнікамі сямейнага капіталу сталі Мікалай і Марына Лагойка з аграгарадка Скабін. Ён — вадзіцель Капыльскай ЖКГ, яна — швачка РКБА. На выбары вырашылі пайсці ўсёй дружнай сям’ёй. Дарослыя ўпэўнены, што правільную грамадзянскую пазіцыю трэба выхоўваць з маленства.

    А пазнаёміліся нашы героі дзякуючы часопісу «Гаспадыня», куды накіраваў свой ліст цімкаўлянін Мікалай Лагойка, які на той час служыў у арміі. Ён шукаў сваю другую палавінку, з якой мог бы пабудаваць моцную шчаслівую сям’ю. І такая дзяўчына знайшлася: капылянка Марына Мецяж вучылася ў мясцовым прафесійна-тэхнічным ліцэі. Аб’яву Мікалая прачытала і вырашыла адказаць. На працягу амаль года яны дасылалі адзін аднаму лісты: ён — пра нялёгкую салдацкую службу, яна — пра такую ж няпростую вучобу. Сустрэліся красавіцкімі днямі 2002 года і ўжо 16 лістапада згулялі вяселле.

    Пасля заключэння шлюбу нейкі час жылі ў Мінску, дзе працаваў Мікалай. Марына скончыла курсы бухгалтараў. Аднак родная зямля ўсё ж паклікала да сябе: Лагойкі вярнуліся на Капыльшчыну. Набылі дом у Скабіне. Мікалай заўсёды марыў пра вялікую сям’ю. Першая дачушка Даша з’явілася ў чэрвені 2004-га, Надзейка — яшчэ праз чатыры гады. Галоўны бацькаў памочнік Жэня нарадзіўся ў 2010 годзе, а самая малодшая Таццянка — у студзені гэтага года.

    Гаспадар хутка зразумеў, што для вялікай сям’і патрэбна вялікая хата, таму на сямейным савеце вырашылі зрабіць яе рэканструкцыю. Дзеля гэтага дзяржава выдзеліла льготны крэдыт. Разам з жонкай узяліся за перабудову: удваіх залівалі фундамент, каробку будынка, цаглінку да цаглінкі, Мікалай выкладваў сам. Калі была неабходнасць, дапамагалі сваякі ці сябры. Дзякуючы такой зладжанай працы зараз замест драўлянай хаткі (усяго 52 «квадраты») узвышаецца дыхтоўны цагляны будынак, амаль удвая большы за стары. Усё ў сваім доме і каля яго Мікалай робіць сам: і падшывае сцены гіпсакартонам, і кладзе плітку ў ваннай, і многае іншае. Нават на двары замест куплёнай тратуарнай пліткі зрабіў і паклаў сваю. Прычым самых розных формаў. Такая работа вельмі падабаецца гаспадару. «Хто ж для мяне зробіць лепш, чым я сам», — упэўнены Мікалай.

    Не адстае ад мужа і Марына. Швачка па прафесіі, яна яшчэ і цудоўна вяжа абноўкі для дзетак: тут і рознакаляровыя сукеначкі, і шапачка для немаўляці, і ажурныя кофтачкі.

    Дзіцячым шматгалоссем поўніцца адбудаваная хата Лагойкаў. Жэня з захапленнем расказвае пра аўчарку Кіару, Надзея — пра гурток па спевах, на які яна запісалася, больш сур’ёзная Дар’я хваліцца дзявяткай па англійскай мове. Толькі румянашчокая меншая Таццянка імкнецца вырвацца з маміных рук: вельмі ж ёй хочацца на свабоду. Адным словам, сямейны дабрабыт, на якім трымаецца моц нашай краіны, будуем мы самі, менавіта так: сваёй працай, сваёй добрасумленнасцю.

    Фота аўтара

    Автор: Дзіяна ТКАЧЭНКАСлава працы
    Теги: 

Комментарии (0)